Мэнэджара асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
Беларуса, які доўгі час жыў у Расеі, асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Рамана Б. асудзілі ў Берасьцейскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Раману прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
Раман нарадзіўся ў 1982 годзе ў Баранавічах, пасьля школы скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Вядома, што доўгі час жыў і працаваў у Расеі. Там ён рабіў кар’еру ў сфэры B2B-продажаў: ён працаваў мэнэджарам і кіраўніком аддзелаў у кампаніях, што гандлююць аўтадэталямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 25 чэрвеня. МУС аб’явіла Асацыяцыю беларусаў у Амэрыцы «экстрэмісцкім фармаваньнем»На Меншчыне міліцыя разагнала выставу дрыфт-аўтамабіляў
Як паведамілі ў МУС Беларусі, у Узьдзенскі раённы аддзел міліцыі паступілі паведамленьні ад кіроўцаў аб заторы на дарозе. Паводле міліцыі, там была выстава дрыфт-аўтамабіляў. Арганізатары анансавалі імпрэзу ў сацыяльных сетках, але афіцыйна яе не ўзгаднілі.
Паводле сілавікоў, там знаходзіліся каля 600 чалавек і больш за 250 аўтамабіляў. Сілавікі запатрабавалі спыніць несанкцыянаванае мерапрыемства. Адміністрацыйныя матэрыялы ў дачыненьні да арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў накіравалі ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 26 чэрвеня: 27 беларускіх вайскоўцаў зьняволеныя паводле палітычных прычынУ Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» больш за 50 Telegram-стыкераў
Так пастанавіў на сваім паседжаньні 24 чэрвеня суд Партызанскага раёну Менску, піша «Вясна».
Гаворка пра стыкеры Zhyve Belarus, Luka, plakaty, «Жыве Беларусь!», «Беларусь перадусiм!», «Беларусь БЧБ», «Беларусь», «Жыве Беларусь», «Беларусь Мемная (БМ)», «Беларусь:) by»)«, «Беларусь головного мозга», Miron, Malawanycz, Rebels!, Belsat, «Сцяг Беларусi», «Беларускiя сымбалi», «Чай з малиновым варэннем», belball, «Саша 3%», Nexta і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 26 чэрвеня: 27 беларускіх вайскоўцаў зьняволеныя паводле палітычных прычынЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».