Ужо сёньня: Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў

Будынак ААН у Нью-Ёрку.

Падзеі 26 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У гэты дзень

У сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў. 26 чэрвеня як Дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН. Менавіта 26 чэрвеня ў 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня.

1503 — вялікі князь Аляксандар надаў Каменцу магдэбурскае права.

Камянецкая вежа XIII ст.

1759 — распачалася аблога гораду Квэбэку ангельцамі падчас Сямігадовай вайны.

1863 — у Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы — орган кіраўніцтва паўстаньнем 1863–1864 гадоў. Старшыня — Якуб Гейштар, чальцы аддзелу — Кастусь Каліноўскі, Уладыслаў Малахоўскі, Зыгмунт Чаховіч.

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году, карціна Пётры Сергіевіча

1938 — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР 1-га скліканьня.

1941 — НКВД расстраляла 5 тысячаў палітвязьняў, прыгнаных зь Менскай і іншых турмаў ва ўрочышча Цагельня каля сучаснага Чэрвеня. У гэты ж дзень НКВД расстраляла калёну вязьняў з турмы ў Беразьвеччы (Глыбокае). Былі забітыя да 2 тысяч пераважна палітычных і тых, хто яшчэ ня быў асуджаны.

1941 — на старым віленскім тракце каля Радашкавічаў Мікалай Гастэла з таварышамі скіравалі свой самалёт у нямецкую танкавую калёну. Подзьвіг Гастэлы стаў хрэстаматыйным.

1944 — Віцебск вызвалілі ад нацысцкай акупацыі.

1945— прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх была і БССР.

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку

1975 — выйшаў у сьвет завяршальны том 12-тамовай Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1897 — Лявон Савёнак, беларускі журналіст, пісьменьнік, палітвысланец, дзяяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

1908 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі.

Партрэт Сальвадора Альендэ падчас акцыі на гадавіну вайсковага перавароту 11 верасьня 1973 году, калі Альендэ ўчыніў самагубства, каб не здавацца ў палон хунце. Гэты дзень стаў пачаткам 17-гадовай дыктатуры генэрала Аўгуста Піначэта, ахвярамі якой сталі дзясяткі тысяч чалавек

1909 — Антон Адамовіч, літаратуразнаўца, гісторык, празаік, адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода», намесьнік старшыні Рады БНР.

Антон Адамовіч

1926 — Мікалай Паўленка, беларускі мовазнаўца.

1941 — Уладзімер Куляшоў, беларускі актор, народны артыст Беларусі. На сцэне тэатру імя Якуба Коласа стварыў вобраз Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе Ўладзімера Караткевіча.

1953 — Галіна Крываблоцкая, мастачка, майстрыца габэлену, у 1970-я гады стваральніца сцэнічных касьцюмаў для „Песьняроў“.

1958 — Тацяна Мушынская, паэтка і тэатразнаўца.

У памяці

1819 — Францішак Нарвойш, матэматык, інжынэр, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Праславіўся тым, што ў другой палове XVIII стагодзьдзя кіраваў расчысткай рэчышча Нёмана ад парогаў. Тады было падарвана каля трох мільёнаў валуноў.

1941 — Зэлік Аксэльрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш. Быў расстраляны разам зь іншымі палітвязьнямі пры адступленьні Чырвонай арміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 фактаў пра паэта Зэліка Аксэльрода, які пратэставаў супраць закрыцьця габрэйскіх школ у Беларусі

2016 — Сяргей Картэс, беларускі кампазытар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ён быў цудоўны! Як дзіця» — Сяргей Картэс, які вярнуўся з Аргентыны, каб пісаць беларускую музыку

2016 — Расьціслаў Янкоўскі, актор тэатру і кіно.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ён двойчы выходзіў на трыбуну, каб падтрымаць закон аб дзяржаўнасьці беларускай мовы

2018 — Алесь Зайка, беларускі краязнаўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». У раённай больніцы не ўратавалі выбітнага краязнаўцу