Сьцісла
- Дасюль выглядала, што нэгатыў вайны атрымоўвае Расея, а Беларусь — у асноўным эканамічныя і палітычныя дывідэнды.
- Ультыматум Зяленскага разбурае адносна камфортную сытуацыю, у якой знаходзіцца рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
- Наступствы сілавых дзеяньняў Кіеву могуць быць нэгатыўнымі як для Беларусі, гэтак і для самой Украіны.
Ультыматум Зяленскага
Два дні запар прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступаў з жорсткімі заявамі на адрас афіцыйнага Менску. 19 чэрвеня ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць усталяваныя ў Беларусі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў цягам тыдня, інакш Украіна гэта зробіць сама. Гэтую заяву мэдыя ўжо назвалі «ўльтыматумам Зяленскага».
На другі дзень Зяленскі паўтарыў і ўдакладніў сваё папярэджаньне. Акрамя рэтрансьлятараў ён узгадаў, што беларускія прадпрыемствы пастаўляюць расейскаму агрэсару прадукцыю ВПК і нафтапрадукты. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, «пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў у параўнаньні з тым самым пэрыядам мінулага году, а пастаўкі дызэльнага паліва — утрая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі назваў колькасьць рэтрансьлятараў, адключэньня якіх напярэдадні запатрабаваў ад ЛукашэнкіВарта адзначыць, што заява 20 чэрвеня выглядае больш спакойнай, ужо не нагадвае ўльтыматум. Зяленскі кажа: «Мір павінен набліжацца, і Беларусі варта рабіць тыя рэчы, пра якія гаворыць яе фактычнае кіраўніцтва па неафіцыйных каналах, каб мы ва Ўкраіне сапраўды бачылі, што Беларусь сапраўды супраць гэтай вайны. Гэтую вайну трэба заканчваць. Мір патрэбны».
Што сталася прычынай такога ўльтыматуму Зяленскага? Бо апошнім часам нічога асабліва новага не адбылося, нейкіх новых захадаў з боку Беларусі супраць Украіны не заўважана. Пра рэтрансьлятары Зяленскі гаварыў яшчэ ў лютым. І яшчэ тады паведаміў пра іх нэўтралізацыю ўкраінскімі вайскоўцамі.
Хіба толькі беларускія нафтапрадукты дапамагаюць ратаваць Расею ад дэфіцыту паліва ў момант, калі ўкраінскія дроны імкнуцца стварыць паліўны крызіс у РФ.
Прычыны ўльтыматуму Зяленскага палягаюць у зьмене балянсу сілаў у рэгіёне. Украіна адчула моц, яна разглядае Беларусь як слабае зьвяно ў беларуска-расейскім ваенным хаўрусе, якое можна нэўтралізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як адрэагавалі на ўльтыматум Зяленскага Лукашэнку ў Беларусі і ЎкраінеРазбурэньне камфорту Лукашэнкі
І гэта новая сытуацыя — вялізны выклік для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Разбураецца ягонае камфортнае існаваньне. З восені 2022 году Беларусь нібыта не ўдзельнічае ў вайне. Ракеты і дроны не ляцяць зь беларускай тэрыторыі. Войска Беларусі непасрэдна не ўдзельнічае ваенных дзеяньнях.
Так, беларускае ВПК працуе на Расею. Лукашэнка на гэта адказваў, што, маўляў, і эўрапейскае ВПК працуе на Ўкраіну, то бок, Беларусь «удзельнічае» ў вайне гэтаксама, як і Эўропа. Атрымоўвалася, што Беларусь зарабляла немалыя грошы на вайне, што адбывалася адначасова з заклікамі Лукашэнкі да міру, прапановамі сябе да ролі міратворцы.
Лукашэнка стварыў вобраз гаранта міру для беларусаў
Лукашэнка стварыў вобраз гаранта міру для беларусаў. У пэўным сэнсе грамадзкая сьвядомасьць сапраўды так успрымала яго. Пра тое, што ў 2022 годзе вайна пачалася з Беларусі, многія ўжо забылі. Было спадзяваньне, прычым, зусім не беспадстаўнае, што статус суагрэсара неяк размыецца. У выніку вонкава выглядала так, што нэгатыў вайны атрымоўвае Расея, а Беларусь — у асноўным эканамічныя і палітычныя дывідэнды. Што дазволіла ўмацаваць існы рэжым.
І вось цяпер гэтая адносна камфортная сытуацыя разбураецца. У момант, калі кіраўнік Беларусі вырашыў, што ўсіх абгуляў, удала выкруціўся з непрыемнага стану, з Адрас Офісу прэзыдэнта Ўкраіны яму нагадваюць, што ніхто не забыты, нішто не забытае.
Палітычны цугцванг
Праблема, перад якой паўстаў Лукашэнка, палягае ў тым, што, выглядае, у яго няма добрага ходу, рашэньня. Гэта сытуацыя, кажучы шахматнай мовай, палітычнага цугцвангу.
Калі прыбраць тыя рэтрансьлятары, пра якія кажа Зяленскі, то гэта ня толькі страта твару. Расея ўспрыме такое рашэньне як здраду. Да таго ж прэзыдэнт Украіны кажа ня толькі пра рэтрансьлятары, але і пра ВПК, паліва зь беларускіх НПЗ.
Калі не рэагаваць на пагрозы Кіеву, то можна нарвацца на атаку ўкраінскіх дронаў. З усімі нэгатыўнымі наступствамі. Псыхалягічны стан Лукашэнкі добра адлюстроўвае ягоная заява падчас нарады з вайскоўцамі 18 чэрвеня: «Мы разумеем: крый божа, будзе разьвязана гарачая вайна, мы будзем проста падобныя на сьмяротнікаў. Мы проста будзем сьмяротнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка прызнаў новую рэальнасьць вайны, — КарбалевічНаступствы прымяненьня сілы
Калі Кіеў рашыцца на сілавыя дзеяньні супраць Беларусі, то якія могуць быць наступствы? Можна меркаваць, што Ўкраіна можа пашкодзіць стратэгічныя аб’екты на беларускай тэрыторыі. Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya канстатаваў, што Беларусь уразьлівая перад украінскімі дронамі. Але што далей?
Магчыма, у 2022 годзе Лукашэнку ўдалося пераканаць Уладзіміра Пуціна не абстрэльваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Цяпер, у выпадку сілавога сцэнару, гэтую сытуацыю Крэмль можа адкруціць назад, вярнуць расейскія ракеты і дроны ў Беларусь. Усё часьцей гучаць думкі, што Расея імкнецца рознымі мэтадамі ўцягнуць Беларусь у вайну.
Ці шмат выйграе Ўкраіна ад зьяўленьня расейскіх ракет у Беларусі, наступнага абмену ракетнымі і дронавымі ўдарамі праз беларуска-ўкраінскую мяжу? Зусім не відавочна. Можна прагназаваць, што гэта не спадабаецца заходнім суседзям. Вайна наблізіцца да Эўропы.
Беларусь і Расея ператворацца ў адзіны ваенны лягер. Што застанецца ад беларускага сувэрэнітэту?
Паўнавартасны ўдзел войска Беларусі ў ваенных дзеяньнях будзе азначаць ператварэньне глыбокага беларускага палітычнага крызісу ў гарачую вайну.
Гэта стане вялізным выклікам для апазыцыі — для ўладаў усе праціўнікі з «экстрэмістаў» аўтаматычна ператворацца ў «здраднікаў» («Усе, хто супраць — вораг», — піша прапагандыст Аляксей Дзермант). Пра спыненьне рэпрэсій і вызваленьне палітвязьняў можна будзе забыць.
Захоўваецца прастора для манэўру
Можна ўявіць, што Кіеў разумее ўсе рызыкі ваеннага канфлікту зь Беларусьсю, там няма «галавакружэньня ад посьпехаў». Таму, дарэчы, ультыматум Зяленскага сфармуляваны даволі расплывіста, што дае прастору для розных рашэньняў. А заява 20 чэрвеня, як ужо адзначана вышэй, выглядае больш спакойнай. Хутчэй, пакуль гэтыя пагрозы можна разглядаць як новую псыхалягічную атаку. Але нават у такім выглядзе — гэта моцны стрэс для афіцыйнага Менску. Для Лукашэнкі надыходзіць час плаціць па рахунках.