Зброя пад кантролем улады: у Беларусі выявілі новага спэцэкспартэра з кола Шэймана і сілавікоў

Блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман

У лютым 2026 года ў сьпіс беларускіх спэцэкспартэраў уключылі новую кампанію — «ГрандСпэцТрэйдынг». Беларускі расьсьледніцкі цэнтар выявіў, што да яе маюць дачыненне экс-сілавікі, а зарэгістраваць бізнэс дапамог чалавек з Упраўленьня справамі прэзідэнта, зьвязаны з блізкім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.

Афіцыйна кампанія мае права на гандаль шырокім спектрам тавараў (лекі, бытавая хімія, цацкі, ювэлірныя выбары, лом). Праз 3 месяцы пасля рэгістрацыі указам Лукашэнкі яна атрымала статус спэцэкспартэра — і права гандляваць ваеннай прадукцыяй.

«ГрандСпэцТрэйдынг» стала ўжо чацьвёртай дзеючай арганізацыяй у Беларусі з правам на спэцэкспарт. У эфіры «ПіКу Свабоды» Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч тлумачыць, што гэта значыць.

— Станіслаў, у Беларусі да гэтага часу тры арганізацыі ці прадпрыемствы мелі такое права на спэцэкспарт. Патлумачце, увогуле, што гэта такое і чаму гэта важна ў кантэксьце вашага расьсьледаваньня?

— Спэцэкспартэры — гэта, паводле закону, прадпрыемствы, якія маюць права экспартаваць прадукцыю, што падпадае пад экспартныя абмежаваньні. Па сутнасьці, гэта зброя, а спэцэкспартэры — гандляры зброяй. Раней іх было тры: два дзяржаўныя і адзін прыватны. І зараз зьявіўся чацьвёрты.

У нашым расьсьледаваньні мы разабраліся, зь кім ён можа быць зьвязаны. Падобна, што гэта Віктар Шэйман, які даўно, паводле чутак, меркаваньняў аналітыкаў і розных зьліваў, курыраваў продаж зброі, але дагэтуль ніколі не займаўся гэтым наўпрост. Цяпер, падобна, гандаль зброяй пачаў уваходзіць у інтарэсы асабістай бізнэс-імпэрыі Віктара Шэймана.

Калі мы кажам «асабістая», мы маем на ўвазе, што паток прэфэрэнцыяў, якія яны атрымліваюць, малаверагодна прызначаецца толькі самому Шэйману — яго называюць асабістым распарадчыкам капіталаў сям’і Лукашэнкі.

— Вы ня раз рабілі расьсьледаваньні, дзе Шэйман фігураваў галоўным героем, у тым ліку пра гандаль зброяй. Навошта спатрэбілася чацьвёртая кампанія?

— Мы ўжо рабілі расьсьледаваньні пра гандаль зброяй, і там фігуравала, напрыклад, кіпрская кампанія, якая выкарыстоўвалася для прыёму аплаты «Белтэхэкспарту». «Белтэхэкспарт» прадае нешта Аману — паслугі, зброю, трэнінгі для гвардыі іхнага султана, — а аплаціць просяць не на рахунак дзяржаўнага прадпрыемства, а на кіпрскую кампанію.

Гэтая кіпрская кампанія выпадкова вылезла падчас расьсьледаваньня зьнікненьня Анатоля Котава. Атрымалася, што пад выглядам «выкраданьня Котава» мы асьвятлілі малавядомую дагэтуль інфраструктуру экспарту зброі, у тым ліку, магчыма, інфраструктуру адводу грошай зь беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. То бок беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы прадаюць, а грошы (альбо частка грошай) трапляюць да афшорных структураў, зьвязаных з гульцамі, блізкімі да той ці іншай фігуры ва ўладзе.

Тое, што адбываецца цяпер, — Шэйман, падобна, вырашыў узяць гэты бізнэс пад свой кантроль і займацца ім наўпрост праз сваіх давераных людзей. Гэта паказвае трэнд, які мы назіраем прыкладна з 2020–2021 году, калі Шэйман сышоў з Упраўленьня справамі Лукашэнкі і адразу істотна пашырыў сваю бізнэс-імпэрыю, хоць яна існавала і раней, калі ён быў чыноўнікам.

Трэнд такі: сям’я Лукашэнкі і ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі ўсё больш агрэсіўна зьбіраюць актывы проста ў свае рукі — ужо не празь нейкіх партнэраў-карупцыянэраў, а наўпрост.

— А хто ў гэтай кампаніі фармальныя ўладальнікі ці заснавальнікі і як яны зьвязаныя з Шэйманам? У загалоўку расьсьледаваньня вы кажаце пра сілавікоў.

— Дырэктарам кампаніі «ГрандСпэцТрэйд» прызначаны кар’ерны сілавік, які працаваў у розных беларускіх спэцслужбах і меў пашпарт прыкрыцьця — то бок, магчыма, займаўся апэратыўнай працай. Гэта просты кадравы сілавік: яго зьнялі з папярэдняй пасады і адразу паставілі галоўным тут. Паколькі прызначылі яго літаральна на наступны дзень, на сёньня выглядае, што ён можа быць проста мэнэджэрам.

А вось людзі, якія стаяць за гэтым: мы даведаліся, што рэгістрацыяй кампаніі займаўся адвакат, які працуе ва Ўпраўленьні справамі Лукашэнкі, але адначасова — у фірме «ВэктарКапіталГруп». А «ВэктарКапіталГруп» на сёньня лічыцца галоўнай структурай бізнэс-імпэрыі Віктара Шэймана.

Апрача таго, гэты юрыст таксама лічыўся супрацоўнікам кампаніі «Комплекс-Інвэст». А «Комплекс-Інвэст» — гэта структура, адзіны праект якой — будаўніцтва меркаванага асабістага шале Лукашэнкі ў Сочы, якое, з улікам кошту зямлі, уваходзіць у лік аднаго з найдаражэйшых будынкаў такога тыпу ў сьвеце.

Калі мы зьвязаліся з гэтым юрыстам пад прыкрыцьцём, нібыта ад эмірацкай кампаніі, якая хоча пастаўляць прадукцыю для расейскай «СВА», ён згадаў імя Ўладзімера Скулаўца — чалавека, якога даўно, яшчэ з нулявых гадоў, лічылі найбліжэйшым паплечнікам Шэймана, а зь нядаўняга часу ён афіцыйна — намесьнік дырэктара «ВэктарКапіталГруп». Многае ўказвае на тое, што сілавік-мэнэджэр — толькі ўласьнік «на паперы», а бэнэфіцыярам зьяўляецца Шэйман.

— Ці вядомая ўжо нейкая спэцыфікацыя тавараў, якія там прадаюцца ці зьбіраюцца прадаваць?

— На сёньняшні дзень — не. Гэтая кампанія зарэгістраваная толькі нядаўна, напрыканцы мінулага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алеўскі пра цяжкі час Лукашэнкі. Шэйман пашырае імпэрыю. Новыя дэталі выкраданьня Котава

— А ці можа быць прычынай таго, што яна ўзьнікла, тое, што папярэднія кампаніі, якія займаліся нечым падобным, усе знаходзяцца пад санкцыямі?

— Можа быць і такое. Але відавочна, што спэцэкспартэр, прапісаны ва ўказе, — гэта толькі справа часу да таго, як ён таксама трапіць пад санкцыі. Беларускія экспартэры зброі маюць мноства праксі-кампаніяў, кампаніяў-пасярэднікаў, у тым ліку на Кіпры, для абыходу санкцыяў.

Мы, дарэчы, рабілі расьсьледаваньне пра тое, што папярэдні прэзыдэнт Кіпру (ён скончыў кадэнцыю ў 2023 годзе) праз сваю сямейную фірму наўпрост аказваў паслугі па абыходзе санкцыяў прынамсі аднаму «гаманцу» Лукашэнкі, а таксама Юрыю Чыжу. Аплачваў адпачынак Лукашэнкі ў Краснай Паляне, а таксама ўдзельнічаў у вялікай схеме з «растваральнікамі». Беларусь мае блізкія сувязі з такімі юрысдыкцыямі ЭЗ, як Кіпр, а таксама з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі ды іншымі краінамі — каб спрабаваць абыходзіць санкцыі.
Таму зьяўленьне афіцыйнага спэцэкспартэра наўрад ці істотна дапаможа абыходзіць санкцыі — прынамсі, гэта будзе вельмі часовы эфэкт.

— А чаму менавіта сілавікі тут — асноўныя фігуры? Гэта схема для больш надзейнага кантролю ці выпадковасьць?

— Бачна, што сілавікоў бяруць у розныя бізнэс-структуры, набліжаныя да ўлады, якія, відавочна, працуюць разам з уладамі на вымываньне грошай зь бюджэту. Гэта даўняя практыка, і мне яна выглядае як грашовая «пэнсія» за заслугі. Афіцыйныя заробкі сілавікоў могуць быць нармальнымі для сярэдняга чалавека, але для высокапастаўленага сілавіка, ад якога дадаткова чакаюць гатоўнасьці парушаць закон і ставіць сябе пад рызыку санкцыяў, гэтага мала.

Рызыкі для высокапастаўленых сілавікоў вялікія, а заробак, мне падаецца, наўмысна трымаецца параўнальна нізкім для найвышэйшых чыноўнікаў, каб іхны дабрабыт залежаў наўпрост ад карупцыйных схемаў, за якія іх можна і пасадзіць, але за якія яны будуць удзячныя асабіста Лукашэнку ці Шэйману.

Мы даўно назіраем і такую зьяву: ставяць найвышэйшага начальніка па барацьбе зь нейкай злачыннай дзейнасьцю, а пасьля ягонага выхаду на пэнсію — ставяць яго на чале гэтай самай злачыннай дзейнасьці. Тыповы прыклад — «Брэмена Груп», у якой аб’ядналіся тры найбуйнейшыя на той момант «гаманцы» Лукашэнкі: Мікалай Варабей, Аляксей Алексін і Аляксандар Зайцаў. «Брэмена Груп» у нейкі момант стала найбуйнейшым кантрабандыстам, паводле расейскіх сьледчых органаў, якія вінавацілі яе ў абыходзе расейскіх контрсанкцыяў. На чале гэтага найбуйнейшага кантрабандыста стаў былы кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту — Васіль Дземянцей.

Гэта частая схема: бяруць высокапастаўленых сілавікоў, у тым ліку, магчыма, каб забясьпечваць незаконную апэрацыйную дзейнасьць. Таму не выключаю, што высокапастаўленыя сілавікі займаюць гэтыя пасады яшчэ і для таго, каб мець кантакт са сваімі былымі калегамі і тлумачыць ім, на што трэба заплюшчваць вочы, а на што — не.

— Патлумачце, калі ласка, што ня так, па сутнасьці, з гэтай кампаніяй. Калі ёсьць людзі — пэнсіянэры, вайскоўцы, — якія яе стварылі, гэта не забаронена. Нават калі яны зьбіраюцца гандляваць зброяй, гэта законны бізнэс, як я разумею. У чым тады фокус вашага расьсьледаваньня? Што там можа быць незаконнага?

— На сёньняшні дзень мы ня бачым нічога незаконнага ў гэтай кампаніі — між іншым, проста таму, што яны яшчэ не пасьпелі нічога зрабіць. Мы вылучылі галоўных гульцоў яшчэ на самым пачатку.

Тое, што гэта адзіная прыватная кампанія з дазволам на экспарт зброі, само па сабе не зьяўляецца незаконным. А вось што нас цікавіць, дык гэта тое, што мы ўжо зрабілі мноства расьсьледаваньняў пра раскраданьне беларускага бюджэту на сотні мільёнаў даляраў, і структуры, якія мы бачым і можам даказаць, зьвязаныя менавіта з бізнэс-імпэрыяй Віктара Шэймана. Адпаведна, як у амэрыканскім законе RICO: усё, што мае прыкметы дзейнасьці мафіі, для нас уяўляе цікавасьць як сфэра з высокай верагоднасьцю незаконнай дзейнасьці — альбо, прынамсі, дзейнасьці арганізаванай незаконнай групы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хрысьціянская візія: КДБ трымаў парафіян Акалатовіча ў закладніках, каб ціснуць на сьвятара

— І напрыканцы: сам Віктар Шэйман, паводле вашай інфармацыі, знаходзіцца ў Беларусі ці жыве за мяжой? Бо некаторыя зьвязаныя зь ім кампаніі рэгістраваліся і там.

— Зараз не прыгадаю, якая была самая апошняя згадка пра ягонае фактычнае месцазнаходжаньне. Але ня так даўно мы бачылі згадкі, што ён працягвае выконваць дзяржаўную службу на пасадзе спэцпасланьніка прэзыдэнта і ў гэтай якасьці езьдзіць у розныя краіны. Можна ўявіць, што пры гэтым ён вяртаецца ў Менск. Нам нічога не вядома пра тое, каб ён канчаткова выехаў за межы краіны.

— Лукашэнка меў вакол сябе шмат людзей, і потым многія зь іх апынуліся або за межамі краіны, або былі вымушаныя ўцякаць, або траплялі ў турму, або паміралі. Чаму Віктар Шэйман столькі гадоў — ад самага пачатку, яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, — застаецца побач зь ім і лічыцца такім надзейным? Як вы думаеце?

— Магчыма, справа ў той ляяльнасьці, у якой ён нейкім чынам змог пераканаць Лукашэнку яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў — Шэйман ужо тады быў у ягонай камандзе. Таму, магчыма, гэта адна з прычынаў.

Але ня варта таксама пераацэньваць міт, які Лукашэнка часткова сам пра сябе любіць ствараць: што ў яго няма блізкіх сяброў сярод усіх гэтых бізнэсоўцаў і што, як толькі яны нанясуць занадта вялікую шкоду дзяржаве, ён іх «зьнішчае». Яскравы прыклад — холдынг «Амкадор», які назапасіў каля 300 мільёнаў даляраў дзяржаўных запазычанасьцяў і бюджэтных пазыкаў. Калі ўсё гэта пачало імкліва каціцца да банкруцтва, Лукашэнка нібыта выступіў у ролі «забіральніка» і забраў гэты холдынг.

Але забраў ён толькі тыя часткі холдынгу, на якіх вісела запазычанасьць, — самыя стратныя, якія трэба было і надалей субсыдаваць. А грашовыя патокі засталіся ў Шакуціных. Ён працягвае пастаўляць дэталі з прыбыткам на гэтае стратнае дзяржаўнае прадпрыемства і прадаваць ужо субсыдаваную прадукцыю гэтага прадпрыемства. Таму Аляксандар Шакуцін — гэта той чалавек, пра якога Лукашэнка казаў: «Ёсьць друг у мяне — Саша Шакуцін».

Ёсьць і шэраг іншых — напрыклад, Мікалай Варабей, нязьменная давераная асоба, якая трымаецца ў ценю. То бок Віктар Шэйман не адзіны — ёсьць вузкае кола паплечнікаў, але яно сапраўды вельмі вузкае. Наколькі мы разумеем з крыніцаў, зь якімі размаўляем, ніхто ня можа прыгадаць выпадку, каб Лукашэнка асабіста ў кагосьці ўзяў грошы. Мы чулі гэта нават са званкоў пранкераў: калі яму прапаноўвалі «залаты батон», ён сьмяяўся і казаў «дзякуй», хоць гэта гучала нават крыху зьняважліва. Але відавочна, што настрой на тое, каб браць, ёсьць.
Відавочна, напрыклад, што гэтае шале — адно з самых дарагіх у сьвеце, і сукупнасьць сьведчаньняў зь вялікай верагоднасьцю паказвае, што гэта, хутчэй за ўсё, асабісты прыватны маёнтак Лукашэнкі, а не кагосьці іншага. Але вось узяць грошы з нейкай бізнэс-схемы наўпрост сваімі рукамі ён, падобна, не жадае і выкарыстоўвае для гэтага вузкае кола сваіх давераных людзей. Гэта азначае, што такія давераныя людзі яму ўсё ж патрэбныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве расказалі, ці быў ультыматум Зяленскага Лукашэнку і як будуць спыняць удзел Беларусі ў вайне Расеі