«Абстаноўка, запэўніў Іван Крупко, хоць у цэлым і няпростая, але стабільная і кантраляваная. Пытаньням бясьпекі надаецца самая пільная ўвага», — паведаміла па выніках сустрэчы прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі.
Сам Лукашэнка «перадаў гамяльчанам сваю просьбу — не хвалявацца і не турбавацца»:
«У нас ёсьць усё неабходнае, каб абараніць насельніцтва ад любага агрэсара», — працытавала Лукашэнку яго прэсавая служба.
Паводле кіраўніка выканаўчай ўлады ў Гомельскай вобласьці, галоўная мэта заяў Зяленскага — «зьбіць хвалю пасьля абстрэлу аўтобусу», у якім пацярпелі беларускія дзеці. Іван Крупко адзначыў, што такую думку падзяляюць жыхары Гомельшчыны.
«Усе мы разумеем, што дзеці ні ў чым не вінаватыя, таму ўзьнялася новая хваля з пытаньням, якога фактычна няма. Мы разумеем гэтыя трукі-хітрыкі, калі ўздымаецца іншая тэма і такім чынам адводзіцца ад асноўнай тэмы, якую абмяркоўваюць жыхары Гомельскай вобласьці, ды і ўсёй краіны аб той трагедыі, якая адбылася з абстрэлам аўтобусу», — дадаў Іван Крупко.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама дадаў, што паведаміў Лукашэнку, як адбывалася ўзаемадзеяньне з уладамі Расеі пасьля гэтага інцыдэнту, і якая сытуацыя на мяжы з Украінай.
«Не таямніца, што памежнікі ўжо ня першы год нясуць узмоцненую службу па кантролі за мяжой, па ўзаемадзеяньні з насельніцтвам, зь іншымі службамі сілавога блёку. Таму ў цэлым сытуацыя складаная, але стабільная і кантраляваная, і пытаньні бясьпекі — на самым важным узроўні», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве заявілі, што Расея цяпер вэрбуе людзей для дывэрсіяў супраць Украіны ў БеларусіЧаму гэта важна
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну.
Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту і папярэдзілі, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у сваю вайну.