Расея разгарнула ў Беларусі чатыры рэтрансьлятары для карэктаваньня ўдараў дронамі па ўкраінскіх гарадах. Кіеў папярэдзіў Менск пра «сур’ёзныя наступствы», заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Украіна неаднаразова давала зразумець: калі Расея ўцягне ў гэтую вайну яшчэ і Беларусь, гэта можа мець надзвычай небясьпечныя наступствы. У прыватнасьці, мы зафіксавалі, што ўздоўж нашай мяжы, на тэрыторыі Беларусі, усталяванае спэцыяльнае абсталяваньне, якое працуе на Расею — на расейцаў — і дапамагае расейцам наносіць удары дронамі па нас, па нашай тэрыторыі».
Паводле Зяленскага, рэтрансьлятары ўсталяваныя ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях — уздоўж мяжы з Украінай.
«Менавіта такое абсталяваньне зрабіла магчымымі ўдары па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласьцях — па нашай энэргетычнай інфраструктуры, па чыгунцы, па звычайных гарадах і вёсках. У Беларусі ёсьць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяваньне», — адзначыў Зяленскі.
Украіна таксама ведае пра кожнае беларускае прадпрыемства, якое працуе на расейскае войска, заявіў Зяленскі.
«Усякае прадпрыемства, якое пастаўляе складнікі для расейскай зброі — для бранятэхнікі, для ракетных сыстэмаў, — а таксама ўсякі аб’ект, які забясьпечвае Расею палівам для гэтай вайны, — усё гэта частка ўцягваньня Беларусі ў вайну», — адзначыў Зяленскі і дадаў, што «пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў у параўнаньні з тым самым пэрыядам мінулага году, а пастаўкі дызэльнага паліва — утрая».
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, «гэта дапамагае Расеі прыстасоўвацца да ціску і не набліжае мір».
Зяленскі таксама заявіў, што беларускае кіраўніцтва празь неафіцыйныя каналы дэ-факта кажа ўкраінскаму боку, што Беларусь супраць гэтай вайны.
Ва Ўкраіне цяпер хочуць пацьверджаньня гэтых слоў дзеяньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі паставіў Лукашэнку перад выбарам: «Калі яны не адключаць рэтрансьлятары, гэта зробім мы»Што папярэднічала
19 чэрвеня Ўладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць усталяваныя ў Беларусі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў цягам тыдня, інакш Украіна гэта зробіць сама.
Прэзыдэнт Украіны таксама абвінаваціў Беларусь у пастаўках нафтапрадуктаў для расейскага войска.
«Мы робім усё, каб расейцы не прадавалі нафту і не давалі дызэльнага паліва і нафты сваёй арміі, бо ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас. Сёньня ён адзін з галоўных пастаўнікоў для расейскай арміі. Гэта Лукашэнка, гэта Беларусь. Ці можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў ягоных сілах і што ён кантралюе гэта», — сказаў Зяленскі.