17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці Расеі аўтобус, які вёз дзяцей з Рэчыцы на адпачынак у Геленджык, быў атакаваны, як сьцьвярджаецца, беспілётнікам. Загінула жанчына, яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасьцёра дзяцей, атрымалі раненьні.
Расея вінаваціць ва ўдары Ўкраіну. Кіеў гэта катэгарычна адмаўляе і называе здарэньне расейскай інфармацыйнай апэрацыяй.
Лукашэнка заявіў, што дрон быў «украінскага паходжаньня», але пры гэтым дадаў, што трэба дачакацца вынікаў расьсьледаваньня. Адначасова ён даручыў узмацніць кантроль за паездкамі дзяцей за мяжу. Цяпер такія групавыя паездкі будуць дазваляцца толькі зь дзяржаўным наглядам і дазволам.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — за тэрарыстычы акт.
Дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што Беларусь правядзе сваё расьсьледаваньне атакі беспілётніка.
- Калі інцыдэнт трапляе на разгляд Рады Бясьпекі ААН, ён выходзіць на міжнародны ўзровень. Вынікі абмеркаваньня могуць паўплываць на далейшыя дыпляматычныя крокі вакол Беларусі, Расеі і Ўкраіны, нават калі Рада Бясьпекі ня прыме ніякага рашэньня.