З 22 чэрвеня для ўезду ў Віетнам трэба запоўніць электронную картку прыбыцця (Vietnam Digital Arrival Card). Пра гэта папярэдзіла беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія».
Запоўніць картку трэба на афіцыйным сайце prearrival.immigration.gov.vn цягам трох дзён да паездкі. Плаціць за запаўненьне ці адпраўленьне ня трэба.
Пры запаўненьні электроннага дакумэнту трэба пазначыць свае асабістыя зьвесткі, дні ўезду і выезду, краіну адпраўленьня, інфармацыю аб прыбыцьці і адрас электроннай пошты.
Варта асобна адзначыць, што анкету трэба запоўніць на кожнага сямейніка.
Пры гэтым турысту трэба захаваць атрыманы QR-код у выглядзе скрыншоту ці ў фармаце PDF. Яго трэба паказаць на пашпартным кантролі па прыбыцьці ў Віетнам.
Пра зьмены ў правілы ўезду і выезду з краіны віетнамскі ўрад інфармаваў яшчэ ў красавіку.
Што гэта значыць?
Беларусы па-ранейшаму могуць ляцець у Віетнам бязь візы, калі тэрмін знаходжаньня ў краіне не перавышае 30 дзён з даты ўезду.
Новыя правілы запаўненьня адмысловай карткі віетнамскі ўрад увёў ня толькі для грамадзянаў Беларусі, але наогул для ўсіх вандроўнікаў. Вынятак складаюць толькі грамадзяне Віетнаму, якія прыбываюць у сваю краіну паводле віетнамскіх пашпартоў, а таксама асобныя групы турыстаў, якія ляцяць празь Віетнам транзытам і не пакідаюць зоны адлётаў мясцовых аэрапортаў.
Віетнам — досыць папулярны кірунак падарожжаў для беларусаў. Асабліва пасьля таго, як грамадзянам краіны стала цяжэй атрымаць візу ў больш блізкія тэрытарыяльна краіны Эўразьвязу. Усё гэта прымусіла «Белавія» задумацца пра запуск авіярэйсаў у гэтую краіну паўднёва-ўсходняй Азіі.
З сакавіка зь Менску лятаюць простыя рэйсы ў віетнамскі Нячанг. Ён ёсьць у раскладзе тры разы на тыдзень: па аўторках, чацьвяргах і суботах.
Першы рэйс адбыўся 20 сакавіка 2026 году. Затым палётную праграму скасавалі зь неназваных прычынаў. Але потым яна аднавілася.
Увядзеньне так званых «картак прыбыцьця» ня новае слова ў турызьме. Раней, напрыклад, для грамадзянаў Беларусі такое правіла ўвялі ў Латвіі. Таксама для замежных турыстаў асобныя карткі і сыстэма онлайн-запаўненьня цяпер працуюць у Ізраілі.