Дасьледаваньне BIPART, прысьвечанае аднаму з самых закрытых органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі, грунтуецца як на інфармацыі з адкрытых крыніц, так і на шэрагу ананімных інтэрвію зь людзьмі, якія ў розны час мелі дачыненьне да дзяржаўнага апарату Беларусі. Поўны тэкст дасьледаваньня ўжо дасяжны на сайце BIPART. Яго аўтар на ўмовах анаімнасьці расказаў Свабодзе, што вядома зараз аб працы адміністрацыі і пра асобных яе супрацоўнікаў, якія фактычна кіруюць Беларусьсю.
«Вельмі шмат гаворыцца пра Лукашэнку, але мы ведаем ня так шмат пра структуры, якія працуюць побач зь ім, — кажа аўтар дасьледаваньня Аляксей (імя суразмоўцы зьмененае на яго просьбу дзеля бясьпекі. — РС). — Адміністрацыя прэзыдэнта ў гэтым сэнсе, відаць, адна з самых цікавых структураў. Бо яна ператварае палітычныя ўстаноўкі ў канкрэтныя рашэньні. І яшчэ гэта закрытая структура. У адкрытых крыніцах пра яе ня вельмі шмат інфармацыі ў прынцыпе. Таму было цікава расказаць пра яе шырокай аўдыторыі — каб лепш разумела, якім чынам арганізаваная ўлада вакол Лукашэнкі».
Тое, на што ня здольныя сілавікі
Пачаткі існаваньня адміністрацыі прэзыдэнта ў Беларусі сягаюць часу, калі сваю пасаду заняў Лукашэнка. Раней ні Канстытуцыя, ні іншыя дзяржаўныя дакумэнты не прадугледжвалі яе існаваньня. У Беларусі проста не было прэзыдэнта, таму не было і яго адміністрацыі. Больш за тое, кіроўная роля гэтага органу ў Канстытуцыі Беларусі дагэтуль не прапісаная дэталёва. Усе найважнейшыя паўнамоцтвы, якія мае адміністрацыя, усе гады яе існаваньня рэглямэнтуюцца ўказамі самога Лукашэнкі і больш нічым.
Чыноўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі працуюць у будынку на вуліцы Крала Маркса ў Менску. Пасьля пераезду Лукашэнкі ў Палац Незалежнасьці туды разам зь ім перабралася толькі невялікая іх частка.
«Гэта дазваляе Лукашэнку ўказамі мяняць структуру адміністрацыі, яе функцыі, узмацняць яе, калі гэта трэба яму і там, дзе трэба яму, — расказвае аўтар дасьледаваньня. — Узмацненьне — важны момант. Гэта адбываецца ў залежнасьці ад актуальных палітычных задач самога Лукашэнкі. І такая мадэль захоўвае простую залежнасьць адміністрацыі беспасярэдне ад Лукашэнкі».
Цытата з дасьледаваньня BIPART, успаміны былога дзяржаўнага службоўца: «Калі ў нейкае міністэрства прыходзіла інфармацыя аб розных пазыцыях ураду і адміністрацыі, то імкнуліся ўлічыць тую, якую займае адміністрацыя. Гэта ня значыць, што яна заўсёды перамагае ў любых пытаньнях і спрэчках, але зь яе думкаю прынята лічыцца».
Навошта адміністрацыя, калі ў Лукашэнкі ёсьць таксама наўпрост яму падпарадкаваныя спэцслужбы — КДБ, ААЦ, КДК? З дасьледаваньня BIPART вынікае, што адміністрацыя займаецца тым, чым сілавікі ня могуць у сілу спэцыфікі сваёй працы, а таксама праз брак неабходных кампетэнцыяў. Нягледзячы на ўвесь рэпрэсіўны характар беларускай палітычнай сыстэмы, яна таксама патрабуе кваліфікаваных рашэньняў у галіне дзяржаўнага кіраваньня. І тут адміністрацыя мае фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы.
«Гэтая структура знаходзіцца над усімі, — працягвае Аляксей. — Фактычна яе кантралюе выключна Лукашэнка. Уласна кажучы, для гэтага яна стваралася і для гэтага існуе. Адміністрацыя знаходзіцца над усімі органамі ўлады. Гэта бачна нават зь яе структуры. Кіраўнікі адміністрацыі маюць магчымасьць кантраляваць усё — урад, міністэрствы, парлямэнт. Ёсьць адзін важны момант. Пасьля 2020 году сілавыя структуры ўзмацнілі кантроль за ляяльнасьцю супрацоўнікаў адміністрацыі. Як і ўсіх іншых людзей у дзяржаўным апараце».
Кіраўнікі Генэральнай пракуратуры Дзьмітры Гара (сядзіць у сінім) і Сьледчага камітэта Канстанцін Бычак (у зялёным) падчас свайго прызначэньня на сустрэчы з Лукашэнкам і Крутым
Аўтар дасьледаваньня Аляксей зьвяртае ўвагу таксама на тое, што адміністрацыя прэзыдэнта ў Беларусі ўсё ж цывільны орган улады. Яна не кантралюе беларускіх сілавікоў, якія ў дзяржаўнай сыстэме маюць асаблівую вагу. Пасьля 2020 году, калі з адміністрацыі быў звольнены куратар спэцслужбаў Віктар Лукашэнка, гэта толькі ўзмацнілася. Ува ўсіх іншых сфэрах жыцьця Беларусі АП — гэта нумар адзін.
«За прааналізаваны намі час не было ў публічнай прасторы прыкметаў адкрытых канфліктаў паміж сілавымі структурамі і адміністрацыяй, — дадае Аляксей. — Нейкіх крымінальных справаў у дачыненьні дзейных супрацоўнікаў АП. Але гэта ня значыць, што ніякага кантролю з боку сілавікоў зусім няма. Праслухоўваньне, сачэньне ўсё адно вядзецца. Лукашэнка кіруе такім чынам. Яму добра мець кампрамат на ўсіх. Зь іншага боку, у адміністрацыю трапляюць людзі, разгледжаныя з усіх бакоў. Да іх не падкапаесься і яны самі разумеюць, што над імі вельмі сур’ёзны кантроль».
114 чалавек
Як ужо гаварылася вышэй, адміністрацыя прэзыдэнта ў Беларусі — орган афіцыйна не засакрэчаны, як той жа КДБ, да прыкладу, але інфармацыі пра яго ў адкрытых крыніцах усё адно вельмі няшмат. Гэта толькі ўзмацнілася пасьля падзеяў 2020-га. Нават пра колькасьць супрацоўнікаў самага ўплывовага дзяржаўнага органу Беларусі мы ведаем толькі з словаў кіраўніка АП Дзьмітрыя Крутога, які нечакана расказаў пра гэта ў адным з публічных выступаў.
«Пасьля 2020 году зьвесткі пра структуру АП і колькасьць яе супрацоўнікаў набылі грыф „Для службовага карыстаньня“, — расказвае аўтар дасьледаваньня Аляксей. — Мы грунтаваліся на той інфармацыі, якую атрымалі ад сваіх непублічных крыніц. Таксама выкарыстоўвалі тое, што можна знайсьці ў паведамленьнях дзяржаўных структураў і СМІ. Праз гэта можна ўбачыць, якія структурныя падразьдзяленьні ўвогуле існуюць у АП. Мы ведаем пра 114 чалавек, якія зараз працуюць у адміністрацыі. Гэта непублічная інфармацыя, але яе раскрыў сам Круты, калі ў чэрвені 2025 году Лукашэнка там праводзіў нараду».
Лукашэнка слухае даклад Дзьмітрыя Крутога
Хто гэтыя 114 чалавек? Як яны трапляюць у галоўны адміністрацыйны орган? З словаў Аляксея, нават на шараговых пазыцыях у адміністрацыі прэзыдэнта не працуюць выпадковыя людзі. Часта ў адміністрацыю запрашаюць тых, хто падчас працы ў дзяржаўных структурах паказаў сябе ня толькі як лаяльны да ўлады, але і як прафэсіянал, добры кіраўнік. Праз нейкі праведзены ў АП час такі дзяржаўны мэнэджар можа зноў трапіць у міністэрства, але ўжо на значна вышэйшую пазыцыю.
«Зараз ва ўрадзе працуюць сем чалавек, якія ў свой час прайшлі праз адміністрацыю, — працягвае Аляксей. — Па-рознаму прайшлі, але тым ня менш. Снапкоў, Пяткевіч, міністар юстыцыі Яўген Каваленка. Яго нядаўна прызначылі, раней ён кіраваў галоўным юрыдычным упраўленьнем АП, а туды прыйшоў у сваю чаргу зь Міністэрства юстыцыі. Міністар замежных справаў, міністар культуры дзейны — усе яны прайшлі праз адміністрацыю».
Цытата з дасьледаваньня BIPART: «Паводле прафесійнага паходжаньня кіраўнікоў АП можна падзяліць на некалькі групаў. Чацьвёра з адзінаццаці былі выхадцамі зь сілавых структураў: Латыпаў, Шэйман, Нявыглас і Сергяенка. Трое мелі досьвед працы ў профільных эканамічных ведамствах: Мясніковіч, Кабякоў і Круты. Астатнія прадстаўлялі іншыя сфэры: Сініцын выйшаў з інжынэрна-будаўнічай галіны, Макей — з дыпляматыі, Косінец — з мэдычнай, Качанава — з жыльлёва-камунальнай галіны».
Пры гэтым, з словаў дасьледніка, асобаў на ключавыя пазыцыі ў АП падбірае асабіста Лукашэнка. Аляксей расказвае, што пасьля вызваленьня пасады ў адміністрацыі Лукашэнка атрымлівае як мінімум тры так званыя «аб’ектыўкі» — кароткія характарыстыкі прапанаваных на пасаду асобаў зь пералікам іхных перавагаў і апісаньнем досьведу. Гэтыя дакумэнты яму рыхтуюць у самой АП. У дадатак ён часта раіцца зь людзьмі, якіх вызначае сам. І яму могуць параіць кагосьці, хто не ўваходзіць у сьпіс вызначанай у самой АП тройкі. Раней асобай, да якой Лукашэнка прыслухоўваўся ў кадравых пытаньнях, часта была Натальля Качанава, расказвае Аляксей.
Натальля Качанава доўгі час працавала ў адміністарцыі Лукашэнкі. Не страціла яна свайго ўплыву і пасьля сыходу адтуль
«Лукашэнка разглядае ўсе гэтыя прапановы, — працягвае дасьледнік. — І калі яму ўвогуле ніхто не спадабаецца, то ён усіх адхіляе. Загадвае шукаць іншых. Можа сам пазваніць адказным за гэта і штосьці прагаварыць, што лічыць важным. Адбор супрацоўнікаў у адміністрацыю значна больш жорсткі, чым у нейкі іншы дзяржаўны орган. Міністэрства, напрыклад. З адной простай прычыны — гэта значна мацнейшы орган. Ён пры самым Лукашэнку. Пры ўсіх нюансах там патрэбныя прафэсіяналы сваёй справы. І яны такімі засталіся і пасьля 2020 году. Гэта сыстэмныя бюракраты, якія добра разумеюць правілы гульні ва ўладзе».
Што вядома аб прэфэрэнцыях, якія атрымлвіаюць супрацоўнікі адміністрацыі? Афіцыйна — нічога. Памер іхных заробкаў схаваны, няма інфармацыі пра сацыяльны пакет, які яны атрымліваюць. Дзе жывуць, якое мэдычнае абслугоўваньне маюць. Паводле аўтара дасьледаваньня, зь неафіцыйных крыніц вядома пра вышэйшы ўзровень даходаў супрацоўнікаў АП у параўнаньні зь іншымі адказнымі чыноўнікамі. Аднак у адміністрацыю ідуць не па заробак. Гэта ў першую чаргу добры шанец зрабіць кар’еру ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня.
Галоўныя асобы «ценевага ўраду»
Паводле дасьледаваньня, пасьля жніўня 2020 году адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі зьведала шэраг трансфармацыяў. Найперш гэта праявілася ў тым, што частка памочнікаў Лукашэнкі атрымала магчымасьць зьвяртацца ў сілавыя структуры для ажыцьцяўленьня ягоных рашэньняў. Яшчэ больш функцыяў атрымалі памочнікі Лукашэнкі ў рэгіёнах.
«Трэці момант закрануў кадры, — дадае аўтар дасьледаваньня. — Сілавікі пачалі больш пільна адсочваць кандыдатаў на працу ў АП. Ідэалягічны кірунак працы вельмі ўзмацніўся. АП пачала прасоўваць ідэалёгію ў прыватны сэктар. І яшчэ адзін момант — інстытуцыянальны. Усебеларускі народны сход атрымаў статус найвышэйшага прадстаўнічага органу ўлады. Пры гэтым УНС падпарадкаваны не наўпрост Лукашэнку, а праз адміністрацыю. То бок нават УНС падпарадкоўваецца АП».
Хто хаваецца за абрэвіятурай АП, хто насамрэч галоўны ў самай уплывовай структуры, ці могуць гэтыя людзі ўплываць на Лукашэнку?
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант падчас рэпэтыцыі параду да 9 траўня. 2020 год
«Уплыў на Лукашэнку — гэта заўсёды такая нацягнутая рэч, усе рашэньні ён у выніку заўсёды прымае сам, — кажа аўтар дасьледаваньня. — Але той, хто мае доступ да яго, можа выказваць сваю думку ў тым ці іншым пытаньні. А гэта, вядома, непасрэдна сам кіраўнік адміністрацыі Дзьмітры Круты. Круты — гэта чыноўнік, які можа нават дазволіць сабе ўсьмешку, часам пажартаваць можа, што ў сыстэме беларускай улады сустракаецца рэдка. Круты адчувае, што можа гэта рабіць. Гэта таксама прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант і гэта яшчэ адзін невідавочны чалавек — памочнік у агульных пытаньнях Мікалай Латышонак. Гэта ўвогуле ўнікальны выпадак. Ён побач з Лукашэнкам з 1995 году, узначальваў некалі яго Службу бясьпекі. Латышонак побач з Лукашэнкам нават часьцей, чым Круты і Эйсмант».
Цытата з дасьледаваньня BIPART, успаміны былога дзяржаўнага службоўца аб падыходах да прызначэньня кіраўніка АП: «Ён (Лукашэнка. — РС) вылучае больш моцнага чалавека, якога ён бачыць у дадзены момант часу. Гэта павінен быць унівэрсальны чалавек. Як паказвае практыка, гэта можа быць і эканаміст, і міжнароднік, і сілавік, і проста кіраўнік зь любой сферы. Таму што адміністрацыя знаходзіцца на вастрыі ўсяго. Ён павінен быць чалавекам высокай працаздольнасьці і арганізаванасьці. Палітыкам, які ўмее разыгрываць складаныя шахматныя камбінацыі ў супрацьстаяньні з кіраўнікамі іншых органаў і іх перайграваць».
З словаў Аляксея, праз Крутога праходзяць зараз усе найважнейшыя дакумэнты, якія падпісвае Лукашэнка. Гэты чалавек удзельнічае ў прыняцьці важных рашэньняў. Натальля Эйсмант, якая працуе побач з Лукашэнкам з 2014 году, даказала Лукашэнку, што можа «ачалавечыць» яго вобраз. Яна стварыла рэсурс «Пул Первого» і фактычна перастала адмаўляць існаваньне дыктатуры ў Беларусі, ператварыўшы яе ў брэнд. У выніку Эйсмант можа дазволіць сабе больш-менш вольна выказвацца і робіць ключавыя камэнтары, загадзя ўзгадніўшы іх з Лукашэнкам.
Мікалай Латышонак (на фота зьлева, з падарункавымі пакетамі ў руках) падчас наведваньня Лукашэнкам Гарадзкога цэнтру дзіцячай рэабілітацыі «Пралеска» 30 сьнежня 2013 году.
«Мікалай Латышонак з Лукашэнкам кожны дзень, — гаворыць дасьледнік. — Ён даносіць да Лукашэнкі апэратыўную інфармацыю. Латышонак можа мець уласную думку. Ён быў адзіным з высокіх чыноўнікаў, хто ў жніўні 2020 году выходзіў да пратэстоўцаў. Я думаю, ня будзе перабольшваньнем сказаць, што часьцей за Латышонка Лукашэнка не камунікуе ні з кім. Нават з сваімі сынамі, іх ён бачыць радзей, чым свайго памочніка ў агульных пытаньнях».
Хто яшчэ? Гэта найперш намесьнікі Дзьмітрыя Крутога. З словаў суразмоўцы, усе яны даволі незвычайныя людзі.
Першы намесьнік Крутога Уладзімер Пярцоў адказвае за ідэалёгію. На пасадзе з траўня 2025 году, з 2021 па 2024 гады быў міністрам інфармацыі. Яго функцыя — перадаваць асноўныя ідэалягічныя пасылы, якія ідуць ад Лукашэнкі.
Уладзімер Пярцоў
Намесьніца кіраўніка АП Вольга Чупрыс — юрыдычны кірунак. На пасадзе з 2019 году. «Яна прафэсіянал, экспэрт у праве, — кажа суразмоўца Свабоды. — Усе законы, якія прымаліся ў Беларусі пасьля 2020 году, прайшлі празь яе. Хоць калі Вольгу прызначалі, былі надзеі на яе лібэральныя погляды. Але пасьля 2020-га яна зьмянілася. Закон пра СМІ, „пашпартны“ закон, які прымалі для эміграцыі. Рэформа Канстытуцыі. Усё гэта Чупрыс».
Вольга Чупрыс
Намесьнік кіраўніка АП у эканамічных пытаньнях Дзьмітры Матусевіч — прызначаны ў сакавіку 2025-га. «Да прызначэньня ў адміністрацыю Матусевіч пяць гадоў узначальваў Дзяржаўны камітэт маёмасьці і там укараніў цэлы шэраг цікавых рэчаў, лібэральных нават, — кажа суразмоўца Свабоды. — Ён змог іх правесьці. Гэта вельмі цікавы чалавек».
Дзьмітры Матусевіч (у цэнтры) падчас працы ў Дзяржкамітэце па маёмасьці
Цытата з дасьледаваньня BIPART, успаміны былога дзяржаўнага службоўца: «Уся дзяржаўная ідэалёгія будуецца вакол фармаваньня правільнага вобразу Лукашэнкі. Важную ролю пры гэтым адыгрывае таксама якасьць інфармацыі, якая паступае Лукашэнку і якую фактычна кантралюе і фільтруе Эйсмант. Лукашэнка давярае ёй і іншыя важныя функцыі. Напрыклад, інтэрпрэтацыю і фармаваньне наратываў аб тым, як падаваць дамоўленасьці ў выніку замежных візытаў. Характэрна, што падчас саміх візытаў Лукашэнка патрабаваў, каб Эйсмант была за сталом перамоваў… Складана ўявіць сытуацыю, пры якой яе думка або тэзісы, калі яна знаходзіцца штодня побач з Лукашэнкам, можа хто-небудзь аспрэчваць, уключаючы міністра інфармацыі ці іншых».
Чаму Дзьмітры Круты можа дазволіць сабе пажартаваць, калі нават міністры ў Беларусі звычайна не ўсьміхаюцца? Ці магчымыя праявы чалавечнасьці, эмоцыяў, асабістых поглядаў на жыцьцё ў краіне ў супрацоўнікаў і кіраўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі? З словаў аўтара дасьледаваньня, гэта ўсё можа існаваць, але вельмі глыбока прыхаванае. Настолькі глыбока, што ўвогуле не бярэцца пад увагу самімі ж топ-чыноўнікамі.
Кіраўнік Генпракуратуры Гара і Сьледчага камітэту Бычэк на нарадзе ў Лукашэнкі і Крутога
«Тое, што Круты можа дазволіць сабе пажартаваць, сьведчыць пра яго самаадчуваньне ў гэтай ерархічнай сыстэме, — кажа Аляксей. — Усе іншыя сядзяць з сур’ёзнымі тварамі на нарадах. І стараюцца, каб іх увогуле не заўважылі. Круты мае магчымасьць усьміхнуцца. Але сказаць, што гэта за людзі, складана. Гэта заўсёды нацяжка будзе. Гэтыя чыноўнікі робяць тое, што ім скажуць. Да ўсіх лібэральных ідэяў у дзяржаўным апараце зараз ставяцца насьцярожана. Таму калі нехта мае погляды, якія адыходзяць ад генэральнай лініі, ён лепш пакіне іх пры сабе. Ня будзе іх агучваць ні публічна, ні нават у сямейным коле. Усе выдатна разумеюць, што за імі сочаць. І калі нешта будзе сказана, пра гэта даведаецца Лукашэнка».
Звальненьне Віктара Лукашэнкі
Таямніцай застаюцца ня толькі мэханізмы прызначэньня на кіроўныя пасады ў АП, але таксама і тое, за што і як людзей адтуль звальняюць. У апошнія гады публічным стаў толькі адзін такі выпадак — сыход з пасады памочніка Лукашэнкі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Адбылося гэта ў 2021 годзе. Пасаду тады займаў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. У той жа час сярод журналістаў і экспэртаў пачалі хадзіць чуткі, што Віктар Лукашэнка страціў сваю пасаду і ўвогуле магчымасьць уплываць на падзеі. Маўляў, ён схадзіў да бацькі і папрасіў яго перастаць біць людзей на вуліцах, а то і ўвогуле прапанаваў зьехаць у Дубай. Аўтар дасьледаваньня BIPART гаворыць, што таксама чуў пра такую вэрсію падзеяў. Але дадае, што ёсьць і іншая.
Пасьля звальненьня з адміністарцыі свайго бацькі Віктар Лукашэнка (ля скрыні для галасаваньня) афіцыйна кіруе толькі Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі
«Зараз пасады, якую займаў Віктар Лукашэнка, у адміністрацыі ўвогуле няма, — кажа суразмоўца. — Як толькі Віктара звольнілі, то адразу і пазыцыя сышла. У 2020 годзе былі чуткі, што Віктар прасіў бацьку спыніцца. Тое самае гаварылі і пра тагачаснага кіраўніка КДБ Вакульчыка, які пасьля трапіў у апалу. Тое самае я чуў пра Макея (тагачасны кіраўнік МЗС. — РС). Нібыта ён таксама быў у Лукашэнкі і гаварыў яму, што трэба спыніць гэтую „жэсьць“. Але дакладна мы ня ведаем, як гэта адбывалася. Дакладна тое, што ўся тройка — Віктар Лукашэнка, Валер Вакульчык, Уладзімер Макей — усе яны былі ў добрых стасунках з Лукашэнкам і паміж сабой. Можна меркаваць, яны хадзілі да Лукашэнкі або ўсе ўтраіх, або паасобку. Ці страціў Віктар сваю пасаду ў выніку такой размовы, я ня ўпэўнены. Ёсьць вэрсія, што такім чынам Лукашэнка вырашыў уберагчы старэйшага сына ад магчымых праблемаў у будучыні. Віктар у 2020-м быў на пасадзе куратара ўсіх сілавікоў. Лукашэнка-старэйшы мог звольніць сына для таго, каб на ім не заставалася плямы за 2020 год. Каб зрабіць адказнымі за рэпрэсіі і забойствы сілавікоў, але ня Віктара».
З словаў суразмоўцы, звальненьне Віктара Лукашэнкі з адміністрацыі зусім не азначае, што ён стаў менш уплывовым. Экспэрты, якіх апытвалі падчас дасьледаваньня аб працы адміністрацыі прэзыдэнта, адзначаюць, што пасьля падзеяў 2020 году значэньне бліжэйшага атачэньня Лукашэнкі, у тым ліку яго сямейнага атачэньня, толькі вырасла.
Што будзе з адміністрацыяй прэзыдэнта пасьля сыходу Лукашэнкі? Ці захавае гэты орган кіроўныя пазыцыі ў дзяржаве, ці стане яе кіраўнік наступным кіраўніком Беларусі? Суразмоўца Свабоды кажа, што гэта будзе залежаць ад наступнага фактычнага кіраўніка Беларусі.
«Сцэнароў можа быць шмат, — гаворыць Аляксей. — Але ў прынцыпе мне здаецца, што адміністрацыя прэзыдэнта захавае свае функцыі і ўплыў, пакуль ня будзе адноўленая сыстэма стрыманьняў і процівагаў. У нармальнай дэмакратычнай сыстэме органаў з такімі шырокімі функцыямі не павінна і ня можа існаваць».