Зяленскі расказаў, ці адрэагаваў Лукашэнка на яго ўльтыматум

Уладімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт краіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Аляксандар Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на яго ўльтыматум аб спыненьні дзейнасьці рэтрансьляцыйных станцыяў на карысьць Расеі.

«Ня маю ніякай рэакцыі (Лукашэнкі)», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію тэлеканалу «1+1».

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што перш чым зрабіць публічную заяву пра гэта, з уладамі Беларусі спрабавалі кантактаваць на ўзроўні выведных і вайсковых ведамстваў.

«На ўзроўні выведак і вайскоўцаў Беларусь атрымлівала інфармацыю: заканчвайце дапамагаць расейцам. Гісторыя з рэтрансьлятарамі — гэта доўгі працэс, за ім стаяць ахвяры выключна з боку Ўкраіны. Яны каардынуюцца тэхнічна і дапамагаюць больш дакладным пацэльваньням расейскіх і іранскіх дронаў па ўкраінцах. Лукашэнка атрымліваў гэтую інфармацыю і павінен дэманстраваць дээскаляцыю ня проста словамі „Я выбачаюся“. Сваё „выбачаюся“ няхай пакіне для сябе: яно не працуе пасьля першага дня вайны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі назваў колькасьць рэтрансьлятараў, адключэньня якіх напярэдадні запатрабаваў ад Лукашэнкі

Паводле яго, першым крокам павінна стаць адключэньне рэтрансьлятараў.

«Крок нумар адзін — ніякай тэхнічнай падтрымкі. Беспасярэдняя падтрымка — рэтрансьлятар. Выключыць гэта, зьняць і паказаць нам, што гэта зьнята. Паколькі гэта ім перадавалася неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сыгналу. Калі ён ня здыме, мы здымем усё. Таксама мы даем сыгнал: прыпыніце, калі ласка, пастаўку паліва для расейскай арміі. Тут няма ніякіх пагрозаў. Мы проста кажам, што мы гэта бачым. Першыя крокі заўсёды непублічныя, а наступныя крокі іншыя», — патлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Надыходзіць час плаціць па рахунках», — Карбалевіч пра ўльтыматум Зяленскага Лукашэнку

Рэакцыя Эўракамісіі

Эўрапейская камісія не засталася ўбаку ад папярэджаньня ўкраінцаў рэжыму ў Беларусі і пракамэнтавала падзеі. Прэс-сакратарка Эўракамісіі Аніта Гіпэр адзначыла, што ўкраінскі бок мае права на самаабарону. Яна таксама нагадала, што Беларусь апускаецца да правакацый супраць Эўразьвязу, у прыватнасьці, парушае паветраную прастору і выкарыстоўвае міграцыю як інструмэнт ціску.

«Мы можам нагадаць пра пазыцыю ЭЗ наконт Беларусі. Беларусь працягвае спрыяць расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Вось чаму Эўразьвяз увёў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і гатовы да далейшых мераў, пакуль улады Беларусі будуць працягваць дзейнічаць такім чынам».

Што папярэднічала і чаму гэта важна

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўпершыню выступіў з ультыматумам уладам Беларусі аб іх тэхнічнай дапамозе расейцам у карэкцыі ўдараў дронамі па рэгіёнах Украіны. Уладзімір Зяленскі заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня і папярэдзіў аб магчымых наступствах пры адмове гэта зрабіць.

Ад пачатку падтрыманай уладамі Беларусі поўнамаштабнай вайны Расеі Лукашэнка ня раз абразьліва выказваўся на адрас Уладзміра Зяленскага, але сёлета ў траўні ён заявіў аб гатоўнасьці сустрэцца зь Зяленскім і нават дапусьціў свой прыезд ва Ўкраіну. Аднак украінскі бок адразу даў зразумець: ніякага запрашэньня ня будзе. І пасьля гэтага адбыўся візыт у Кіеў Сьвятланы Ціханоўскай.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёю».

Пазьней Лукашэнка ўжываў пра Зяленскага словы «курнуў» і «кальнуў», падыгрываючы маскоўскай прапагандзе, якая даўно беспадстаўна заяўляе, што Зяленскі нібыта нарказалежны.

Пры гэтым ужо 15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Таксама ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім і прызнаў «уразьлівасьць» Беларусі перад Украінай. У Кіеве адрэагавалі


  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.