Пэтыцыя з просьбай усталяваць на Грунвальдзкім полі тронец зь бел-чырвона-белым сьцягам за тыдзень сабрала 823 подпісы. Сярод вядомых падпісантаў — Алесь Лагвінец, Юры Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў.
Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч, які пазначаны як ініцыятар пэтыцыі, расказаў Свабодзе, што ідэя кампаніі належала Алесю Лагвінцу, які першым зьвярнуў увагу на адсутнасьць бел-чырвона-белага сьцяга на Грунвальдзкім полі на сталай аснове.
«Музэйная прастора Грунвальдзкага поля разьвіваецца. Там спачатку прысутнічалі сьцягі Польшчы, пасьля Літвы. У нейкі момант дадаўся сьцяг Украіны. Для завяршэньня контуру дзяржаўных суб’ектаў, якія бепасярэдне ўдзельнічалі ў перамозе, вядома, беларускі сьцяг павінен там быць», — камэнтуе суразмоўца.
З словаў Меляшкевіча, у першы дзень збор подпісаў ішоў добра, бо людзі дзяліліся ім у сацыяльных сетках. Аднак ужо на другі дзень Facebook забараніў распаўсюджваць гэтую пэтыцыю, і збор запаволіўся.
«Мне даслалі інфармацыйны допіс, што я нейкім чынам парушыў палітыку Facebook — штосьці зьвязанае з спамам ці зборам прыватнай інфармацыі. І Facebook выдаліў спасылкі, расшараныя ў сацыяльных сетках. Некаторыя людзі нават пацярпелі, ім часткова абмежавалі функцыянал Facebook», — расказвае Юры.
Юры Меляшкевіч, архіўнае фота
Ініцыятары пэтыцыі хацелі б сабраць 10-12 тысяч подпісаў да 15 ліпеня, калі будзе адзначацца 616-я гадавіна Грунвальдзкай бітвы.
«Дванаццаць тысяч — гэта сымбалічны лік, бо ён адпавядае той колькасьці ваяроў, якія, з пункту гледжаньня цяперашняй навукі, з тэрыторыі Беларусі ўдзельнічалі ў славутай бітве», — тлумачыць Меляшкевіч.
Юры кажа, што цяпер збор подпісаў запаволіўся. Таму ён хоча правесьці грамадзкую кампанію за нацыянальны сьцяг на Грунвальдзкім полі з дапамогай палітычных і грамадзкіх арганізацыяў і дзеячоў. Разьлічвае таксама на пашырэньне пэтыцыі ў Telegram, на іншых дасяжных сацыяльных каналах і ў мэдыя.
«Мы зьвярнуліся да нашых польскіх партнэраў, у тым ліку дзякуючы Анатолю Лябедзьку, які гэтае пытаньне падымаў у Брусэлі», — паведаміў суразмоўца.
Рашэньне аб мачце зь бел-чырвона-белым сьцягам на месцы падзеі мае прыняць кіраўніцтва музэю бітвы пад Грунвальдам.
«Думаю, што тут можа быць залучаная адміністрацыя адпаведнай гміны, павету, а нават і ваяводзтва», — дадае Юры.
Перамовы наўпрост з музэем плянуюць весьці, калі зьбярэцца прынамсі 1-2 тысячы подпісаў.
«Я спадзяюся на разуменьне. У нас даволі даўняя гісторыя адносінаў з польскімі культурніцкімі ініцыятывамі, установамі. Я спакойна стаўлюся да гэтых перамоваў і пазытыўна гляджу наперад», — кажа Меляшкевіч.
Айцец Георгі Рой паказвае фрэску з выяваю Грунвальдзкае бітвы у нядзельнай школе горадзенскай Калоскай царквы, 2019 год. Архіўнае фота
З пачатку незалежнасьці Беларусі групы беларусаў езьдзілі на ўрачыстасьці, прысьвечаныя перамозе пад Грунвальдам. Яны бралі з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі. Пытаньняў да іх падчас сьвяткаваньня не ўзьнікала, адзначае суразмоўца. Аднак калі беларусы зьяжджалі, яны забіралі з сабой і нацыянальныя сьцягі. Цяпер ёсьць шанец гэтую сытуацыю выправіць.
Чаму раней не спрабавалі ўсталяваць на Грунвальдзкім полі бел-чырвона-белы сьцяг? Юры Меляшкевіч кажа, што раней на гэта «не было дзяржаўнай волі, якую прадстаўляў Лукашэнка, які не шануе гістарычныя сьвяты, не шукае салідарнасьці з народамі, зь якімі беларусы разам баранілі сваю свабоду».
Што адбылося на Грунвальдзкім полі ў ліпені 1410 году
15 ліпеня 1410 году аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы здабыло перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам. Гэта бітва паміж аб’яднанымі войскамі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (таксама былі баявыя аддзелы чэхаў і татараў) і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы — Тэўтонскага ордэну.
Перамога хаўрусьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі.
Бітва выяўленая на многіх карцінах, памяць пра яе захоўваецца ў гістарычных кнігах народаў, якія бралі ў ёй удзел. Яна частка нацыянальнага міту беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў. Беларускія гісторыкі працягваюць дасьледаваць Грунвальдзкую бітву і яе значэньне для нацыянальнай гісторыі.