Сьцісла
- Чвэрць уніяцкіх цэркваў Беларусі не прайшлі перарэгістрацыю ў апошнія гады.
- Цяпер грэка-каталіцкія парафіі дзейнічаюць у васьмі беларускіх гарадах.
- Толькі ў адным горадзе Беларусі грэка-каталікі моляцца ў храме, які ад пачатку быў пабудаваны як грэка-каталіцкі.
- У Беларусі нельга вывучыцца на грэка-каталіцкага сьвятара.
- Да падзелаў Рэчы Паспалітай 75% жыхароў цяперашняй Беларусі вызнавалі ўніяцтва.
- У пачатку 1990-х многія ішлі ў грэка-каталіцкую царкву больш з нацыянальных матываў, чым з рэлігійных.
Яшчэ 250 гадоў таму тры чвэрці беларусаў былі ўніятамі, сёньня іх, імаверна, менш за 1%. Разьбіраемся, чаму аўтэнтычная рэлігійная канфэсія, якая магла б стаць для беларусаў нацыянальнай, амаль зьнікла на сваёй радзіме.
Мінус чвэрць
У Беларусі ў 2024 годзе былі зарэгістраваныя 16 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) парафіяў. Як стала вядома Свабодзе ад абазнаных крыніц, абавязковую перарэгістрацыю ў апошнія гады не прайшлі чатыры зь іх: у Берасьці, Баранавічах, Івацэвічах (то бок, усе ў Берасьцейскай вобласьці) і адна ў Воршы.
Маштабную перарэгістрацыю рэлігійных суполак улады Беларусі распачалі пасьля падпісаньня ў канцы 2023 году закону «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці рэлігійных арганізацый». Падаць дакумэнты на перарэгістрацыю ўсе рэлігійныя суполкі Беларусі мусілі да 1 ліпеня 2025 году. Сярод новых патрабаваньняў да вернікаў — поўная забарона на любую палітычную дзейнасьць, абавязковае беларускае грамадзянства кіраўніка аб’яднаньня, суполкі таксама мусілі падаць абноўленыя зьвесткі пра вернікаў — ня менш за 20 асобаў для парафіі ці іншага аб’яднаньня. Зрабіць гэта з розных прычынаў змаглі ня ўсе.
Сёлета Берасьце магло б стаць цэнтрам юбілейнага сьвяткаваньня — 430 гадоў таму ў гэтым горадзе падпісалі Берасьцейскую унію, якая і дала пачатак уніяцтву. Але зараз ні ў самім Берасьці, ні ў вобласьці ўніяцкіх суполак афіцыйна не засталося.
Беларуская грэка-каталіцкая царква ў Берасьці, архіўнае фота
Цяпер зарэгістраваныя супольнасьці засталіся ў васьмі беларускіх гарадах: у Менску (4 парафіі), Маладэчне, Віцебску (2 парафіі), Полацку, Горадні, Лідзе, Гомлі, Магілёве. Сытуацыя амаль вярнулася да стану 1996 году, калі ў краіне дзейнічалі 11 уніяцкіх парафіяў.
Як расказаў Свабодзе беларускі грэка-каталіцкі вернік Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), у адной з парафіяў, якая ў выніку прайшла перарэгістрацыю, вернікі маліліся ў гэтай інтэнцыі (з намерам, просьбай. — РС) да пратулінскіх пакутнікаў — вернікаў зь вёскі Пратулін (цяпер тэрыторыя Польшчы на мяжы зь Беларусьсю), якіх забілі расейскія жаўнеры ў 1874 годзе, бо тыя не хацелі перадаваць вясковую царкву праваслаўнаму сьвятару.
Пра сёньняшнюю колькасьць грэка-каталікоў у Беларусі афіцыйных зьвестак няма. Падчас апошніх перапісаў насельніцтва беларусам не задавалі пытаньня пра веравызнаньне. З словаў суразмоўцаў Свабоды, на грэка-каталіцкія багаслужбы ў Беларусі прыходзяць у сярэднім некалькі дзясяткаў вернікаў, на вялікія сьвяты — больш.
Уладзімер Хільмановіч
На думку грэка-каталіка з Горадні Ўладзімера Хільмановіча, усіх уніятаў у сучаснай Беларусі некалькі тысяч. Гэта менш, чым 1% насельніцтва краіны. Зь ім згодны іншы грэка-каталік Васіль* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС). Паводле суразмоўцы, актыўных вернікаў некалькі тысяч, а ўсіх ахрышчаных уніятаў-беларусаў можа быць 10-15 тысяч. Васіль успамінае, што на Вялікдзень у Менску ў Чырвоным касьцёле на грэка-каталіцкую літургію маглі сабрацца каля 500 чалавек.
75% беларусаў
Аднак уніяцтва магло стаць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў. Яшчэ ў 1791 годзе, да падзелаў Рэчы Паспалітай, 75% жыхароў цяперашняе Беларусі вызнавалі ўніяцкую веру.
Уніяцкую царкву стварылі ў Берасьці ў кастрычніку 1596 году. Берасьцейская унія аб’яднала праваслаўную і каталіцкую цэрквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Вернікі, якія дагэтуль былі праваслаўнымі, меліся прызнаваць вяршэнства Папы і асноўныя догматы каталіцкай царквы, абрады ж адбываліся як у праваслаўнай традыцыі і на роднай мове.
Былая грэка-каталіцкая царква ў Беразьвеччы. Фота: Ежы Рачыньскі, 1916 год
Прычын для уніі можна назваць некалькі. Па-першае, жаданьне адзінства. Пасьля падзелу хрысьціянства на заходняе і ўсходняе ў 1054 годзе прадстаўнікі розных канфэсіяў рабілі спробы ўзьяднацца.
«Людзі заўсёды імкнуцца да замірэньня, дыялёгу. У традыцыі нашага Вялікага Княства Літоўскага было імкненьне быць разам нават у людзей розных канфэсіяў. ВКЛ заўсёды вылучалася верацярпімасьцю», — мяркуе Уладзімер Хільмановіч.
Па-другое, імкненьне да сваёй нацыянальнай царквы.
«Людзі хацелі мець нешта сваё: не расейскае праваслаўе, ня рыма-каталіцтва, якое ў значнай ступені несла палянізацыю, а мець сваю нацыянальную царкву», — разважае Хільмановіч.
Па-трэцяе, каб адасобіцца ад Маскоўскага патрыярхату.
«У той час было вельмі шмат праваслаўных на нашых землях. Яны адчувалі сваю неабароненасьць, бо за некалькі дзясяткаў гадоў да Берасьцейскай уніі ўзьнік Маскоўскі патрыярхат. Ён быў моцным чыньнікам уплыву на праваслаўных у Беларусі», — тлумачыць грэка-каталіцкі вернік зь Менску Міхась* (мы не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля яго бясьпекі. — РС).
Занядбаная ўніяцкая царква сьвятога Анупрэя ў Пустынках каля Амсьціслава
Па-чацьвёртае, каб пераадолець крызіс у праваслаўі.
«Царкоўныя эліты разумелі, што яны прайграюць у цывілізацыйным, адукацыйным пляне каталіцкай царкве, якая тады стварыла езуіцкія калегіюмы. Уніяцтва давала доступ да адукацыі і ўладу ярархам, якія, пэўна, хацелі зраўняцца ў правах з каталіцкімі ярархамі, што мелі больш прывілеяванае становішча ў Рэчы Паспалітай», — тлумачыць Васіль.
Уніяцтва — унікальная для Беларусі зьява. Толькі яно мае ў сваёй абрадавасьці слова «беларуская». Усе іншыя цэрквы ў Беларусі — сусьветныя, тлумачыць Васіль.
«Гэта нацыянальная царква. Пакуль гэтая царква ўключала пераважную бальшыню насельніцтва Беларусі, яна фармавала нацыю», — разважае пра ўніяцтва Павал.
На думку Міхася, уніяцкая царква — гэта нешта аўтэнтычнае для беларусаў, што мае карані менавіта ў беларускай гісторыі. Ён зьвяртае ўвагу, што ва ўніяцкай царкве маліліся па-беларуску. І прыводзіць прыклад рэлігійнага гімна «О, мой Божа, веру Табе», які ў малітоўніку 1835 году быў напісаны блізка да сучаснай беларускай мовы.
Тэкст рэлігійнага гімна «О, мой Божа, веру Табе» у малітоўніку 1835 году на беларускай мове
«Думаю, грэка-каталіцкая царква добра адлюстроўвае нашую аб’яднаўчую тэндэнцыю, а таксама істоту і непадзельнасьць царквы», — разважае Міхась.
Гэта тое каштоўнае, што беларусы падаравалі сьвету, пераказвае Міхась словы гісторыка Сьвятланы Марозавай. Беларусь знаходзіцца на цывілізацыйным памежжы Захаду і Ўсходу. Уніяцкая царква — гэта спроба злучыць Захад і Ўсход у рэлігійным сэнсе, дадае Васіль.
Забарона ўніяцтва ў Расейскай імпэрыі
Заняпад уніяцтва пачаўся ў канцы XVIII стагодзьдзя, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі адышла да Расейскай імпэрыі. Ужо пасьля першага падзелу ў 1792 годзе, тлумачыць Васіль, пачалася дзяржаўная палітыка супраць уніяцтва.
У 1839 годзе Берасьцейскую унію на тэрыторыі Беларусі скасавалі, а ўніяцкую царкву зьліквідавалі. Гэта адбылося на Полацкім саборы з ініцыятывы ўніяцкага біскупа Язэпа Сямашкі, які супрацоўнічаў з уладамі Расейскай імпэрыі. У выніку пастанавілі ўсю ўніяцкую царкву ў Расейскай імпэрыі далучыць да праваслаўнай царквы, вернікаў перавесьці з уніяцтва ў праваслаўе, будынкі ўніяцкіх цэркваў перадавалі пад цэрквы праваслаўныя.
Ня ўсе хацелі мяняць веравызнаньне. У выніку тысячы чалавек, якія не хацелі пераходзіць у праваслаўе, трапілі пад рэпрэсіі, іх вывозілі ў Расею, у Сыбір. Каля ста сьвятароў падпісалі пратэст супраць пераходу ў праваслаўе — іх пазбавілі прыходаў і выслалі ў Расею. У адной зь вёсак, якая не хацела прымаць праваслаўнага сьвятара, улады паставілі на харчовае ўтрыманьне войска, расказвае Васіль.
Мастацкая выстава да 425-х угодкаў царкоўнай Уніі ў берасьцейскай грэка-каталіцкай царкве. Архіўнае фота
Туды, дзе вернікі асабліва моцна супраціўляліся прыходу праваслаўных сьвятароў, улады высылалі войска. Самым вядомым выпадкам такога супраціву стала вёска Пратулін над Бугам (побач з горадам Белай Падляскай). Тады расейскія жаўнеры расстралялі 13 нязгодных сялян і 200 паранілі.
У 1905 годзе ў Расейскай імпэрыі выйшаў указ пра верацярпімасьць. У выніку больш як 120 тысяч праваслаўных вернікаў, продкі якіх калісьці былі ўніятамі, перайшлі ў рыма-каталіцкую веру. Вызнаваць уніяцтва тады ўсё яшчэ было нельга.
У 1920-х гадах была спроба аднавіць уніяцтва ў Заходняй Беларусі — у Альбэртыне каля Слоніму, у Сынкавічах, на Століншчыне. Гэты рух называўся «нэа-унія». Найбольш вядомыя беларускія сьвятары таго часу — айцы Баляслаў Пачопка, Вячаслаў Аношка, Антон Неманцэвіч, Леў Гарошка. Аднак гэтая спроба аказалася няўдалай.
«Такія былі палітычныя падзеі, што „нэа-унія“ ня мела шанцаў. Гэтыя людзі былі або вымушаныя эміграваць, або былі закатаваныя, як лідэр гэтага руху Антон Неманцэвіч», — камэнтуе Хільмановіч.
Падпольле ў савецкі час
У савецкі час улады забаранялі вызнаваць якую-хаця рэлігію. Аднак некаторыя маліліся падпольна. Грэка-каталіцкія вернікі зьбіраліся ў 1970–1980-х гадах у Горадні, Менску, Берасьці, Віцебску, Полацку. Вывучалі гісторыю ўніяцтва, маліліся, падтрымлівалі кантакты зь беларускімі грэка-каталікамі ў Лёндане і Рыме.
Беларуская драўляная грэка-каталіцкая царква ў Лёндане, пабудаваная ў 2016 годзе. Трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лёндану за 2016 год
У Горадні ў савецкі час патаемна праводзіў багаслужбы айцец Віктар Данілаў, які ў незалежнай Беларусі афіцыйна стаў кіраўніком горадзенскай парафіі. Айцец Віктар паходзіў з расейскага Яраслаўля. Сем гадоў правёў у ГУЛАГу. У 1976 годзе яго патаемна высьвяцілі на сьвятара ў Кіеве. Пасьля гэтага айцец Віктар паехаў у Горадню і пачаў там сьвятарскае і місіянэрскае служэньне, пісаў і перакладаў рэлігійныя працы для самвыдавецтва, выяжджаў у місіі ў розныя гарады — да Сібіру і Каўказу. Служыў у Горадні да 2005 году. Ва ўзросьце 78 гадоў вярнуўся на радзіму.
Айцец Віктар Данілаў сустракаецца з Папам Янам Паўлам ІІ
Сьвятары, якія служаць беларускім уніятам, дагэтуль ня могуць стаць грэка-каталіцкімі сьвятарамі ў Беларусі, бо няма адпаведных установаў. Звычайна яны вучацца або ва Ўкраіне, або ў Польшчы. Уніяцкіх сьвятароў у Беларусі не хапае дагэтуль. У некаторыя парафіі сьвятар даяжджае зь іншага гораду.
Уздым у 1990-я
Канец 1980-х — пачатак 1990-х стаў пэрыядам нацыянальнага ўздыму і адраджэньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Першая публічная багаслужба ў грэка-каталіцкім абрадзе па-беларуску прайшла ў Кальварыйскім касьцёле ў Менску 11 сакавіка 1989 году. Яе правёў айцец Аляксандар Надсан, які прыехаў зь Лёндану, дзе ён служыў беларускай дыяспары. У 1986 годзе айца Надсана прызначылі апостальскім візытатарам для беларусаў-уніятаў. Потым айцец Надсан ня раз прыяжджаў у Беларусь, сустракаўся зь вернікамі, прывозіў гуманітарную дапамогу.
«Ягоная роля значная. Ён даў імпульс, штуршок», — кажа пра айца Надсана Павал.
Айцец Аляксандар Надсан. Архіўнае фота
У пачатку 1990-х гадоў пачалі рэгістраваць грэка-каталіцкія парафіі — у Гомлі, Менску, Берасьці, Горадні, Полацку, Віцебску, Лідзе. З словаў суразмоўцаў Свабоды, тады гэта было досыць лёгка зрабіць.
«Атмасфэра вельмі сямейная. Малое кола людзей. У бальшыні адно аднаго ведаем. Пасьля літургіі заўсёды можна застацца на гарбату-каву, пагаварыць, штосьці абмеркаваць, пра жыцьцё пагаманіць», — дзеліцца з Свабодай вернік зь Менску Міхась, які прыйшоў ва ўніяцкую царкву незадоўга да 2020 году.
Значнай асобай, якая адраджала ўніяцкую парафію ў Менску, быў айцец Ян Матусэвіч. Ён, рэжысэр з прафэсіі, адвучыўся ў праваслаўнай сэмінарыі Смаленску і ў каталіцкай сэмінарыі ў Польшчы. З канца 1970-х гадоў стаў пробашчам касьцёла ў Барунах. Пасьля паездкі ў беларускую місію ў Лёндан у 1988 годзе айцец Ян стаў служыць у Барунах па-беларуску. Гэтае мястэчка стала месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі, у тым ліку каб прыняць хрост. Айцец Ян хрысьціў менавіта ва ўсходнім абрадзе. Павал успамінае, што ў Менску ўніяцкія набажэнствы спачатку праводзілі ў музэі Багдановіча, таксама ў будынках рыма-каталіцкіх касьцёлаў.
Айцец Ян Матусевіч. Зьлева ад яго Міхал Дубянецкі і Сяргей Абламейка. Здымак зроблены 12 лістапада 1989 году ў Барунах, дзе айцец Ян быў пробашчам, на першым беларускамоўным сьвяткаваньні дня сьвятога Язафата
Большасьць грэка-каталіцкіх вернікаў дагэтуль зьбіраюцца ў памяшканьнях, прыстасаваных пад грэка-каталіцкую царкву. Гэта катэджы, былыя офісныя будынкі, якія перабудавалі пад рэлігійныя патрэбы, — як, прыкладам, у Віцебску, Горадні, Лідзе, Маладэчне, адной з парафіяў Менску.
У Гомлі грэка-каталікі моляцца ў рыма-каталіцкім касьцёле, у Магілёве — у рыма-каталіцкай капліцы на могілках, у Менску — у былым будынку касьцёла, раней зьбіраліся пры Чырвоным касьцёле. Толькі полацкія вернікі моляцца ў грэка-каталіцкім храме, які ад пачатку пабудавалі ў традыцыйных царкоўных канонах у 1996 годзе.
Грэка-каталіцкая царква Сьвятой Праскевы ў Полацку
Пабудаваць больш сваіх цэркваў грэка-каталікі ў сучаснай Беларусі ня здолелі, бо атрымаць дазвол на будаўніцтва было складана, да таго ж пабудаваць царкву сваімі высілкамі пры невялікай колькасьці вернікаў і безь фінансавай дапамогі дзяржавы было б надта дорага, разважае Ўладзімер Хільмановіч.
У 1989 годзе група моладзі пачала працу над першым паваенным грэка-каталіцкім часопісам «Унія». Таксама стварылі суполку «Унія», якую пазьней зарэгіструюць як суполку Таварыства беларускай мовы. Адной з чыннасьцяў беларускіх грэка-каталікоў стала пешая пілігрымка зь Віцебску ў Полацак сьлядамі Язафата Кунцэвіча і полацкіх пакутнікаў. Яе ладзілі штогод з 1995 году да пачатку пандэміі каранавірусу. Пілігрымка зьбірала па некалькі дзясяткаў чалавек.
Пілігрымка грэка-каталікоў зь Віцебску ў Полацак, 2013 год. Архіўнае фота
У 1994 годзе папа Ян Павал ІІ прызначыў айца Сяргея Гаека апостальскім візытатарам для грэка-каталікоў Беларусі, пазьней ён атрымаў тытул архімандрыта. Айцец Сяргей Гаек нарадзіўся ў Польшчы. Пасьля школы пайшоў у каталіцкі кляштар, стаў манахам. Падчас багаслоўскага навучаньня зацікавіўся беларускай культурай, усходняй літургіяй, кантактаваў зь беларускім біскупам Чаславам Сіповічам. Урэшце стаў кіраўніком беларускіх грэка-каталікоў.
Архімандрыт Сяргей Гаек на сьвяце магілёўскіх грэка-каталікоў, 2014 год. Архіўнае фота
«Ён шмат зрабіў. Пад яго ўплывам шмат моладзі пайшло вучыцца ў сэмінарыі», — кажа пра Гаека Павал.
«Узімку палілі дровамі ў камінку»
Гарадзенец Уладзімер Хільмановіч быў адным зь першых вернікаў новай грэка-каталіцкай царквы ў Горадні. Ён успамінае ў размове з Свабодай, што парафію стварылі дзякуючы айцу Віктару Данілаву. На ягоную думку, гэты сьвятар дапамог адрадзіць ня толькі ўніяцтва, але агулам хрысьціянства ў Горадні. Уладзімер адзначае, што да айца Віктара на размовы, дыскусіі прыходзілі ня толькі вернікі, але і няверучыя інтэлектуалы. Яго самога айцец Віктар ахрысьціў дарослым.
«Ён першы стаў зьбіраць горадзенскую моладзь і ня толькі. У нефармальных гутарках на тэму Бога нараджалася гэтая парафія. Сустрэчы праходзілі ў ягонай кватэры на вуліцы Курчатава. Ішлі розныя людзі, ня толькі беларусы, але і татары, і расейцы, якія шукалі свой шлях да справядлівасьці, да асэнсаваньня сьвету, да Бога. Адкрыўся час гістарычнай праўды. Людзі даведаліся пра ўніяцтва як гістарычную зьяву, як вялікі пласт нашай гісторыі», — успамінае Уладзімер.
Горадзенскія ўніяты пасьля набажэнства ў Гарадзкім доме культуры. У цэнтры айцец Віктар Данілаў (у кашулі) і архімандрыт Сяргей Гаек (у чорным сьвятарскім адзеньні). Архіўнае фота
Набажэнствы праходзілі ў доме культуры, у падвале бібліятэкі, Музэі гісторыі рэлігіі, у мастацкай галерэі «У майстра», у будынку, дзе месьціліся сядзіба Беларускага народнага фронту і рэдакцыя газэты «Пагоня». Прыходзілі па 10–25 чалавек, расказвае гарадзенец.
Парафія набыла ў цэнтры гораду будынак былой майстэрні архітэктара, які прыстасавалі пад патрэбы царквы.
«Там не было ацяпленьня, не было вады. Узімку палілі дровамі ў камінку. Патрэсквала вогнішча, часам выляталі маленькія вугалькі на сярэдзіну залі. Было вельмі цесна. Першыя малітоўнікі памнажалі на друкавальных машынках», — успамінае ўмовы, у якіх маліліся першы час горадзенскія ўніяты, Хільмановіч.
Парафіяльная вандроўка горадзенскіх уніятаў. Архіўнае фота
Акрамя багаслужбаў, яны зьбіраліся на размовы за гарбатай, на прагляды рэлігійных фільмаў, езьдзілі ў пілігрымкі, на сьвяткаваньне 400-годзьдзя Берасьцейскай уніі ў Берасьце. Хільмановіч успамінае пілігрымку ў Кастамлоты ў Польшчы, дзе ўшаноўваюць пратулінскіх пакутнікаў. Аднак вернікі доўга не маглі атрымаць візаў.
«Я тады прапанаваў айцу Віктару надзець чорную сутану і крыж. Калі мы зьявіліся ў аддзеле візаў і рэгістрацыяў, да нас ставіліся вельмі прыязна, нам былі адкрытыя ўсе дзьверы. Усё было вырашана», — усьміхаецца Ўладзімер.
Ён адзначае, што час ад часу, мо раз на год, на набажэнствы прыходзілі незнаёмыя людзі і потым зьнікалі — «людзі, якія, імаверна, пісалі потым справаздачы», — кажа пра іх Хільмановіч.
«Уступалі ў БНФ і ішлі ва ўніяцкую царкву»
Усе суразмоўцы Свабоды адзначаюць, што ў сучаснай Беларусі не было перасьледу грэка-каталіцкай царквы ці абмежаваньняў — да пачатку абавязковай перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў.
«Гэта быў лібэральны час, найлепшы час у нашай найноўшай гісторыі, калі было магчыма праводзіць набажэнствы, асьветніцтва», — мяркуе Уладзімер.
Урачыстая вечарына ў Менску ў гонар айца Аляксандра Надсана. 2008 год
Аднак Васіль адзначае, што ня ўсе ўніяцкія супольнасьці атрымлівалі дазвол на служэньне. Прыкладам, не ўдалося зарэгістраваць прыход у Пінску і аднавіць супольнасьць міжваенных часоў у вёсцы Бабровічы на Берасьцейшчыне, бо ў апошнім выпадку да верніц-бабуляў прыехалі кіраўнікі раёну і калгасу і адгаварылі іх. Не адразу атрымала дазвол на набажэнствы чарговая парафія ў Менску. Ён успамінае, што грэка-каталіцкую царкву публічна атакавалі праваслаўныя ярархі, асабліва наваградзкі япіскап Гурый.
Міхась заўважае, што беларускім грэка-каталікам не хапае свайго біскупа, які меў бы большыя паўнамоцтвы, чым апостальскі візытатар. Прыкладам, мог бы высьвячаць сьвятароў. Наяўнасьць біскупа дае царкве большую аўтаномнасьць і структурнасьць. Прызначыць яго для грэка-каталікоў можа папа Рымскі.
Росьпіс на сьценах у закінутай уніяцкай царкве Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Багародзіцы каля Амсьціслава
Чаму грэка-каталікі ня сталі ў незалежнай Беларусі пераважнай канфэсіяй, як гэта было калісьці?
«Адсутнасьць храмаў, перапыненасьць традыцыі, сіла інэрцыі, калі людзі ахрышчаныя ў рыма-каталіцтве ці праваслаўі. Людзі не хацелі быць „белымі варонамі“ — грэка-каталікамі. Не разумелі, што гэта такое, успрымалі стэрэатыпна — маўляў, гэта нейкая сэкта. У школах няма праўдзівай гісторыі. Савецкая ўлада адвучыла людзей ад хрысьціянскай веры», — пералічвае магчымыя прычыны, чаму ўніяцтва не адрадзілася да ранейшага ўзроўню, Уладзімер Хільмановіч.
Уздым уніяцкай веры ў 1990-я суразмоўцы Свабоды зьвязваюць таксама з агульным нацыянальным адраджэньнем і з тым, што ў царкву многія прыходзілі ня столькі з рэлігійных, колькі з нацыянальных памкненьняў. У выніку яны перасталі рэгулярна наведваць царкву.
Айцец Андрэй Абламейка ўшаноўвае памяць айца Яна Матусевіча на ягонай магіле. 2008 год.
«1990–1991 гады — гэта ідэалістычны час, калі людзі шукалі больш нацыянальнага, чым рэлігійнага. Людзі ўступалі ў БНФ і ішлі ва ўніяцкую царкву. Гэтыя дзясяткі тысяч, якія апынуліся там у пачатку незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, калі пачалося нармальнае рэлігійнае жыцьцё, проста распаўзьліся, бо яны не ажыцьцяўляюць рэлігійнага жыцьця», — рэзюмуе падзеі тых гадоў Васіль.
Уладзімер Хільмановіч мяркуе, што беларусы агулам нерэлігійныя.
«Беларусы ня надта цягнуцца да хрысьціянства. На вялікіх сьвятах мы бачым натоўпы, але гэта толькі вонкавы бок. Як беларусы яшчэ не дайшлі паўнавартасна да сваёй мовы, культуры, так яны не дайшлі і да хрысьціянства», — перакананы гарадзенец.
Павал думае, што беларускім грэка-каталікам не хапае рэклямы, іхных сьвятароў звычайна не запрашаюць у радыё-, тэлеперадачы.
«Беларусам не хапае попыту на сваю ўласную аўтэнтычнасьць. Мала ведаюць пра гэтую царкву. Шмат нэгатыву зь ёю зьвязана, газлайтынгу. Гэта можа адштурхоўваць», — мяркуе Міхась.
Каб уніяцкая царква зноў пачала разьвівацца, патрэбныя сапраўдная рэлігійная вольнасьць у дзяржаве, магчымасьць вольна сустракацца, праводзіць культурна-асьветніцкія імпрэзы, рэгістраваць і будаваць новыя парафіі, уважае Ўладзімер Хільмановіч.