Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце ЗША Чак Шумэр адказвае на пытаньні падчас прэс-канфэрэнцыі лідэраў дэмакратаў у Сэнаце. Вашынгтон, 23 чэрвеня 2026 году
Гэта першая такая рэзалюцыя аб ваенных паўнамоцтвах, прынятая і Палатай прадстаўнікоў, і Сэнатам.
Верхняя палата Кангрэсу ЗША невялікай перавагай галасоў падтрымала законапраект, які патрабуе спыненьня вайны супраць Ірану і абавязвае прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, калі ён вырашыць аднавіць вайну, зьвярнуцца па ўхваленьне ў Кангрэс, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Сэнат ухваліў заканадаўчы акт 23 чэрвеня 50 галасамі супраць 48 — да дэмакратаў далучыліся чатыры рэспубліканцы. Акт патрабуе ад Трампа вывесьці амэрыканскія войскі з канфлікту з Іранам, калі на ваенныя дзеяньні ў рэгіёне ня будзе спэцыяльнага дазволу Кангрэсу.
Рэзалюцыю ня будуць падаваць Трампу для зацьвярджэньня яго подпісам, і не адразу было зразумела, як яна паўплывае на канфлікт ЗША з Іранам, якія зараз, падчас спыненьня агню, вядуць перамовы аб мірным пагадненьні .
«З прыняцьцем Сэнатам маёй рэзалюцыі аб паўнамоцтвах у вайне супраць Ірану абедзьве палаты цяпер далі зразумець, што прэзыдэнт ня можа працягваць гэтую вайну з уласнага выбару і павінен спыніць усе ваенныя дзеяньні супраць Ірану», — заявіў пасьля галасаваньня Грэгары Мікс, высокапастаўлены дэмакрат у Камітэце замежных справаў.
«Незалежна ад таго, што кажа прэзыдэнт Трамп, гэты крок абавязковы ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй аб ваенных паўнамоцтвах, і я вывучу ўсе законныя шляхі, каб гарантаваць, што выканаўчая ўлада будзе выконваць волю Кангрэсу», — дадаў Мікс.
Цягам апошніх месяцаў сэнатары-дэмакраты ня раз выносілі на разгляд законапраекты аб спыненьні вайны, якія адхіляла рэспубліканская большасьць. Рэспубліканцы маюць нязначную большасьць таксама ў Палаце прадстаўнікоў.
Трамп скрытыкаваў Сэнат за прыняцьце акту аб ваенных паўнамоцтвах
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скрытыкаваў Кангрэс за прыняцьце ў значнай ступені сымбалічнага законапраекту «Аб ваенных паўнамоцтвах», распрацаванага дзеля спыненьня вайны ў Іране.
У паведамленьні ў сацыяльных сетках Трамп назваў яго «нясвоечасовым і бессэнсоўным».
«Гэтыя сэнатары толькі ўскладнілі маю працу, але я выканаю яе так ці інакш, бо я заўсёды спраўляюся!» — паскардзіўся Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Ён напісаў, што менавіта ў той час, калі Іран «гатовы даць нам усё» і «паважае Злучаныя Штаты» і яго самога, «Сэнат ЗША вырашае правесьці няўдала прызначанае і бессэнсоўнае галасаваньне за Закон аб ваенных паўнамоцтвах, заявіўшы спонсару тэрору нумар адзін у сьвеце, што Злучаным Штатам не падабаецца тое, што я раблю для іх, і я павінен спыніцца».