«70 тысяч файлаў». Сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org аднавіў працу

Яраслаў Іванюк

19 чэрвеня цалкам аднавіўся сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, які ў траўні зазнаў атакі і часова спыняў працу.

Пра адкрыцьцё сайту абвясьціў дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк на творчай сустэчы, якая адбылася 19 чэрвеня ў Беластоку. Паводле Іванюка, матэрыялы сайту адноўленыя амаль цалкам і з гэтай гісторыі зробленыя высновы. Яны ўжо адбіліся на сыстэме бясьпекі ўнікальных матэрыялаў беларускай інтэрнэт-бібліятэкі і будуць уплываць на яе ў будучыні.

Што ўдалося аднавіць?

«На сайце зноў адкрыты доступ да больш як 70 тысяч публікацыяў. Гэта кнігі, малюнкі, газэтныя і часопісныя публікацыі, фотаздымкі. Бібліятэка застаецца паўнавартасным сховішчам беларускай культурнай спадчыны, ніякім зламысьнікам зьнішчыць нас не атрымаецца», — перакананы кіраўнік інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк.

Паводле Іванюка, аднаўленьне сайту прымеркавалі да гадавіны адкрыцьця інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, якая ўпершыню ў такім фармаце запрацавала 26 гадоў таму 20 чэрвеня.

Што страчана ў выніку атакі?

Памер канчаткова страчаных матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі Іванюк у размове са Свабодай назваў «нязначным» адносна ліку і значэньня.

«Атрымалася аднавіць сайт амаль цалкам. Так, не хапае пэўнай колькасьці файлаў, якія беспаваротна страчаныя, але гэта ў асноўным карцінкі да кніг. Іх можна аднавіць, адсканаваўшы яшчэ раз, большасьцю яны ёсьць у архівах, але гэтага ня будзем нават рабіць, няма вялікай патрэбы», — сказаў Іванюк.

Новыя захады бясьпекі

Яраслаў Іванюк сказаў, што ўправа інтэрнэт-бібліятэкі зрабіла з гісторыі хакерскай атакі 7 траўня важныя высновы.

«Найперш тое, што „бэкапы“ (інтэрнэт падтрымка файлаў — РС) павінны захоўвацца не ў адным, а ў некалькіх месцах. Пры гэтым трэба ўсьведамляць, што матэрыялы Kamunikat — гэта больш за 800 гігабайтаў. Гэта вялікая вага — як культурная, калі гаварыць пра захаваньне гісторыі беларускасьці, але таксама і вялікая вага, калі гаварыць пра электронныя аб’ёмы. Тым ня менш, мы з большага ўжо ведаем, як зрабіць, каб гэтыя „бэкапы“ знаходзіліся не ў адным, а ў некалькіх месцах. Другое: адмыслоўцы, якія дапамаглі нам аднавіць матэрыялы Kamunikat, прычым рабілі гэта за добрае слова, цяпер працуюць над тым, каб бясьпека была большай, чым раней, каб нельга было проста ўвайсьці і ўсё зьнішчыць, як зрабілі тыя хакеры. Ёсьць плян зрабіць зусім новы сайт, паводле новай тэхналёгіі. Але гэта пляны на канец году або даўжэй», — сказаў Яраслаў Іванюк.

Хакерскую атаку 7 траўня Іванюк назваў «хуліганскім дзеяньнем», але ня выключыў удзел пэўных спэцслужбаў.

«Магу сказаць, што гэта была ўсё ж хуліганская атака, у час якой не было нейкай ідэі перахапіць пэўныя ўразьлівыя для нас зьвесткі, хаця, некаторыя ўсё ж перахапілі, але нязначныя. Мы перакананыя, што з гэтай атакай зьвязаныя беларускія спэцслужбы. Адзін з тэлеграм-каналаў нават хваліўся, што яны нас раскрылі як „шпіёнаў“, „польскіх агентаў“ і гэтак далей, і што нас зьліквідавалі. Не. Гэтага нельга зьліквідаваць, бо тут гаворка пра вялікі маштаб беларускай культуры».

Як праходзіць расьсьледаваньне, распачатае 11 траўня?

Расьсьледаваньне справы наконт хакерскай атакі, паводле Яраслава Іванюка, працягваецца. Праломнікаў, якія ўчынілі атаку, шукаюць. Справай займаецца Беластоцкі аддзел цэнтральнага бюро паліцыі Польшчы ў барацьбе з кібэрзлачыннасьцю пад наглядам раённай пракуратуры ў Беластоку.

«Маю інфармацыю, што імі зроблены запыт у нямецкі суб’ект адносна сэрвэру, зь якога прайшла атака на Kamunikat. Таксама мне сказалі, што ёсьць шмат сьлядоў, якія вядуць у Беларусь, але ў Беларусь яны зьвяртацца з зразумелых прычынаў ня могуць. А мы, управа бібліятэкі, са свайго боку мы перадалі ўсю інфармацыю пра здарэньне ў Агенцыю ўнутранай бясьпекі (ABW) Польшчы. Спадзяюся, што сьледчыя дзеяньні працягнуць, і яны дадуць вынік», — сказаў кіраўнік бібліятэкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы завялі крымінальную справу па факце хакерскай атакі на інтэрнэт-бібліятэку kamunikat.org


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Грамадзянская кібэрвайна. Як беларускія спэцслужбы атакуюць беларускія ініцыятывы, колькі гэта каштуе і ці магчыма абараніцца ад атак