Як паведаміў McCain Institute, які існуе пры ўнівэрсытэце штату Арызона (ЗША), Марыя Калесьнікава зьяўляецца стыпэндыяткай Кісынджэра гэтага інстытуту на 2026-2027 гады.
«Прафэсіянальная флейтыстка, Калесьнікава стала вядомая ў Беларусі падчас выбараў 2020 года. Была ў камандзе Віктара Бабарыкі, потым далучылася да каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Яе скралі ў верасьні 2020 году, супраціўляючыся дэпартацыі, яна парвала беларускі пашпарт. Атрымала 11 гадоў калёніі», — паведамляе пра яе Інстытут Маккейна.
Як стыпэндыятка Кісынджэра, Калесьнікава будзе працаваць над тым, каб павялічыць значнасьць Беларусі ў эўрапейскай і амэрыканскай палітыцы, паведамляе Інстытут Маккейна.
«Марыя Калесьнікава спалучае стратэгічную кемлівасьць Генры Кісынджэра з мужнасьцю Джона Маккейна перад абліччам нягод і яго імкненьне служыць іншым больш, чым сабе», — сказала выканаўчы дырэктар Інстытуту Маккейна доктар Эвелін Фаркас.
«Яе аптымізм і лідэрскія якасьці ў стратэгічным узаемадзеяньні, нягледзячы на пакуты ад рук рэжыму Лукашэнкі, натхняюць. Для нас гонар падтрымаць яе своечасовую працу па гэтым крытычна важным пытаньні».
Хто такая Марыя Калесьнікава
- Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году. Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася.
- Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідараў гэтага руху. У верасьні 2020 года яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт з сям’ёй і сур’ёзныя праблемы са здароўем.
- 23 сьнежня пасьля больш чым 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена, разам з іншымі палітычнымі зьняволенымі, і вывезена з Беларусі.
Што вядома пра ініцыятыву «Свабоду палітвязьням» імя Джона Маккейна
У 2025 годзе Інстытут Маккейна пры Дзяржаўным унівэрсытэце Арызоны атрымаў грант у памеры 500 000 даляраў ад Карпарацыі Карнегі Нью-Ёрку (Carnegie Corporation of New York), «каб узмацніць сваю глябальную працу ў абарону палітычных зьняволеных і закладнікаў.
Грант служыць пачатковым фінансаваньнем для Ініцыятывы «Свабоду палітвязьням» імя Джона Маккейна — праграмы, «натхнёнай досьведам сэнатара як ваеннапалоннага і яго шматгадовай абаронай правоў чалавека».
Паводле Дзярждэпартамента ЗША, у 2024 годзе каля 1 мільёна чалавек утрымліваліся незаконна аўтарытарнымі рэжымамі па ўсім сьвеце, у тым ліку дзясяткі грамадзян ЗША. Мэтай Ініцыятывы «Свабоду палітвязьням» імя Джона Маккейна зьяўляецца барацьба з гэтым глябальным крызісам праз настойлівую, высокаўзроўневую адвакатыю і міжнароднае супрацоўніцтва. Яе місія — прыцягваць увагу да несправядлівых зьняволеньняў і садзейнічаць вызваленьню палітвязьняў ва ўсім сьвеце, працягваючы спадчыну Джона Маккейна як былога ваеннапалоннага і абаронцы правоў чалавека.
Паведамляецца, што ў свой першы год ініцыятыва засяродзілася на некалькіх гучных выпадках, у тым ліку журналісткі з Грузіі Мзіі Амаглабелі, вэнэсуэльскага апазыцыянэра Хесуса Армаса, беларускай флейтысткі і актывісткі Марыі Калесьнікавай, а таксама закладнікаў з ліку ізраільска-амэрыканцаў у Газе.
Хто такі Джон Маккейн
- Джон Маккейн — амэрыканскі палітык, прыхільнік дэмакратычнай Беларусі. Маккейн быў сэнатарам ад штату Арызона, кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША і ня раз выказваўся ў падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі.
- Як сэнатар ён неаднаразова кідаў выклік прэзыдэнтам, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці, калі лічыў іх палітыку неадпаведнай. Шматгадовы старшыня сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў, Маккейн лічыўся экспэртам у пытаньнях абароны і зьнешняй палітыкі.
- Ваяваў у Віетнаме, перажыў амаль шэсьць гадоў палону і катаваньняў у сумнавядомай турме Hanoi Hilton. Памёр 25 жніўня 2018 году. Яму быў 81 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут Маккейна, які займаўся справай Калесьнікавай, атрымаў вялікі грант для падтрымкі палітвязьняўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Калесьнікава: «Адзіны, хто радуецца санкцыям адносна Беларусі, — гэта Пуцін»Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году.
Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідэраў гэтага руху.
У верасьні 2020 году яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт зь сям’ёй і сур’ёзныя праблемы з здароўем.
13 сьнежня 2025 году пасьля больш як 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі і вывезена з Беларусі ва Ўкраіну. З 19 сьнежня жыве ў Нямеччыне.