Як паведаміла выданьне newsgeorgia.ge, такія лічбы 22 чэрвеня абнародавала нацыянальная статыстычная служба пасьля падвядзеньня вынікаў перапісу 2025 году.
Частка замежных грамадзян складае 3,4 % (133 857 чалавек). Найбольшая нацыянальная група — грамадзяне Расеі (37 715 чалавек), на другім месцы грамадзяне Індыі (23 925), на трэцім грамадзяне Ўкраіны (11 542).
Грамадзян Беларусі налічылі 4 473 чалавекі. Беларусы займаюць 7 месца пасьля грамадзян Азэрбайджану (8309), Армэніі (5381) і Турэччыны (5262).
Выданьне зьвярнула ўвагу на тое, што, згодна з папярэднімі вынікамі, іншаземцаў было больш — 257 000 чалавек.
«У абноўленых зьвестках лік іншаземцаў, якія стала пражываюць у Грузі, скарацілася амаль у два разы. Імаверна, гэта зьвязана з удакладненьнем патрабаваньня — для ўдзелу ў перапісу тэрмін пражываньня замежнага грамадзяніна ў Грузіі павінен быў перавышаць 12 месяцаў», — адзначылі журналісты.
У жніўні 2025 году, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Грузіі пражывалі каля 12 тысяч беларусаў, якія пакінулі сваю краіну праз пагрозу рэпрэсіяў. Іх колькасьць пачала паступова зьмяншацца пасьля ўвядзеньня больш жорсткіх міграцыйных правілаў.
Афіцыйныя лічбы ўлады Грузі не агучвалі. Улады Грузіі, якія прадстаўляюць партыю прарасейскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, не ўхвалілі ніводнага станоўчага рашэньня аб наданьні грамадзянам Беларусі статусу ўцекача або гуманітарнага статусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусы застаюцца другой паводле колькасьці групай замежных работнікаў у ПольшчыЧаму гэта важна
11 чэрвеня Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR) апублікавала справаздачу аб тэндэнцыях міграцыі і найноўшую афіцыйную статыстыку аб уцекачах, асобах, якія шукаюць прытулку, унутрана перамешчаных асобах і асобах без грамадзянства па ўсім сьвеце за 2025 год.
Згодна з дакумэнтам, летась зь Беларусі выехалі 19 500 чалавек. Упраўленьне ААН у справах уцекачоў прызнала 27 500 беларусаў вымушанымі перасяленцамі (тымі, хто мусіў пакінуць дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэньня правоў чалавека ці прыродных катастрофаў), столькі ж атрымалі дапамогу і абарону ААН, і яшчэ 8100 чалавек шукалі прытулку.
Беларусы пачалі масава пакідаць сваю краіну з 2020 году, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў улады актывізавалі палітычна матываваны перасьлед, крыміналізуючы ўдзел у акцыях пратэсту, антываенную пазыцыю і нацыянальную ідэнтыфікацыю грамадзян. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Беларусі Генадзь Коршунаў называе лічбу 600 000 чалавек, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году. Гэтая лічба, на думку сацыёляга, улічвае эміграцыю і ў Грузію, Ізраіль ды іншыя краіны.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў яшчэ ў 2023 годзе называў лічбу 350 000 чалавек, якія эмігравалі зь Беларусі.