«Адзін з пунктаў дасягаў Кіева». Украінскі экспэрт патлумачыў, як працавалі беларускія рэтрансьлятары для расейскіх дронаў

Кадры зьнішчэньня мабільнай вежы сувязі з усталяваным на ёй расейскім рэтрансьлятарам. Лякацыя невядомая. 3 сьнежня 2025 году. Скрыншот зь відэа Галоўнага упраўленьня выведкі Ўкраіны

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сьцьвярджае, што расейскія рэтрансьлятары для кіраваньня «шахедамі» ў Беларусі перасталі працаваць пасьля ўльтыматуму для Менску. Украінскі авіяцыйны экспэрт тлумачыць Свабодзе, як працуюць гэтыя сыстэмы і чаму яны могуць пагражаць ня толькі Ўкраіне, але і Эўропе.

Рэтрансьлятары, якія, паводле Кіева, былі ўсталяваныя на беларускай тэрыторыі і дапамагалі расейскім дронам атакаваць Украіну, перасталі працаваць 22 чэрвеня. Пра гэта 24 чэрвеня паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. За некалькі дзён да гэтага ён даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на іх дэмантаж і папярэдзіў, што інакш Украіна «зробіць гэта сама».

Украінскі прэзыдэнт сьцьвярджаў, што ідзецца пра чатыры аб'екты ў Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцях. Афіцыйны Менск публічна ніяк не адказаў на патрабаваньне Кіева дэмантаваць рэтрансьлятары, але і ня стаў адмаўляць іх існаваньне. Беларускія дзяржаўныя СМІ ўвогуле замаўчалі гэтую заяву. Не было ніякай рэакцыі ад беларускіх уладаў і на заяву Зяленскага пра «ліквідацыю» часткі рэтрансьлятараў у Беларусі сёлета ў лютым.

Ці сапраўды цяперашні ўльтыматум украінскага прэзыдэнта меў вынік, пакажа час, кажуць экспэрты. Але сама гісторыя рэтрансьлятараў выклікала шмат пытаньняў: што гэта за аб’екты, дзе яны знаходзяцца і як яны могуць дапамагаць расейскім вайскоўцам?

Свабода разабралася разам з украінскім авіяцыйным экспэртам, намесьнікам генэральнага дырэктара кампаніі — вытворцы сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Анатолем Храпчынскім.

З чаго ўсё пачалося

Пра магчымае разьмяшчэньне абсталяваньня для кіраваньня расейскімі дронамі на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія экспэрты пачалі казаць яшчэ ў канцы 2025 году. Так, 26 сьнежня 2025 году спэцыяліст у вайсковых радыётэхналёгіях Сяргей Бяскрэснаў, вядомы пад пазыўным «Флэш», які ў студзені 2026 году стаў дарадцам міністра абароны Ўкраіны, заявіў, што частка «шахедаў», якія атакуюць Украіну, можа кіравацца з тэрыторыі Беларусі.

У лютым 2026 году Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра ліквідацыю часткі рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі: «Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю».

Тады ж міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Фёдараў і тады ўжо дарадца міністра абароны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў заявілі пра ліквідацыю радыёсеткі Mesh, якую выкарыстоўвалі расейскія «шахеды» каля межаў зь Беларусьсю.

У траўні 2026 году Сяргей «Флэш» выказаў здагадку, што Расея аднавіла працу рэтрансьлятараў у Беларусі, пры гэтым усталяваўшы іх далей ад мяжы. Празь месяц, 19 чэрвеня, Уладзімір Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на дэмантаж рэтрансьлятараў і папярэдзіў, што ў адваротным выпадку Ўкраіна «зробіць гэта сама».

Скрыншот экрану расейскага апэратара бесьпілётніка, на якім бачны маршрут, сплянаваны з тэрыторыі Расеі ўздоўж беларускага памежжа. Таксама на ім бачныя два невядомыя аб’екты, разьмешчаныя каля Гомля і Камарына. Скрыншот: Informnapalm

Навошта «шахедам» патрэбныя рэтрансьлятары

Каб зразумець, навошта ўвогуле могуць быць патрэбныя рэтрансьлятары, трэба патлумачыць, як зьмяніліся самі дальнабойныя расейскія бесьпілётнікі тыпу «шахед», кажа ў размове з Свабодай экспэрт Анатоль Храпчынскі. Паводле яго, першыя «шахеды», якія Расея выкарыстоўвала супраць Украіны, былі прасьцейшыя.

«Першыя „шахеды“ былі запраграмаваныя на пэўныя каардынаты. Яны проста ляцелі ў вызначаны загадзя пункт. Цяпер мы кажам, што „шахеды“, якія выкарыстоўвае Расея, могуць часткова кіравацца апэратарам або ў іх палётнае заданьне апэратыўна могуць уносіцца зьмены. Гэта дазваляе мяняць аб’екты для атакі, дынамічна фармаваць паветраны напад, напрыклад дзякуючы атрыманьню новых выведных зьвестак аб украінскіх супрацьпаветраных групах. Адпаведна для гэтага апэратарам патрэбная сувязь зь бесьпілётнікамі», — тлумачыць Анатоль Храпчынскі.

Паводле экспэрта, менавіта таму Расея пачала шукаць спосаб забясьпечыць устойлівы канал сувязі з дронамі, у тым ліку праз дадатковыя ўзмацняльнікі сыгналу на тэрыторыі Беларусі — рэтрансьлятары. Спачатку экспэрыментавала з рознымі тэхналёгіямі, у тым ліку з Starlink, але асноўную стаўку зрабіла на так званую Mesh-сетку.

Што такое Mesh-сетка

Менавіта пра Mesh-сетку ня раз паведамляў у апошнія месяцы дарадца міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў. Ён тлумачыў, што яна складаецца з усталяваных на расейскіх бесьпілётніках радыёмадэмаў, якія ня проста прымаюць і перадаюць сыгналы падчас атак, а яшчэ выконваюць ролю ўзмацняльнікаў сувязі адзін для аднаго. У выніку дзясяткі дронаў утвараюць адну сетку. Калі адзін зь іх будзе зьбіты, гэта не азначае, што сувязь зьнікне. Інфармацыя проста пойдзе празь іншыя бесьпілётнікі.

Праца такіх пунктаў з тэрыторыі Беларусі стала нечаканасьцю

Сяргей Бяскрэснаў таксама адзначаў: нягледзячы на тое, што «шахеды» такім чынам зьвязаныя паміж сабою, на зямлі павінны быць пачатковыя пункты, празь якія ад апэратараў дронаў даходзяць сыгналы кіраваньня. Як правіла, для гэтага выкарыстоўваюць высокія мачты, такія як мабільныя вежы сувязі, на якія ўсталёўваюць рэтрансьлятары, накіраваныя ў бок Украіны. Менавіта іх, паводле дарадцы міністра абароны Ўкраіны, выявілі ў Беларусі ўкраінскія вайскоўцы.

«Той факт, што такія пункты працавалі з тэрыторыі Расеі і акупаваных тэрыторыяў, нікога не дзівіў, але праца такіх пунктаў з тэрыторыі Беларусі стала нечаканасьцю. У Беларусі выявілі некалькі такіх пунктаў, і яны абслугоўвалі „шахеды“ у розных кутках нашай краіны. Напрыклад, адзін з пунктаў дасягаў Кіева, і выведныя бесьпілётнікі, якія ляцелі над Кіевам, выкарыстоўвалі яго для перадачы дадзеных. Іншы пункт забясьпечваў атакі „шахедаў“ на заходнюю Ўкраіну. У прыватнасьці, на чыгунку Кіеў — Ковель», — тлумачыў Сяргей Бяскрэснаў.

Калі б наземныя станцыі былі толькі на тэрыторыі Расеі, іх можна было б адносна лёгка вывесьці з ладу, патлумачыў у інтэрвію Свабодзе Анатоль Храпчынскі.

«Калі выкарыстоўваць усяго некалькі наземных пунктаў, дастаткова было зьнішчыць гэтыя каналы сувязі на тэрыторыі Расеі ці „перарэзаць“ іх у раёне Чарнобыльскай зоны, і „шахеды“ ўжо рабіліся не кіраванымі, а проста боепрыпасамі, што баражуюць і ляцяць па адной траекторыі», — кажа ўкраінскі экспэрт.

Менавіта таму, на думку суразмоўцы, расейскія вайскоўцы маглі пачаць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю. Гэта дазволіла ім пашырыць глыбіню кіраваньня бесьпілётнікамі пры паветраных атаках Украіны, пры гэтым скарыстацца тым, што па тэрыторыі Беларусі ўкраінскія вайскоўцы ня будуць наносіць удары ў адказ.

Як могуць выглядаць гэтыя рэтрансьлятары

Анатоль Храпчынскі адзначае, што часьцей за ўсё рэтрансьлятары усталёўваюць на звычайныя тэлевізійныя або мабільныя вежы. Таму неспэцыялісту звонку адрозьніць рэтрансьлятар ад астатняга тэлекамунікацыйнага абсталяваньня амаль немагчыма.

«Гэтыя рэтрансьлятары могуць забясьпечваць першую лінію бесьпілётнікаў якаснай і надзейнай сувязьзю на дыстанцыі да 150 кілямэтраў».

Экспэрт зьвяртае ўвагу яшчэ на адну асаблівасьць сучасных расейскіх бесьпілётнікаў. Паводле яго, яны могуць выкарыстоўваць звычайныя SIM-карты для перадачы дадзеных празь сеткі мабільнай сувязі. Гэта могуць быць ня толькі расейскія, заблякаваныя на тэрыторыі Ўкраіны, але і беларускія, казахстанскія або нават эўрапейскія SIM-карты, якія працуюць у роўмінгу.

Вежа сувязі з усталяваным на ёй расейскім рэтрансьлятарам у акупаваным Расеяй Крыме. Скрышот зь відэа Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Міністэрства абароны Украіны. 7 траўня 2026 году

Што зьмянілася пасля ўльтыматуму Зяленскага

24 чэрвеня Зяленскі прызнаў, што ня ведае, ці былі рэтрансьлятары дэмантаваныя, але канстатаваў, што з 22 чэрвеня яны перасталі працаваць.

Галоўнае — не дапусьціць, каб гэта перарасло ў поўнамаштабны канфлікт. Тое, чаго хоча Расея

Анатоль Храпчынскі адзначае, што Ўкраіна невыпадкова спачатку зьвярнулася да Беларусі з патрабаваньнем дэмантаваць гэтыя сыстэмы. Паводле яго, фізычна зьнішчыць такое абсталяваньне для Ўкраіны не было б праблемай, пашкодзіўшы апаратуру на вежы нават безь яе поўнага зьнішчэньня. Яшчэ адным варыянтам магло стаць выкарыстаньне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы для глушэньня каналаў сувязі, што фактычна паралізавала б працу ня толькі рэтрансьлятараў, але і мабільнай сувязі ў пэўным раёне.

«Мы маглі б выкарыстаць сродкі радыёэлектроннай барацьбы і заглушыць якія-хаця сыгналы сувязі ў гэтым кірунку. Фізычна зьнішчыць гэтыя сыстэмы таксама не праблема. Але галоўнае — не дапусьціць, каб гэта перарасло ў поўнамаштабную эскаляцыю. Менавіта таму прэзыдэнт Украіны спачатку зьвярнуўся да Лукашэнкі з патрабаваньнем прыбраць гэтае абсталяваньне. Галоўнае — не дапусьціць, каб гэта перарасло ў поўнамаштабны канфлікт. Тое, чаго хоча Расея, тое, што яна робіць, напрыклад, з тым самым аўтобусам зь дзецьмі», — кажа Храпчынскі.

Трэба браць пад увагу, ці няма дадатковых вежаў, напрыклад, у памежных з Польшчай рэгіёнах

Разам з тым экспэрт не ўважае, што тэма рэтрансьлятараў вычарпаная. Паводле яго, украінскія вайскоўцы дасьледуюць перадусім тыя аб’екты, якія могуць выкарыстоўвацца для атак супраць Украіны. Таму тое, што адбываецца на іншых участках беларускай тэрыторыі, у тым ліку каля межаў з краінамі Эўразьвязу, Кіеву можа быць невядома.

«Расея можа выкарыстаць інфраструктуру Беларусі для атакі на Эўразьвяз. Мы дасьледуем тое, што датычыцца непасрэдна нас. Але мы не глядзелі з боку Берасьця, ці ёсьць там нешта. Мы гэтага не дасьледавалі, бо гэта ў меншай ступені тычыцца нас. Таму трэба браць пад увагу, ці няма дадатковых вежаў, напрыклад, у памежных з Польшчай рэгіёнах, якія маглі б адыграць сваю ролю пры атаках на тэрыторыю Эўразьвязу. Расея актыўна спрабуе запалохаць эўрапейскія краіны, разьмяшчаючы сродкі паражэньня як мага бліжэй да іх межаў (гаворка ў тым ліку пра разбудову некалькіх расейскіх пляцовак для запуску „шахедаў“ каля межаў Беларусі. — РС], каб скараціць час на рэагаваньне. Таму ўсякае падобнае разгортваньне інфраструктуры ў Беларусі таксама трэба ўспрымаць як патэнцыйную пагрозу», — кажа Анатоль Храпчынскі.