Дакладчык ААН заявіў, што ў Беларусі больш палітычных зьняволеных на душу насельніцтва, чым у любой іншай краіне сьвету

Нілс Муйжніекс, архіўнае фота

Спэцыяльны спавяшчальнік ААН Нілс Муйжніекс выступіў 29 чэрвеня з дакладам аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за пэрыяд з 1 красавіка 2025 па 31 сакавіка 2026 году.

Слуханьні адбыліся на 62-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Нядаўняе вызваленьне палітычных зьняволеных у Беларусі стварае ілюзію паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, дзе рэпрэсіі застаюцца сыстэматычнымі, паведаміў агенцтву AFP спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб правах чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.

Пры падтрымцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа сотні палітычных зьняволеных былі вызваленыя «ў абмен на зьняцьце санкцыяў з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі».

Паводле Нілса Муйжніекса, у 2025 годзе былі вызваленыя больш за 150 чалавек, вызначаных як палітычныя зьняволеныя, а яшчэ 250 вызвалілі ў сакавіку 2026 году. Тым ня менш у Беларусі, «імаверна, палітычных зьняволеных на душу насельніцтва больш, чым у любой іншай краіне сьвету», — заявіў ён агенцтву AFP у Жэнэве, дзе ў панядзелак прэзэнтаваў свой новы даклад Радзе правоў чалавека ААН.

Паводле паведамленьняў няўрадавых арганізацый і органаў ААН, у Беларусі на гэты момант 852 палітычныя зьняволеныя, пра якіх вядома.

«Рэальная колькасьць амаль напэўна значна большая, бо заканадаўства дазваляе вельмі шырока ўжываць рэпрэсіі, — сказаў Муйжніекс. — Колькі яшчэ палітзьняволеных, мы ня ведаем».

Латвійскі палітоляг і дыплямат Муйжніекс заявіў, што ўлады Беларусі замятаюць сьляды актыўней, чым раней, у прыватнасьці, спыняючы публікацыю інфармацыі аб некаторых судовых працэсах і запалохваючы сем’і затрыманых. Ён сказаў, што рэпрэсіі цяпер накіраваныя на новыя групы, у прыватнасьці, на дзеячоў культуры, валянтэраў зь беларускага расьсьледніцкага праекту «Гаюн», які адсочваў перамяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі ў пачатку вайны Расеі супраць Украіны, выдаўцоў, рэлігійных актывістаў і ЛГБТК-пэрсонаў.

Улады прызнаюць усё больш групаў, СМІ і акаўнтаў у сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі», тым самым адкрываючы магчымасьць перасьледаваць кожнага, хто праглядае іх або распаўсюджвае іх зьмест.

Беларусь стала наватарам у рэпрэсіях

Муйжніекс заявіў, што Беларусь стала «вялікім наватарам і буйным лідэрам у транснацыянальных рэпрэсіях». Ён сказаў, што Менск адмаўляе ў консульскіх паслугах выгнаным грамадзянам, анулюе іх пашпарты, праводзіць суды над імі завочна, высылае паведамленьні Інтэрполу, канфіскуе іхную маёмасьць і цісьне на сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі. Экспэрт адзначыў, што людзі часта баяцца зьвяртацца да блізкіх, «баючыся рэпрэсіяў» супраць сваіх семʼяў.

«Я праводзіў маніторынг правоў чалавека ў 49 краінах і мушу сказаць, што ніколі не сустракаў краіны, дзе мы атрымліваем такія сыстэматычныя паведамленьні пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі», — сказаў ён.

Спэцыяльны спавяшчальнік заявіў, што поўны брак перасьледу вінаватых у катаваньнях сьведчыць, што такая практыка прымальная для ўладаў ці нават заахвочваецца імі. «Усе думаюць, што гэта палітыка ўраду», — падкрэсьліў Муйжніекс.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску праігнаравалі даклад

Афіцыйная прадстаўніца Беларусі мела магчымасьць адказаць на даклад, але яе не было на гэтым паседжаньні 62-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Былая палітзьняволеная Кацярына Андрэева ўдзельнічала ў слуханьнях у Жэнэве

На слуханьнях была журналістка Кацярына Андрэева, якую арыштавалі ў 2020 годзе пасьля асьвятленьня пратэстаў у Менску. Яна правяла пяць гадоў у турме, была вызваленая ў сакавіку сёлета.

«Мяне гвалтоўна дэпартавалі зь Беларусі бяз пашпарту і якіх-небудзь дакумэнтаў», — сказала яна AFP.

Зараз, жывучы ў выгнаньні ў Польшчы, яна змагаецца за вызваленьне свайго мужа Ігара Ільяша, таксама журналіста, які быў зьняволены два гады таму. Андрэева сказала, што, на яе думку, улады Беларусі наўмысна трымаюць Ільяша ў турме, каб захоўваць магчымасьць ціснуць на яе.

«Я ўсё яшчэ спрабую аднавіць сваё жыцьцё, але адчуваю сябе вельмі самотнай, бо мая сямʼя застаецца ў Беларусі, а мой муж знаходзіцца ў жудасных умовах», — сказала яна.

Даклад пра новае ў рэпрэсіях у Беларусі

«Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі па-за межы перасьледу палітычных актывістаў і цяпер уключаюць у сябе сыстэматычную перабудову культурнай прасторы, сыстэмы адукацыі, выкарыстаньня мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасьць, а таксама моўная прыналежнасьць усё часьцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазыцыі», — адзначаецца ў апублікаваным дакладзе.

Паводле дакладу, дзяржаўная палітыка прывяла да таго, што адна з дзьвюх дзяржаўных моваў — беларуская — апынулася ў становішчы маргіналізаванай, а яе захаваньне, выкарыстаньне і папулярызацыя цярпяць ад палітызацыі.

Спэцыяльны спавяшчальнік выказаў глыбокую заклапочанасьць тым, што ўлады праводзяць палітыку сыстэматычных рэпрэсіяў супраць дзеячоў культуры і прызнаюць незалежныя культурныя ініцыятывы «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У дакумэнце адзначаецца, што перасьлед грамадзян за выкарыстаньне гістарычных нацыянальных сымбаляў, такіх, як бел-чырвона-белы сьцяг або герб «Пагоня», а таксама спробы перафарматаваньня гістарычнай памяці ёсьць часткаю шырэйшай палітыкі, накіраванай на кантроль за праявамі культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці.

У дакумэнце згадваюцца затрыманьні журналістаў незалежных СМІ, перасьлед прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, у прыватнасьці, польскай і літоўскай, узмацненьне ціску на рэлігійныя грамады на падставе заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, абмежаваньні іх рэгістрацыі, а таксама пагрозы закрыцьця.

Што рэкамэндуцецца

Спэцыяльны спавяшчальнік ААН рэкамэндуе ўраду Беларусі адмовіцца ад гэтай практыкі і спыніць неправамернае выкарыстаньне заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму для абмежаваньня свабоды рэлігіі ці перакананьняў, а таксама правоў на ўдзел у культурным жыцьці і на свабоду выказваньня думак:

  • выканаць міжнародныя стандарты ў галіне акадэмічнай свабоды,
  • гарантаваць абарону на ўдзел у грамадзкім жыцьці і адукацыі на беларускай мове без дыскрымінацыі,
  • стварыць умовы для бясьпечнага культурнага і навуковага абмену і спыніць практыку, якая абмяжоўвае мабільнасьць і культурную дзейнасьць па-над межамі,
  • забясьпечыць доступ да кніг і гістарычных матэрыялаў, у тым ліку на беларускай мове,
  • гарантаваць культурныя і рэлігійныя правы зьняволеных, у тым ліку на выкарыстаньне беларускай мовы і іншыя.

Што папярэднічала

Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада правоў чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўціску правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.

Склад групы вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктарка Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыстка-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).

Сярод экспэртаў ААН дакумэнт падпісалі таксама спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, спэцыяльны спавяшчальнік аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар і іншыя.

Рэакцыя Менску

Улады Беларусі не прызнаюць мандат Нілса Муйжніекса і іншых спавяшальнікаў ААН, не запрашаюць іх у краіну, не адказваюць на іхныя запыты.

Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН раней выступіла з крытыкай дзейнасьці і рашэньняў Рады правоў чалавека ААН і назвала яе «рэпрэсіўным органам».

Дыпляматы МЗС Беларусі назвалі рэкамэндацыі Рады ААН «цкаваньнем дзяржаваў паводле палітычнай прыкметы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мандаты групы незалежных экспэртаў і спэцыяльнага дакладчыка ААН у правах чалавека па Беларусі працягнулі на год