«Вызваленьне палітвязьняў не павінна суправаджацца арыштам іншых». Што сказаў Анджэй Пачобут у Эўрапарлямэнце

Анджэй Пачобут выступае ў Эўрапарлямэнце, 17 чэрвеня 2026 году

Анджэй Пачобут выступіў у Эўрапарлямэнце. Ён падзякаваў усім, хто змагаўся за ягонае вызваленьне і вызваленьні іншых палітычных вязьняў. Летась у сьнежні Эўрапарлямэнт узнагародзіў яго прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі», якую ўручыў ягонай дачцэ.

Колішні палітвязень Андрэй Пачобут падзякаваў высокаму сходу і старшыні Эўрапарлямэнту Рабэрце Мэтсале за падтрымку, якую ён атрымаў асабіста, а таксама ўсе палякі Беларусі і палітычныя зьняволеныя.

«Хачу, каб вы ведалі, што ваш голас чуюць ня толькі ў вольным сьвеце. Ён прабіваўся праз турэмныя муры, калі рабіліся захады ў маю абарону, калі прымаліся рэзалюцыі ў справе палітвязьняў, калі спачатку я стаў кандыдатам, а потым і ляўрэатам прэміі Андрэя Сахарава. Гэта стала сыгналам і для ахоўнікаў маёй вязьніцы», — сказаў Анджэй Пачобут і падзякаваў асобна за клопат пра яго.

Пачобут згадаў пытаньне, якое найчасьцей чуе па вызваленьні, — пра тое, чым ён будзе цяпер займацца, што ўплывае на ягонае рашэньне наконт сваёй будучыні. Ён расказаў пра Саюз палякаў у Беларусі, які прадстаўляе, а таксама сваю працу ў якасьці журналіста.

«Цягам гадоў Саюз палякаў Беларусі быў самай вялікай, але потым і адзінай польскай арганізацыяй, якая дзейнічала ў краіне. Таксама я журналіст, які больш за 20 гадоў працуе ў гэтай прафэсіі, а мая біяграфія стала часткаю змаганьня за свабоду слова ў Беларусі», — сказаў Пачобут. Паводле прамоўцы, гэтыя фактары найперш уплываюць на ягонае рашэньне.

«Мы, палякі ў Беларусі, — людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі, ніадкуль не прыехалі, жывем тут з даўніх часоў, мы другая па ліку нацыянальнай меншасьць у Беларусі, аднак сёньня ня маем ніводнай магчымасьці, каб польскія дзеці вучыліся сваёй роднай мове ў мясцовай сыстэме адукацыі. Таксама ў нас няма ніякіх легальных мэдыя па-польску. А польскія вайсковыя могілкі, якімі мы апекаваліся шмат дзесяцігодзьдзяў, сталіся зруйнаванымі пры дапамозе бульдозэраў», — сказаў Анджэй Пачобут і прапанаваў разглядаць сваю крымінальную справу менавіта ў такім кантэксьце. На думку Пачобута, гэтая справа — «адзін з элемэнтаў ціску на польскую меншасьць у Беларусі».

Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі налічвае 38 гадоў, зь якіх апошнія 21 год арганізацыя дзейнічала ва ўмовах забароны, згадаў былы палітвязень.

«Мы не займаемся палітыкай, ня ўдзельнічаем у выбарах, не імкнемся да ўлады, а праводзім толькі культурна-асьветніцкую дзейнасьць, апякуемся месцамі памяці», — пералічыў Анджэй Пачобут і параўнаў гэтую дзейнасьць з тым, чым займаюцца прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў у іншых краінах.

«Але толькі ў Беларусі такая дзейнасьць сутыкаецца з рэпрэсіямі», — заўважыў былы палітвязень. На ягоную думку, атака на польскую меншасьць у Беларусі ёсьць часткай «антыэўрапейскага курсу, які дзесяцігодзьдзямі праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі».

«Аўтарытарны рэжым не гатовы да нармальнай канкурэнцыі ідэяў, ён спадзяецца на сілавое вырашэньне праблемаў. Прапанова палякам з боку рэжыму простая — усе мусіце асымілявацца, забыць на сваю гісторыю, каштоўнасьці, мову», — сказаў Андрэй Пачобут. Ён спаслаўся на размову зь сьледчым, які сказаў Пачобуту, што «такія, як ён, не павінны існаваць».

Другім аспэктам сваёй крымінальнай справы Пачобут назваў сваю журналісцкую працу. Пачобут згадаў, што ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў Беларусь згадваецца ў міжнародных дакладах як прыклад зьнішчэньня свабоды слова.

Цяпер, паводле яго, у Беларусі не засталося ніводнага вольнага мэдыя. «Таксама ў краіне ня могуць працаваць журналісты, якія пішуць пра рэжым для замежных мэдыя. Спэцслужбы палююць на якія-хаця крытычныя заўвагі, якія зьяўляюцца ў сацыяльных сетках», — зазначыў Анджэй Пачобут з трыбуны Эўрапарлямэнту.

Журналіст сказаў, што ў Беларусі 854 палітвязьні, і агучыў імёны сваіх калегаў, якія дагэтуль знаходзяцца ў беларускіх вязьніцах: Ігар Ільяш, Дзяніс Івашын, Уладзімер Янукевіч, Андрэй Аляксандраў — усяго за кратамі застаецца 21 супрацоўнік беларускіх мэдыя.

Паводле Анджэя Пачобута, ў справе вызваленьня гэтых людзей ён спадзяецца на тых, хто дапамагаў і ў ягоным вызваленьні: гэта МЗС Польшчы, урад ЗША, прэзыдэнт Дональд Трамп, спэцыяльны пасланьнік Джон Коўл, які спрычыніўся да вызваленьня соцень беларускіх палітвязьняў.

«Але сёньня важна, каб вызваленьне адных палітычных вязьняў не суправаджалася арыштам іншых, важна спыніць рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Брак паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека прыводзіць да страты веры ў посьпех у справе вызваленьня палітвязьняў», — мяркуе Анджэй Пачобут.

«Сытуацыя ў Беларусі драматычныя, бо безь пяці хвілін гэта таталітарная дзяржава, і ў тых пяці хвілінах знаходзіцца і працягвае сваю працу Саюз палякаў Беларусі. Але ад нас усіх вельмі залежыць, каб тыя пяць хвілін працягнуліся ў дзесяць», — сказаў Пачобут.

Ляўрэат прэміі Андрэя Сахарава журналіст Анджэй Пачобут з трыбуны Эўрапарлямэнту заклікаў «моцна выказацца ў абарону правоў чалавека ў Беларусі» і выказаў спадзеў, што Беларусь у выніку «ня толькі геаграфічна будзе належаць да Эўропы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапарлямэнт уручыў прэмію Сахарава дачцэ Анджэя Пачобута

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
  • 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.