Дакумэнт меў надаць жыхарам памежных тэрыторыяў права перасякаць мяжу з спэцыяльным дазволам і знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі да 90 дзён цягам паўгоду.
Як паведаміў у парлямэнце намесьнік міністра замежных справаў Відмантас Вярбіцкас, Літва ратыфікавала пагадненьне 28 чэрвеня 2011 году, Беларусь была праінфармаваная аб завяршэньні ўнутраных працэдураў краіны дыпляматычнымі каналамі, але пагадненьне не набыло моцы, бо Беларусь яго не ратыфікавала.
«На думку Міністэрства замежных справаў, улічваючы, што гэтае пагадненьне не набыло моцы і з моманту яго заключэньня прайшло больш за 15 гадоў, яно ня мае актуальнасьці для абодвух бакоў, таму мэтазгодна яго дэнансаваць», — сказаў Відмантас Вярбіцкас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Літве заявілі, што спосабы абыходжаньня санкцый супраць Беларусі і Расеі «пастаянна ўдасканальваюцца»Чаму гэта важна
Краіны-суседзі Беларусі, якія ўвайшлі ў свой час у Шэнгенскую зону, былі зацікаўленыя захаваць культурныя, дзелавыя, сваяцкія сувязі зь беларусамі. Таму Эўразьвяз пачаў працаваць над заканадаўчым грунтам для пагадненьняў аб малым памежным руху, і ў канцы 2006 году быў прыняты спэцыяльны рэглямэнт у гэтым пытаньні. Малы памежны рух прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэньня мяжы для жыхароў на тэрыторыі 30–50 км ад мяжы.
Аналягічнае пагадненьне з Польшчай беларускі бок таксама не ратыфікаваў. У МЗС Беларусі патлумачылі, што гэтаму нібыта перашкаджае палітыка Літвы і Польшчы адносна уладаў Беларусі.
У выпадку з Латвіяй пагадненьне спачатку запрацавала, але Рыга яго скасавала ў 2022 годзе, пасьля таго, як Беларусь надала Расеі сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.