Суд ЭЗ адмовіўся скасаваць санкцыі супраць «Беларуськалію». Рашэньне канчатковае

Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

Суд Эўрапейскага Зьвязу канчаткова адмовіў у скасаваньні санкцыяў супраць «Беларуськалію», яго колішняга кіраўніка Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі (БКК). Рашэньне нельга абскардзіць.

Як вынікае з апублікаванага рашэньня суду, усе тры заяўнікі падавалі асобныя пазовы, але суд іх аб’яднаў у адну справу і далучыў да разгляду прадстаўнікоў Латвіі, Літвы і Бэльгіі.

Суд дэталёва абгрунтаваў прычыны адмовы ў разглядзе апэляцыі. Сярод іх:

  • наўпроставае фінансаваньне рэжыму праз выплату шматмільённых дывідэндаў дзяржаве, што ёсьць фінансавай падтрымкай рэжыму;
  • рэпрэсіі супраць рабочых пасьля 2020 году, калі шахтароў, якія абвясьцілі страйк, запалохвалі, пазбаўлялі прэміяў і звальнялі. Апэлянты сьцьвярджалі, што яны ня могуць адказваць за дзеяньні «трэціх асобаў» супраць рабочых.


«Рашэньне суду ЭЗ — гэта важны прэцэдэнт. Спроба аспрэчыць такія паняцьці, як „падтрымка рэжыму Лукашэнкі“, правалілася. Суд пацьвердзіў: калі буйны бізнэс корміць дыктатуру і душыць пратэсты ўласных рабочых, то эўрапейскія санкцыі супраць яго — абсалютна законныя, апраўданыя і прапарцыйныя. Рашэньне канчатковае і абскарджаньню не падлягае. Санкцыі ЭЗ застаюцца ў сіле», — пракамэнтаваў рашэньне намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка.

Суд таксама абавязаў усіх заяўнікаў аплаціць выдаткі за разгляд іхнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Злучаныя Штаты афіцыйна зьмякчылі санкцыі ў дачыненьні да Белінвэстбанку і Беларуськалію

Што папярэднічала і чаму гэта важна

У канцы траўня 2026 году Злучаныя Штаты папрасілі Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхную тэрыторыю.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьвярнуўся зь нефармальным зваротам у тры сталіцы пасьля таго, як амэрыканская ўлада скасавала свае санкцыі супраць «Беларуськалію».

У лісьце фактычна прасоўвалася такая ідэя: «Транзыт праз краіны ЭЗ запатрабуе або зьняцьця Эўразьвязам санкцыяў зь беларускага калію, або адмовы краін транзыту ад іх праз адпаведны праўны мэханізм. Усякая закупка беларускага калію Захадам можа пазбавіць Расею магчымасьці прадаваць уласны калій і не дазволіць ёй атрымліваць выгаду ад транзытных збораў».

У дакумэнце таксама згадваўся магчымы кампрамісны варыянт:

«Частка або ўсе транзытныя зборы, атрыманыя ў рамках гэтай дамоўленасьці, могуць быць накіраваныя краінай транзыту ў спэцыяльны фонд падтрымкі самаабароны Ўкраіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША папрасілі тры краіны зьняць санкцыі зь беларускага калію

Лукашэнка заяўляў, што санкцыі не перашкаджаюць экспарту калію

18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягвае пастаўляць мінэральныя ўгнаеньня на замежныя рынкі насуперак уведзеным міжнародным санкцыям.

«Мы прыставаліся да іх (санкцыяў. — РС), і ў нас сёньня лішніх мінэральных угнаеньняў няма. Усё, што мы некалі пастаўлялі, і нават больш — у цэнах і ў аб’ёмах — мы прадаём на міжнародных рынках», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі Дзянісам Пасьлерам і прапанаваў яму пры патрэбе дапамагчы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі.

У той жа час Лукашэнка з пачатку дыялёгу з ЗША ня раз абмяркоўваў тэму скасаваньня санкцыяў на пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў, у тым ліку праз морскі порт у Літве.

У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, буйной крыніцы прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы, у тым ліку такія вялікія, як Індыя, Кітай і Бразылія.

Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры яе ўварваньні ва Ўкраіну.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць працягнутыя.

У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.

15 траўня стала вядома, што міністар замежных справаў Літвы непублічна прызнаў ціск ЗША ў справе транзыту беларускіх угнаеньняў.

Цяпер экспарт беларускіх угнаеньняў цалкам залежыць ад Расеі і яе магчымасьцяў. У той жа час сама меней два з расейскіх морскіх партоў, якія працуюць пераважна зь беларускай прадукцыяй, істотна пацярпелі ад украінскіх удараў. Апроч таго, праз супольную амэрыкана-ізраільскую апэрацыю ў Іране быў заблякаваны адзін з галоўных гандлёвых морскіх шляхоў — Армуская пратока.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь можа павялічыць экспарт калійных угнаеньняў пасьля кроку ЗША, але застаюцца бар’еры з боку ЭЗ. Тлумачым