Як паведамляе агенцтва BNS, «у сувязі зь перафарматаваньнем кіроўнай кааліцыі ўрад прэм’ер-міністра ад сацыял-дэмакратаў Інгі Ругінене ў аўторак завяршае сваю працу. 23 чэрвеня адбылося апошняе паседжаньне цяперашняга кабінэту міністраў.
Пастанову аб адстаўцы ўраду міністры ўхвалілі аднагалосна.
«Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, нам ёсьць чым ганарыцца. Кожны з вас унёс значны ўклад у дабрабыт нашай дзяржавы. Сёньня мы прымаем рашэньне пайсьці ў адстаўку і скласьці паўнамоцтвы ўраду прэзыдэнту рэспублікі», — заявіла Ругінене.
Пастанову аб адстаўцы ў аўторак перададуць прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, які даручыць кабінэту Ругінене выконваць абавязкі да фармаваныя наступнага ўраду. Апошні цягам 15 дзён павінен падаць Сейму Літвы кандыдатуру новага прэмʼер-міністра. У адпаведнасьці з кааліцыйным пагадненьнем на гэтую пасаду будзе вылучаны лідэр сацыял-дэмакратаў Міндаўгас Сінкявічус.
Пасьля ўхваленьня Сеймам кандыдатуры новага прэмʼера той мае цягам 15 дзён падаць парлямэнту ўзгоднены з прэзыдэнтам склад кабінэту міністраў і праграму ўраду для зацьверджаньня.
Новая кіроўная большасьць была сфармаваная пасьля таго, як сацыял-дэмакраты скасавалі кааліцыйнае пагадненьне з партыяй «Зара Нёмана».
На мінулым тыдні кааліцыйную дамову падпісалі кіраўнікі трох фракцыяў — Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, Дэмакратычнага зьвязу «Ў імя Літвы» і Літоўскага зьвязу сялян, «зялёных» і хрысьціянскіх семʼяў. Новая кааліцыя мае 75 галасоў у Сейме.
Чакаецца, што Ругінене вернецца на працу ў Міністэрства сацыяльнай абароны і працы.
Што вядома пра пазыцыю Ругінене і Сінкявічуса адносна Беларусі
Ругінене заяўляла жорсткую пазыцыю што да пачатку дыялёгу з уладамі Беларусі.
«Пазыцыя ўраду ясная: мы гатовыя, але мы таксама хочам бачыць добрую волю зь іншага боку. Мы хочам доўгатэрміновых рашэньняў, без мэтанакіраваных запускаў балёнаў па нашым аэрапорце, мы хочам доўгатэрміновых рашэньняў у дачыненьні да мігрантаў, хоць наша мяжа добра ахоўваецца, супрацоўнікі пільна рэагуюць на гэта, але спробы прадпрымаюцца. Гэтыя ўмовы ўзьніклі ў выніку дзеяньняў Беларусі», — заявіла яна ў красавіку, калі ўлады ЗША прапанавалі Літве пайсьці на дыялёг з Лукашэнкам.
Асноўны кандыдат на пасаду прэмʼера, лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Міндаўгас Сінкявічус выказваўся наконт адносінаў з Беларусьсю больш асьцярожна, заяўляючы, што пазыцыя Літвы павінна быць узгодненая з партнэрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Рыхтуемся да горшага». Якія высновы зрабілі ў Літве пасьля прылёту дрона зь БеларусіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва перадала ICAO новыя доказы інцыдэнтаў зь беларускімі балёнамі, якія перашкаджалі самалётам у ВільніЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.