У СБУ ідэнтыфікавалі расейскіх генэралаў, адказных за ўдар па Жытоміршчыне, калі загінулі два кіроўцы зь Беларусі

Наступствы расейскага абстрэлу горада Корасьцень у ноч на 10 сакавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны завочна паведамілі аб падазрэньні двум расейскім генэралам, якія сплянавалі і загадалі нанесьці ўдар па горадзе Корасьцень Жытомірскай вобласьці ў ноч з 9 на 10 сакавіка 2022 году, калі загінулі два грамадзяніна Беларусі — кіроўцы фур.

Як паведамілі ў СБУ, гэта генэрал-палкоўнік Аляксандар Чайка (тады камандаваў войскамі ўсходняй вайсковай акругі Расеі) і генэрал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка — камандуючы авіяцыяй апэратыўнай групоўкі войск Расеі «Ўсход».

Паводле сьледзтва, паводле загаду генэралаў іхныя падначаленыя ўдарылі сама меней 12 фугаснымі і аскепкава-фугаснымі бомбамі, зробленымі на заводах расейскага навукова-вытворчага аб’яднаньня «Базальт». Для атакі ўкраінскага горада яны паднялі ў паветра два бамбавікі.

У выніку атакі па жылых кварталах і цывільнай інфраструктуры адзін мясцовы жыхар атрымаў цяжкія раненьні і два грамадзяніна Беларусі загінулі. Больш за паўсотні прыватных будынкаў атрымалі пашкоджаньні.

На падставе сабраных доказаў абодвух фігурантаў абвінавацілі паводле ч. 2 артыкулу 28 ч. 2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньні законаў і звычаяў вайны, зьвязаныя з наўмысным забойствам у папярэдняй змове групай асоб).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка схлусіў, што дваіх беларускіх дальнабойшчыкаў нібыта «забілі ўкраінцы». Кіроўцы загінулі ад расейскай атакі зь Беларусі

Што папярэднічала

Пры расейскім абстрэле Корасьценя Жытомірскай вобласьці загінулі два беларускія кіроўцы — раніцай 11 сакавіка памёр 38-гадовы Дзьмітры Шылец, а 10 сакавіка — 34-гадовы Іван Рогаў. Яны атрымалі моцныя апёкі і памерлі ў рэанімацыі. Мэр Корасьценя тады сказаў, што расейскія самалёты адправіліся на бамбаваньне Корасьценя акурат з тэрыторыі Беларусі.

Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларусаў «забілі ўкраінцы».

«Некалькі дзясяткаў людзей засталіся там, проста скажам, закладнікамі сытуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разьбяромся і зь імі», — заявіў Лукашэнка 31 траўня 2022 году.

Гэтая заява прагучала на цырымоніі ўзнагародджаньня супрацоўнікаў КДБ нібыта за апэрацыю па вывазе беларускіх грамадзян з украінскай тэрыторыі, ахопленай вайной.

Тагачасны надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім зьняпраўджваў датычнасьць КДБ Беларусі да вывазу беларускіх кіроўцаў грузавых аўтамабіляў з Украіны пасьля пачатку расейскага ўварваньня. Паводле яго, гэтым займаліся дыпляматы Ўкраіны, Беларусі і нават Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амбасадар Украіны паведаміў, як насамрэч праходзіў абмен кіроўцаў пасьля пачатку вайны, пра які расказвалі Лукашэнка і КДБ


  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.