Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 чэрвеня абвінаваціў Беларусь у тым, што на мяжы краінаў ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне на працягу тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы. Пра гэта прэзыдэнт Украіны заявіў у час супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Гандурасу Насры Асфурам у Кіеве.
«На ягоных вышках ёсьць рэтрансьлятары, расейскія рэтрансьлятары, беларускія. Якая розьніца паміж намі? На ягонай тэрыторыі ўздоўж дзьвюх абласьцей, якія мяжуюць з Украінай, ёсьць абсталяваньне, якое карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Ці можа ён яго прыбраць? Чаму ён кажа, што ня хоча ваяваць? Няхай яны адключаць гэтае абсталяваньне. Я думаю, што яму будзе дастаткова тыдня, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага ня зробіць, мы зробім», — сказаў Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі паставіў Лукашэнку перад выбарам: «Калі яны не адключаць рэтрансьлятары, гэта зробім мы»Ціханоўская: «Менавіта мову сілы Лукашэнка разумее лепш за ўсё»
Афіцыйнай рэакцыі на словы Ўладзіміра Зяленскага і ягоны ўльтыматум Лукашэнку пакуль няма. Затое слова ўзяла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская.
«Мы сур’ёзна ставімся да ўсіх сыгналаў, якія паступаюць ад украінскага боку адносна ўцягваньня Беларусі ў вайну. <…> На гэтым тыдні ў Кіеве Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне правяла круглы стол, на якім экспэрты і прадстаўнікі BelPol падалі інфармацыю пра мілітарызацыю Беларусі і пляны Расеі ў далейшым уцягваньні нашай краіны ў вайну. Гэтыя пагрозы нельга ігнараваць або недаацэньваць.
Украіна размаўляе з Лукашэнкам мовай сілы, бо менавіта яе ён разумее лепш за ўсё. Лукашэнка павінен усьвядоміць: уся адказнасьць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім.
<…> Я ведаю, што беларусы супраць вайны. Таму зьвяртаюся да кожнага з вас: беражыце сябе і не дазваляйце ўцягнуць сябе ў чужую вайну. Не станавіцеся інструмэнтам у чужых імпэрскіх амбіцыях — бо гэта ня наш выбар. Нашая супольная задача — не дапусьціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнутая ў вайну. Гэта адпавядае перш за ўсё нацыянальным інтарэсам нашай краіны».
Павал Латушка: «Лукашэнка ўжо ня мае сумневаў, што адказ Украіны будзе»
Намесьнік кіраўніцы АПК Павал Латушка пракамэнтаваў у «Студыі Белсат» заявы Зяленскага, адрасаваныя Лукашэнку.
«Нам зараз неабходна мінімізаваць рызыкі для ўсіх, хто жыве каля вайсковых аб’ектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі. Каля вайсковых аэрадромаў, як у Баранавічах, Лідзе, Лунінцы, Зябраўцы. Мы павінны захаваць уласную бясьпеку».
Паводле палітыка, Пуцін працягвае ціснуць на Лукашэнку. Але той добра разумее, якімі будуць наступствы для Беларусі, калі яна далучыцца да актыўнай фазы вайны і наўпрост праявіць агрэсію ў бок Украіны. Таму становішча Лукашэнкі вельмі няўстойлівае.
«З аднаго боку, ён ня можа адмовіць Пуціну, бо той можа зрэагаваць даволі жорстка і рэзка. Без падтрымкі Расеі будзе даволі цяжка захаваць працяглы час уладу. З іншага, калі ён падтрымае Маскву, Украіна перадала вельмі адназначныя пасланьні. Па-першае, была заява Зяленскага, што Лукашэнку чакае сцэнар Каракасу, як было з Мадурам у Вэнэсуэле. Пазьней камандзір бесьпілётных сыстэмаў Мадзяр заявіў, што ёсьць 500 цэляў на тэрыторыі Беларусі і адна зь іх — гэта Лукашэску, параўноўваючы з гістарычным прыкладам былога кіраўніка Румыніі, Чаўшэску. Таму ў яго ўжо няма сумневу, што адказ Украіны будзе», — сказаў Латушка.
Таксама палітык дадаў, што не ўважае словы Кіева за блеф, Зяленскаму надакучыла пастаяннае фарбаваньне Лукашэнкі ў розныя колеры, таму ён чакае ад яго канкрэтных адказу і выбару.
Думкі Фрыдмана і Вусава
Вядомыя беларускія палітолягі таксама выказалі свае першыя думкі наконт ультыматуму — менавіта гэтак, як ультыматум, яны схільныя расцэньваць словы Зяленскага.
Аляксандар Фрыдман у камэнтары для «Эўрарадыё» адзначыў, што Ўкраіна цяпер дэманструе новую самасьвядомасць. Украінская армія наносіць пасьпяховыя ўдары па расейскай тэрыторыі, а ініцыятыва на фронце паступова пераходзіць на бок Кіева.
«Не паспрабаваць аказаць ціск на Лукашэнку, які, на думку ўкраінцаў, і так баіцца, і больш за ўсё баіцца менавіта Ўкраіну, было б дзіўна», — сказаў Фрыдман.
Павал Вусаў бачыў тры магчымыя сцэнары ў выніку ультыматуму. Пра іх ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.
«Для Лукашэнкі гэта даволі сур’езная праблема, бо па-сутнасьці ў яго няма выхаду. Выканаць ультыматум ён ніяк ня зможа, бо Масква не дазволіць, а супрацьпаставіць Украіне няма чаго. Канешне, Менск можа пачаць мабілізацыю і сьцягваньне войскаў да мяжы, што прывядзе да панікі і яшчэ большай імавернасьці ўдараў. Пагатоў, калі канфлікт пачнецца, ён будзе весьціся цалкам на тэрыторыі Беларусі.
Другі варыянт: карыстаючыся слабасьцю Расеі, пайсьці на пэўныя саступкі і такім чынам цалкам выйсьці з вайны. Але гэта амаль немагчыма і ня ў стылі Лукашэнкі.
Трэці варыянт: калі ў Масквы застаўся толькі адзін казыр уратаваць сябе — ядзерная зброя, дык для яе выкарыстаньня Беларусь найлепшы варыянт. І сытуацыя для гэтага адпаведная. Напачатку зрабіць зь яе ахвяру атакі з боку Ўкраіны і нанесьці ўдар ў адказ, але з тэрыторыі Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Дрэйф Менску з абдымкаў Масквы могуць зрабіць немагчымым», — аналітык ТышкевічРэакцыя ва Ўкраіне
На дзіва, заўважнай рэакцыі ад вядомых украінскіх палітыкаў на ўльтыматум Зяленскага, выстаўлены Лукашэнку, на наступныя содні пасьля заявы няма.
Раней украінскія чыноўнікі адзначалі, што не жадаюць ніякай вайны зь Беларусьсю і спадзяюцца на тое, што Лукашэнку хопіць розуму не разьвязваць яе.
Аднак пры гэтым ва Ўкраіне даўно дапушчалі магчымасьць удару па Беларусі ў выпадку, калі тамтэйшы палітычны рэжым працягне спрыяць Маскве. Апошняй такой гучнай заявай былі словы, якія прамовіў Камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр». Ён адзначыў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
Раней міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заяўляў, што Аляксандар Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны. У лютым Зяленскі падкрэсьліў: «Адно прымяненьне „Арэшніка“ будзе азначаць, што беларусаў уцягнулі ў вайну».
Рэжым Лукашэнкі дапамагае расейцам
На тое, што рэжым нелегітымнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі спрыяе Маскве ў ейных захопніцкіх плянавах ва Ўкраіне, Кіеў зьвяртае ўвагу даўно. Непасрэдна паўнавартасная агрэсія 24 лютага 2022 году пачалася пры выкарыстаньні беларускай тэрыторыі.
У наступныя гады і месяцы бесьпілётнікі і ракеты расейцаў неаднаразова праляталі над тэрыторыяй Беларусі, атакуючы жылыя дамы, урадавыя будынкі, лякарні і энэргетычную структуру Ўкраіны.
Ня новая й тэма рэтрансьлятараў. 7 лютага 2026 году Зяленскі заявіў, што Ўкраіна гатовая задзейнічаць усе інструмэнты, каб не дапусьціць магчымасьці запуску ракет тыпу «Арэшнік» зь Беларусі. Ён сказаў, што на выкарыстаньне расейцамі паветраных калідораў над Беларусьсю для атак па Ўкраіне і на ўсталяваньне антэнаў у Беларусі для дапамогі дронам Украіна рэагавала непублічна.
«Але мы ня можам гэтак ціха займацца пытаньнем „Арэшніка“, — падкрэсьліў тады прэзыдэнт Украіны. — Таму наш сыгнал Беларусі такі: вас могуць уцягнуць у гэтую вайну, і расейцы гэтага хочуць».
Таксама Зяленскі гаварыў, што Расея плянуе разьмясьціць у Беларусі чатыры станцыі кіраваньня дронамі далёкага дзеяньня. Праўдападобна, гэта былі зьвесткі ад украінскай выведкі.
23 лютага ў інтэрвію беларускаму выданьню «Люстэрка» Зяленскі намякнуў, што некалькі рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі Ўкраіна зьняшкодзіла.
«Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю. І з гэтага напрамку цяпер лётае значна менш, хачу вам сказаць», — адзначыў тады Зяленскі.
Лукашэнка пры гэтым пастаянна падкрэсьлівае, што Беларусь — мірная краіна, якая ня хоча вайны, як ня хочуць яе й украінскія вайскоўцы. Аднак праблема антэнаў, якія дапамагаюць расейцам падвышаць дакладнасьць удараў па ўкраінскіх аб’ектах, застаецца, вынікае са словаў Зяленскага ўжо 19 чэрвеня.