У Гданьску пачалася Канфэрэнцыя аб аднаўленьні Ўкраіны з удзелам 100 замежных дэлегацыяў, запрошана і Ціханоўская

Удзельнікі Канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны. Гданьск, 25 чэрвеня 2026 году

Міжнародная канфэрэнцыя пройдзе цягам двух дзён, дэлегацыі прадстаўляюць 61 краіну і 40 міжнародных арганізацыяў.

«Мы верым, што Ўкраіна адаб’е расейскую агрэсію і што разам мы адновім Украіну», — заявіў, адкрываючы Канфэрэнцыю аб аднаўленьні Ўкраіны ў Гданьску, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, якога цытуе Польскае радыё.

Ён адзначыў, што ўкраінскі народ і Эўропу чакаюць вялікія высілкі. Прэмʼер-міністар Польшчы падкрэсьліў, што выбар Гданьску як месца правядзеньня канфэрэнцыі мае сымбалічнае значэньне.

«Я запрасіў вас і нашых сяброў з Украіны менавіта ў гэтае месца, бо яно паказвае, што цуд адбудовы здараецца тады, калі людзі вельмі гэтага хочуць, калі яны ў стане дамагчыся міру, калі яны рашуча робяць добрыя рэчы. Гданьск быў падняты з руін, быў вернуты таксама дух гэтага гораду. І гэтая вялікая праца чакае таксама Ўкраіну».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск вітае прэмʼер-міністра Ўкраіны Юлію Сьвірыдзенку на Канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны (URC 2026) у Гданьску, Польшча, 25 чэрвеня 2026 году

Сярод пацьверджаных гасьцей — тры прэзыдэнты дзяржаваў і 12 кіраўнікоў урадаў. У Гданьск прыехалі шэсьць міністраў замежных спраўва, дзясятак міністраў, адказных за эканоміку, гандаль і культуру, і 22 амбасадары. У іх ліку канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Таксама ёсьць кіраўнікі Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай рады, NATO, Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця і Ўсясьветнага банку. Сабраліся таксама каля 6000 прадстаўнікоў бізнэсу, банкаўскага сэктару, страхавых кампаніяў і дарадчых фірмаў.

На канфэрэнцыі ў Гданьску

Гаспадаром канфэрэнцыі выступае прэмʼер-міністар Дональд Туск. Украінскую дэлегацыю ўзначальвае прэмʼер-міністар Юлія Сьвірыдзенка. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не прыехаў на форум у Гданьск на фоне праблемаў у польска-ўкраінскіх адносінах, якія ўзьніклі пасьля прысваеньня аднаму з вайсковых падразьдзелаў імя «Герояў УПА», што выклікала рэзкую рэакцыю ў Польшчы, у прыватнасьці, прэзыдэнт польскай дзяржавы Караль Наўроцкі пазбавіў Зяленскага ордэну Белага арла.

Ціханоўская таксама прымае ўдзел у форуме ў Гданьску

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў Гданьску на запрашэньне арганізатараў Ukraine Recovery Conference — міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай аднаўленьню і мадэрнізацыі Ўкраіны.

Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Прольшчы Радаслаў Сікорскі на Канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны (URC 2026) у Гданьску, Польшча, 25 чэрвеня 2026

Яна ўдзельнічае ў пленарнай сэсіі высокага ўзроўню, а таксама праводзіць сустрэчы з эўрапейскімі і амэрыканскімі палітыкамі і дыпляматамі. У цэнтры размоў — пытаньні бясьпекі, падтрымкі Ўкраіны, роля Беларусі ў рэгіёне, асабліва ў сьвятле апошніх падзей у беларуска-ўкраінскіх адносінах і папярэджаньня, якое прэзыдэнт Зяленскі накіраваў рэжыму Лукашэнкі, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Польшчы пазбавіў прэзыдэнта Ўкраіны ордэну. Трое высокіх украінскіх чыноўнікаў на знак пратэсту адмовіліся ад сваіх узнагарод