У Берасьці адзначаць дату нападу Нямеччыны на СССР. У праграме імітацыя выбуху авіябомбы «Сатана»

У Берасьцейскай крэпасьці

Улады краіны і кіраўніцтва музэйнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць — герой» рыхтуюцца да 22 чэрвеня.

Як гавораць улады, 22 чэрвеня ў Берасьцейскай крэпасьці «зноў ажывуць падзеі першых дзён вайны».

А пачнуцца мерапрыемствы яшчэ 21 чэрвеня. На тэрыторыі цытадэлі ўвечары можна будзе паглядзець новы расейскі ваенны фільм «Сем вёрстаў да сьвітаньня». Паказ правядуць на плошчы за манумэнтам «Мужнасьць». Расейская карціна раскажа пра подзьвіг найстарэйшага Героя Савецкага Саюзу Мацьвея Кузьміна.

Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы пад дату адновіць спэктакль «Берасьцейская крэпасьць», над якім працавалі паўтара года.

22 чэрвеня на Кобрыньскім умацаваньні пачнецца ваенна-гістарычная рэканструкцыя абароны цытадэлі, удзел у якой возьмуць каля 1000 чалавек. Як піша БелТА, гледачы ўбачаць адразу некалькі эпізодаў: апошні мірны дзень, налёт нямецкай авіяцыі, баі за памежныя заставы, танкавыя атакі, спробы прарыву з акружэньня. У рэканструкцыі задзейнічаюць рэтратэхніку, конны патруль і нават самалёт.

Дапоўняць карціну піратэхнічныя эфэкты. Адным з самых драматычных момантаў, як абяцаюць улады Берасьцейшчыны, стане імітацыя выбуху цяжкай авіябомбы «Сатана», піша «Віртуальнае Берасьце».

Што такое авіябомба «Сатана»

Сёньня «Сатаною» называюць расейскую міжкантынэнтальную балістычную ракету R-36M «Воевода». Але размова не пра расейскі ядзерны патэнцыял, а пра іншую зброю. Мова пра нямецкую фугасную авіябомбу SC-1800, якая важыла 1800 кг. За разбуральную сілу цяжкую фугасную бомбу неафіцыйна называлі «Сатана».

Такімі авіябомбамі гітлерава авіяцыя атакавала Вялікую Брытанію. Усё пачалося з бамбаваньня Лёндану, а затым перанеслася на іншыя гарады.

Улады Беларусі традыцыйна шырока адзначаюць дзень пачатку ІІ усясьветнай вайны. Альтэрнатыўныя погляды на гісторыю, напрыклад, нагадваньне, што за два гады да нападу нацыстаў на СССР савецкія войскі правялі ў Берасьці супольны парад зь Нямеччынай, якая акупавала Польшчу, могуць пацягнуць крымінальныя справы.

Апошнім часам улады часта праводзяць падобныя інсцэніроўкі ваенных падзей, да якіх залучаюць актывістаў БРСМ і іншых людзей. Але імітацыя выбуху авіябомбы — даволі незвычайная «імпрэза» нават для такіх падзей. Асабліва беручы пад увагу рэгулярны пралёт бесьпілётнікаў над беларускай тэрыторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайсковае выхаваньне беларускіх школьнікаў на летніх канікулах ня спыніцца. Яго працягнуць у лягерах