Зяленскі выслухаў спавешчаньне выведкі і назваў месцы, дзе ў Беларусі нібы абсталёўваюць дарогі пад вайну

Уладзімір Зяленскі

Украінская выведка ня бачыць іншых мэтаў у гэтым будаўніцтве, апрача ваенных.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 25 чэрвеня сустрэўся з кіраўніком замежнай выведкі краіны, і тэма ўкраінска-беларускіх дачыненьняў атрымала працяг.

Кіраўнік Службы замежнай выведкі Алег Лугоўскі паведаміў Зяленскаму пра рэалізацыю ў Беларусі «захадаў пад відавочным расейскім уплывам у падрыхтоўцы да патэнцыйнага пашырэньня агрэсіі супраць Украіны». Далей Зяленскі падаў падрабязнасьці з пачутага ад выведнікаў.

«Уздоўж нашай дзяржаўнай мяжы ў Беларусі завяршаецца будаўніцтва дарожнай інфраструктуры і базаў захоўваньня боепрыпасаў і паліва, якія ня маюць іншага сэнсу, апрача ваеннага. Гэта памежныя раёны Кобрынь — Ковель, Янаў — Маневічы, Лунінец — Сарны, Рэчыца — Корасьцень і Гомель — Чарнігаў. Мы ведаем, што ў расейскіх дакумэнтах гэта апісваецца менавіта ў кантэксьце задачаў так званай „СВО“».

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што Кіеў ужо папярэдзіў рэжым Лукашэнкі, што ведае пра будаўніцтва.

«Беларусь атрымала неабходныя сыгналы ад Украіны адносна такой дзейнасьці, а таксама ўсіх іншых фарматаў іх супрацы з Расеяй у інтарэсах зацягваньня і маштабаваньня вайны. Беларусь ведае, якія крокі патрэбныя зь яе боку для міру. Разьвіцьцё памежнай інфраструктуры агрэсіі з боку Беларусі павінна быць спынена. Крокі да дээскаляцыі і міру павінны быць зробленыя і зь беларускага боку. Дзякуй усім, хто дапамагае нам абараняць сваё жыцьцё і сваю незалежнасьць! Слава Ўкраіне!» — прамовіў Зяленскі.

Зяленскі абвясьціў пра «40-дзённую апэрацыю ўплыву» на Расею для завяршэньня вайны

Прэзыдэнт Украіны напісаў, што заслухаў даклад генэрал-маёра Яўгена Хмары пра «наш плян далёкіх санкцыяў, санкцыяў сярэдняй далёкасьці і вынікі Службы бясьпекі Ўкраіны, а менавіта Цэнтру спэцыяльных апэрацыяў “Альфа” на фронце».

«Я зацьвердзіў для Службы 40-дзённую апэрацыю ўплыву на дзяржаву-агрэсара з мэтай дамагчыся спыненьня вайны», — падагульніў ён.

Зяленскі не раскрыў падрабязнасьцяў апэрацыі. Украінскі прэзыдэнт адзначыў «найвышэйшыя паказьнікі абароны пазыцый Украіны на фронце дзякуючы выкарыстаньню дронаў розных тыпаў».

Цэнтар «Альфа» спэцыялізуецца на контратэрарыстычных апэрацыях і спэцапэрацыях у тыле. Гэтае падразьдзяленьне стаяла за ўдарамі па Кранштаце, арсэнале ВМФ у Ленінградзкай вобласьці і нафтабазе «Усьць-Лабінск» на Кубані на пачатку чэрвеня.

Лукашэнка пра Зяленскага

Якраз напярэдадні сустрэчы Зяленскага з кіраўніком замежнай выведкі пра кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскага прэзыдэнта заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У сустрэчы з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады Расеі, якія прыехалі для ўдзелу ў чарговым Форуме рэгіёнаў дзьвюх дзяржаў, палітык адзначыў, што нядаўна размаўляў з прадстаўнікамі Зяленскага.

«Вось на гэтым месцы нядаўна былі прадстаўнікі Зяленскага. Я ім прама сказаў: „Хлопцы, вы перадайце свайму прэзыдэнту: калі ён думае, што можна так з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што якасьць вайны імгненна зьменіцца. Гэтая вайна будзе зусім іншая“», — працытавала Лукашэнку БелТА.

Пры гэтым Лукашэнка не назваў, з кім менавіта меў кантакт і ў які дзень.

Зяленскі гэта ніяк не камэнтаваў. Застаецца незразумелым, ці спасылка на «сыгналы» беларускаму боку была зробленая на тую самую сустрэчу, ці гэта было нешта іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што нядаўна размаўляў з прадстаўнікамі Зяленскага аб «адзінстве народаў»

Ультыматум Зяленскага

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.

У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — у тры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

У выніку Лукашэнка неўзабаве заявіў пра доўгую замежную камандзіроўку, але не ўдакладніў куды. А Зяленскі 24 чэрвеня заявіў, што рэтрансьлятары зь беларускага боку мяжы перасталі працаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Адзін з пунктаў дасягаў Кіева». Украінскі экспэрт патлумачыў, як працавалі беларускія рэтрансьлятары для расейскіх дронаў