«Украіна працягвае ціснуць на Беларусь, каб яна спыніла беспасярэднюю падтрымку расейскіх вайскоўцаў. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі трэці раз з 19 чэрвеня публічна запатрабаваў ад Беларусі дэмантаваць рэтрансьлятары сыгналу на беларуска-ўкраінскай мяжы, якія дапамагаюць расейскім войскам каардынаваць удары дронаў па Ўкраіне», — сказана ў справаздачы ад 22 чэрвеня.
Апроч таго, экспэрты зьвярнулі ўвагу на патрабаваньне Зяленскага да Беларусі спыніць пастаўкі паліва расейскаму войску, а таксама на інфармацыю з розных крыніц аб адключэньні сыгналу расейскага мабільнага апэратара МТС у Беларусі і на зьняпраўджаньні гэтай інфармацыі.
«Статус функцыянаваньня МТС у Беларусі застаецца няясным», — адзначылі экспэрты ISW.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі расказаў, ці адрэагаваў Лукашэнка на яго ўльтыматумПуцін захацеў абмеркаваць заявы Зяленскага з Лукашэнкам
Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на прэсавага сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова паведаміла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мерыцца неўзабаве абмеркаваць заявы Зяленскага з Лукашэнкам.
Пры гэтым Пяскоў абвінаваціў Зяленскага ва «ўмяшаньні ва ўнутраныя справы» і ў «замаху на сувэрэнітэт» Беларусі.
«У нас няма ніякіх сумневаў, што кіраўнік Беларусі і сама Беларусь у стане свой сувэрэнітэт забясьпечыць», — сказаў прэсавы сакратар Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як у Менску адрэагавалі на ўльтыматум ЗяленскагаШто папярэднічала
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».