Валянцін Рыбакоў ня выступіў, а прадстаўнік Украіны ў сваёй прамове не згадаў пра ўльтыматум Зяленскага Лукашэнку. Чаму? Свабода спытала ў кіраўніка Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва Валера Кавалеўскага.
Кавалеўскі пацьвердзіў: сапраўды чакалася, што ў пасяджэньні ў ААН выступіць і Валянцін Рыбакоў, сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН, аднак гэтага не адбылося.
«Я думаю, што асноўная прычына гэта ў тым, што беларускі бок проста не хацеў удзельнічаць у эскаляцыі тэмы, не хацеў падліваць алею ў агонь, ну і такім чынам пазьбегнуў гэтай размовы, хаця тэма, якая першапачаткова заяўлялася ці меркавалася, што яна будзе абмяркоўвацца, гэта ўдар па беларускім аўтобусе на расейскай тэрыторыі».
Другая тэма, паводле Кавалеўскага, якую беларускі бок мог згадаць у ААН, гэта ўльтыматум Зяленскага Лукашэнку аб дэмантажы цягам тыдня расейскіх рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі, якія могуць выкарыстаўвацца для ўдараў па Ўкраіне.
«Тое, што Рыбакоў ня стаў удзельнічаць у гэтым, мне падаецца, выклікана тым, каб не надаваць нейкага новага імпульсу гэтай сьпіралі эскаляцыі, нават вэрбальнай, гэта досыць небясьпечна. І мы бачым, што за апошнія паўгоду беларускі бок асэнсавана адыходзіў ад магчымасьцяў таго, каб удзельнічаць, адказваць на тыя атакі вэрбальныя, якія мы чулі з боку Кіева. А што тычыцца ўкраінскага боку, то сапраўды мяне выклікала зьдзіўленьне, што Ўкраіна не скарысталася магчымасьцю расказаць міжнароднай супольнасьці пра тую немінучую пагрозу, якая сыходзіць з боку Беларусі, пра якую казаў прэзыдэнт Зяленскі, бо Рада бясьпекі ААН — гэта тое самае месца, дзе трэба абазначаць такія праблемы».
Кавалеўскі мяркуе, што ва Ўкраіны няма дастатковых сьведчаньняў для таго, што сапраўды такая пагроза існуе.
«Гэта не азначае, што яе няма. Я думаю, што тут ва ўкраінцаў якраз такі легітымная гісторыя, якую варта прыносіць у Раду бясьпекі ААН, але сьведчаньняў гэтага наўпрост у іх яшчэ не існуе. Ну, і па-другое, гэта тое, што яны разумеюць, што Беларусь не зьяўляецца бокам канфлікту на сёньняшні дзень. На сёньня гэта двухбаковы канфлікт Украіны і Расеі. Гэта вельмі важна, таму што ўсё ж такі любыя спробы пагражаць Беларусі, уцягваць яе ў гэтую вайну, наносіць удары па Беларусі, могуць разглядацца ўжо як акт агрэсіі з боку Украіны. І Украіна тут, канешне, не хацела б такой сытуацыі, калі яна разглядалася б ужо як фактычна дзяржава, што парушае міжнароднае права».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ультыматум Зяленскага як фактар рызыкі: пазіцыі Кабанчука і БруханаЧаму гэта важна
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну.
Палітык заклікаў фактычнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Украіна прыбярэ іх сама.
Прэзыдэнт Украіны таксама абвінаваціў Беларусь у пастаўках нафтапрадуктаў для расейскага войска.
«Мы робім усё, каб расейцы не прадавалі нафту і не давалі дызэльнага паліва і нафты сваёй арміі, бо ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас. Сёньня ён адзін з галоўных пастаўнікоў для расейскай арміі. Гэта Лукашэнка, гэта Беларусь. Ці можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў ягоных сілах і што ён кантралюе гэта», — сказаў Зяленскі.
Паводле Зяленскага, рэтрансьлятары ўсталяваныя ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях — уздоўж мяжы з Украінай.
«Менавіта такое абсталяваньне зрабіла магчымымі ўдары па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласьцях — па нашай энэргетычнай інфраструктуры, па чыгунцы, па звычайных гарадах і вёсках. У Беларусі ёсьць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяваньне», — адзначыў Зяленскі.
Украіна таксама ведае пра кожнае беларускае прадпрыемства, якое працуе на расейскае войска, заявіў Зяленскі.