Днямі ў Варшаве, Кракаве, Быдгашчы, Закапанэ і Ўроцлаве затрымалі двух грамадзян Беларусі і дзевяцярых — Украіны, каб неадкладна выслаць іх з Польшчы.
Яны зь мінулай восені вэрбавалі за атрыманыя з Расеі грошы людзей для ўдзелу ў дэманстрацыях, арганізаваных між украінскіх уцекачоў у Польшчы. Гэтак Расея імкнулася займець уплыў на ўкраінскіх уцекачоў, каб выкарыстоўваць іх для папулярызацыі палітычных лёзунгаў, сьцьвярджае Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
Каб распаліць пратэсты, выкарыстоўваліся эмацыйныя нагоды, зьвязаныя з карупцыйнымі скандаламі і іншымі надзённымі праблемамі ўкраінскай палітыкі.
«Гэта прыклад дзеяньняў, ніжэйшых за парог клясычнай агрэсіі, мэта якіх — падарваць грамадзкі давер, распальваць напружанасьць і выкарыстоўваць людзей, што ўцякаюць ад вайны, як інструмэнт расейскай апэрацыі ўплыву», — гаворыцца ў паведамленьні польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве заявілі, што Расея цяпер вэрбуе людзей для дывэрсіяў супраць Украіны ў БеларусіШто папярэднічала
Летась 30 кастрычніка каля ўкраінскага пасольства ў Варшаве прайшоў антываенны мітынг з удзелам 50-100 чалавек. Паводле Kyiv Post, удзельнікам з фэйкавага акаўнта ў сацсетках абяцалі $40 за ўдзел.
Сёлета 25 красавіка каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Ўроцлава на дэманстрацыю супраць карупцыі ва Ўкраіне. Паводле InPoland.net.pl, пратэстоўцаў падвозілі на аўтобусах і абяцалі 100-150 даляраў за ўдзел.
Паводле Bihus.Info, часам тыя самыя людзі былі на розных мітынгах у розных гарадах.
У расейскіх СМІ і сацсетках пасьля той акцыі зьявіліся сьцьвярджэньні, што «эўрапейскія мэдыя адмовіліся асьвятляць пратэсты супраць Зяленскага ў Польшчы» або што «тры тысячы ўкраінскіх уцекачоў выйшлі на пратэст супраць Зяленскага, але эўрапейскія мэдыя прамаўчалі», пісала Ўкраінская служба Радыё Свабода.