Хроніка перасьледу 24 чэрвеня: з аўкцыёну прадалі лецішча праваабаронцы Хільмановіча. На чарзе яго кватэра

Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

З аўкцыёну прадалі лецішча праваабаронцы Хільмановіча

23 чэрвеня адбыўся аўкцыён, на якім прадавалі лецішча ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёну. Яго ўладальнік — праваабаронца і журналіст з Горадні Ўладзімер Хільмановіч. Надзел зямлі знаходзіцца непадалёк берагу Нёмана. Знайшлося два ахвотныя пакупнікі, якія ўдзельнічалі ў аўкцыёне. Лецішча прадалі за 3 тысячы 242 рублі, піша Горадзенская праваабарона.

У мінулыя 4 аўкцыёны плян прадаць лецішча Хільмановіча не спрацоўваў: не знаходзіліся ахвочыя паўдзельнічаць у аўкцыёне.

Праз тыдзень чакаецца яшчэ адзін аўкцыён па продажы нерухомасьці Хільмановіча — прадаюць кватэру праваабаронцы.

Органы судовага выкананьня канфіскавалі раней і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Ўладзімера Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну).

Улады прымусова распрадаюць маёмасьць Хільмановіча з-за палітычнага прысуду. Сам праваабаронца, журналіст і публіцыст з 2021 года знаходзіцца за мяжой. Яго асудзілі завочна. Хільмановічу завочна пакаралі зьняволеньнем, а таксама штрафам у 40 тысяч рублёў. З-за гэтага штрафу ўлады пазбаўляюць Хільмановіча яго маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: улады асудзілі больш за 100 дзеячоў культуры

Выставілі на продаж яшчэ некалькі ікон, арыштаваных у ксяндза Акалатовіча

Сярод новых лотаў: ікона «Вялікапакутніца Параскева Пятніца» і ікона «Маці Божая Трох Радасьцей», піша @christianvision.

Гаворка ідзе пра маёмасьць каталіцкага сьвятара Генрыха Акалатовіча, якую ўлады працягваюць распрадаваць для пагашэньня нібыта даўгоў пасьля ягонага вызваленьня з турмы і вымушанага выезду зь Беларусі.

Акрамя таго, на таргі паўторна выстаўлена ікона «Паўстаньне Хрыста ад труны». Раней яе пачатковая цана складала 4000 BYN, цяпер лот выстаўлены ўжо за 3200 BYN.

Раней у ксяндза Генрыха Акалатовіча ўжо арыштавалі і выстаўлялі на продаж аўтамабіль, зямельны ўчастак і старажытныя іконы.

Хто такі Генрых Акалатовіч

Затрымалі сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча 16 лістапада 2023 году. 8 красавіка сёлета Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.

Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу аб «здрадзе дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведкаў, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».

Пра вызваленьне сьвятороў Генрыха Акалатовіча, асуджанага на 11 гадоў калёніі, і Анджэя Юхневіч, асуджанага на 13 гадоў калёніі, паведамілі ў лістападзе 2025 году.

Сам сьвятар па-ранейшаму знаходзіцца ў Рыме, куды яго вывезьлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу па вызваленьні. Яны працягваюць аднаўляцца пасьля доўгага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 23 чэрвеня: былога афіцэра ўнутраных войскаў асудзілі ў палітычнай справе

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.