Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.
Беларуская рада культуры паведаміла, што ўлады асудзілі на пазбаўленьне ці абмежаваньне волі 82 дзеячоў культуры, яшчэ 8 чалавек знаходзяцца пад сьледзтвам у СІЗА.
Згодна з паведамленьнем арганізацыі, у 27 выпадках прысуд невядомы, апроч таго, ёсьць людзі, асуджаныя на так званую «хатнюю хімію».
У Беларускай радзе культуры адзначылі, што адсочваюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў культуры, каб своечасова фіксаваць парушэньні, ацэньваць маштаб ціску на культуру і арганізоўваць дапамогу тым, хто яе патрабуе.
Жыхара Менску будуць судзіць за камэнтар пра Лукашэнку ў 2021 годзе
У правабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў суд накіравалі справу супраць 42-гадовага менчука, якому інкрымінавалі ч. 1 артыкулу 368 («абраза Лукашэнкі») і арыкул 369 Крымінальнага кодэксу («абраза прадстаўніка ўлады»).
Мужчыну абвінавачваюць у «абразе» Лукашэнкі і «прадстаўнікоў Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу».
Камэнтары ён пакінуў у жніўні–сьнежні 2021 году.
Улады дадалі 21 чалавека ў сьпіс «тэрарыстаў»
Сярод іх 8 жанчын.
Вольга Байкоўская
Дзьмітры Барысевіч
Вольга Вошчанка
Руслан Зубкоў
Аляксандар Катлянік
Арыстарх Крукоўскі
Вадзім Крывашэеў
Аляксандар Любячнук
Андрэй Мацюк
Юрый Очкас
Людміла Пракапеня
Сяргей Стасенка
Вольга Строева
Ганна Струкава
Надзея Сычугова
Мікалай Тарасенка
Галіна Фралова
Аляксандар Чарняковіч
Натальля Чубоўская
Максім Шабуцкі
Віктар Яўмененка
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1458 чалавек, з іх 714 — беларусы, адзначае «Вясна».
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум