«Санкцыі часьцей за ўсё спрабуюць абыйсьці, прадаючы транспартныя сродкі, верагодныя тавары і тэхналёгіі падвойнага прызначэньня, падрабляючы дакумэнты і хаваючы рэальнае паходжаньне тавараў», — піша LRT са спасылкай на справаздачу Ўпраўленьня ў прадухіленьні адмываньня грошай (PPPV) FNTT.
Летась FNTT атрымала ад фінансавых устаноў 232 апавяшчэньні пра магчымыя выпадкі абыходу або ўхіленьня ад санкцый. Зь іх прааналізавалі 77, частку матэрыялаў перадалі іншым кампэтэнтным установам Літвы і Эўразьвязу.
Часьцей за ўсё штрафы давалі за экспарт санкцыянаваных транспартных сродкаў у Беларусь або Расею, імпарт розных тавараў у Эўразьвяз або іх экспарт зь яго, лягістычныя і складзкія паслугі, а таксама за прадастаўленьне эўра-банкнотаў беларускім юрыдычным асобам або іх выкарыстаньне ў гэтай краіне.
Адносна шэрагу спраў, разгледжаных у адміністрацыйным парадку, вынесьлі 27 пастаноў і прызначылі штрафаў на суму больш за 32 тыс. эўра (у 2024 годзе — 28 тыс. эўра). Часьцей за ўсё санкцыі прымянялі за выкарыстаньне паслуг банкаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі Эўразьвязу.
Кантрольныя органы Літвы заўважылі, што фірмы, якія ўдзельнічаюць у куплі-продажу і дастаўцы тавараў, сьвядома хаваюць краіну паходжаньня тавару. Такая практыка звычайна зьвязаная са спробай зьнізіць інтэнсіўнасьць кантролю: пазьбегчы мытных праверак, не прыцягваць увагі банку, які ажыцьцяўляе плацяжы, абысьці абмежаваньні на канкрэтныя тавары, да якіх прымяняюцца правілы па краіне паходжаньня.
Санкцыянаваныя аўтамабілі часта прадаюць праз трэція краіны, перавозяць марскімі кантэйнэрамі вакол Эўропы ці афармляюць як некамэрцыйныя перавозкі:
«Мэтады, якімі аўтамабілі дастаўляюцца ў Расею, пастаянна ўдасканальваюцца, адаптуючыся да зьменлівых абставін», — адзначылі ў Літве.
Санкцыі таксама спрабуюць абыходзіць пры продажы тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня. Гэтым часта займаюцца літоўскія кампаніі, якія маюць досьвед гандлю з Расеяй ці Беларусьсю, альбо пасрэдніцкія структуры ствараюцца ў краінах, якія не падтрымліваюць санкцыйную палітыку Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі ці ЗША. Кампаніі з гэтых краінаў шукаюць розныя спосабы набыцьця абсталяваньня.
Што гэта значыць?
Толькі адно: нягледзячы на ўвядзеньне новых пакетаў санкцый, чарговыя абмежаваньні, бізнэсоўцы пастаянна знаходзяць новыя спосабы дастаўкі санкцыйных тавараў у Беларусь і Расею. Беларусь яшчэ выступае й краінай транзыту для шэрагу тавараў, якія ідуць у Расею.
Літва не ўнікальная краіна, свае схемы абыходу санкцый ёсьць і ў іншых краінах. Напрыклад, у іншай краіне-суседцы, Польшчы, у красавіку выкрылі фірму, якая займалася падобнымі пастаўкамі, што парушалі заканадаўства Эўразьвязу.
Кампанія, якую ўзначальвалі грамадзяне Беларусі, у 2022–2023 гадах купляла дарагія і прэстыжныя машыны ў Заходняй Эўропе, каб потым прадаваць расейцам у абыход санкцый.
У дакумэнтах пазначаліся іншыя краіны прызначэньня, а маршрут дастаўкі ішоў цераз Польшчу, Літву і Беларусь. Гэтак у Расею трапілі больш за 100 аўтамабіляў коштам больш як 13,6 мільёна даляраў.
За незаконны абыход санкцый фірму аштрафавалі больш як на 5,5 мільёна даляраў у пераліку.
Форум