У спэцыяльным выпуску «ПіКа Свабоды» абмяркоўваюць палітычны аналітык з Кіева Ўладзімір Фясенка і беларускі палітычны аналітык Юры Дракахруст, кіраўнік агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы, былы намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук, сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.
Глядзець дыскусію на відэа цалкам
00:00 – Ці пагражае Беларусі ўльтыматум Зяленскага
05:36 – Ці можа Лукашэнка стаць «новым Манэргеймам». Вадзім Кабанчук
07:07 – Ці пралічыў Зяленскі наступныя крокі. Уладзімір Фясенка
13:03 – Якія задачы перад Лукашэнкам і дэмсіламі, каб ня даць уцягнуць Беларусь. Валер Кавалеўскі
17:00 – Роля ЗША, Кітаю і ЭЗ у перадухіленьні эскаляцыі.
21:34 – Каму выгадна, каб Беларусь уцягнулі ў вайну. Юры Дракахруст
24:21 – Арцём Брухан: круглы стол як шлях да міру
33:12 – Беларускія НПЗ, верагодныя новыя патрабаваньні і што будзе далей
Тут фрагмэнт гутаркі
— Сёньня трэці дзень ультыматуму прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімер Зяленскага Аляксандру Лукашэнку аб спыненьні дзейнасьці рэтрансьляцыйных станцыяў. Расея разгарнула ў Беларусі чатыры рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцях — уздоўж мяжы з Украінай — для карэкцыі ўдараў дронамі па ўкраінскіх гарадах. Што зробіць Украіна, калі Лукашэнка не дэмантуе рэтрансьлятары?
Уладзімір Фясенка: Магчыма, нічога ня зробіць. Усё абмяжуецца рыторыкай. Іншы варыянт, на мой погляд, быў бы найбольш мэтазгодным, але для гэтага ня трэба было б выстаўляць менавіта ўльтыматумы. Гэта разьвязаньне праблемы ў закрытым рэжыме. Непублічна, нефармальна. Альбо гэтыя рэтрансьлятары спыняць сваю дзейнасьць без, скажам так, публічнага пацьвердженьня з боку беларускай улады, але ня будуць дзейнічаць так, як раней.
Іншы варыянт — нейкія партызаны, як гэта было некалькі разоў раней, зробяць гэтыя рэтрансьлятары непрацаздольнымі. Гэта таксама варыянт, які б задаволіў ува ўсякім разе украінскі бок, але так, каб не было наўпрост баявых дзеяньняў з боку Украіны. Тэарэтычна магчыма, на жаль, але я думаю, што гэта не найбольш імаверны сцэнар.
Магчымая і нейкая атака дронамі, напрыклад, супраць гэтых рэтрансьлятараў. Але гэта быў бы, на мой погляд, вельмі рызыкоўны сцэнар, які мог бы стаць падставай для ўмяшаньня Расеі на баку Беларусі і для пачатку як мінімум паветраных баявых дзеяньняў паміж нашымі краінамі. Гэта быў бы, на мой погляд, найгоршы і няправільны сцэнар разьвіцьця падзеяў.
Пакуль што ўсё абмяжоўваецца, на мой погляд, рытарычнай эскаляцыяй, і дай Бог, каб на гэтым усё і спынілася.
— Якія крокі можа, а якія нчя можа зрабіць Лукашэнка публічна і непублічна, каб не дапусьціць удару Ўкраіны па Беларусі?
Юры Дракахруст: Самае простае і самае пажаданае — каб ён сапраўды прыбраў гэтыя рэтрансьлятары. Прыбраў, заглушыў — як заўгодна, калі б пытаньне было вырашана. Але імавернасьць гэтага ня вельмі вялікая. З аднаго боку, таму што Лукашэнку як палітычнай жывёліне вельмі складана саступіць публічнаму ўльтыматуму, агучанаму ў фармаце Urbi et orbi. З другога боку, магчыма, гэта ўвогуле не ад яго залежыць, а будзе вырашаць Масква — ці варта гэта рабіць, ці не варта.
І таму варыянт, што рэтрансьлятары будуць проста адключаныя, мне здаецца малаімаверным. Магчыма, гэта можа стаць вынікам нейкай шырэйшай дыпляматыі, у якую залучаныя, скажам, і Злучаныя Штаты, і Эўропа, і, магчыма, Кітай, бо ў сытуацыі эскаляцыі і пашырэньня тэатру ваенных дзеяньняў, на першы погляд, мала хто зацікаўлены. Але так можа атрымацца, бо ўсе маюць сваю годнасьць, ніхто ня хоча страціць твар, а сытуацыя ўльтыматуму стварае рызыку страты твару кім-небудзь. І ў гэтым сэнсе, як Уладзімір кажа, што можа нічога не быць, а Зяленскі скажа: «Я яшчэ на месяц працягну свой ультыматум», — гэта ўжо пэўная страта твару. Таму вельмі складана сказаць, як будзе разьвівацца сытуацыя далей. Пакуль выключыць кінэтычныя ўдары па гэтых аб’ектах цяжка. Якімі будуць наступныя крокі — таксама вельмі складана прадказаць. І малаімаверна, што Лукашэнка скажа: «Ну што ж, такі лёс, зьнішчылі ўкраінцы гэтыя рэтрансьлятары — ну і Бог з імі». Наўрад ці так будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кавалеўскі: І ўлады, і дэмакратычныя сілы аб’ядноўвае адна мэта — пазьбегнуць вайныГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ультыматум Зяленскага як фактар рызыкі: пазіцыі Кабанчука і БруханаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Надыходзіць час плаціць па рахунках», — Карбалевіч пра ўльтыматум Зяленскага Лукашэнку«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.