Затрыманых пасьля забойства расейскага мастака беларусаў адпусьцілі. Польскае сьледзтва разглядае расейскі сьлед

Скрапецкі на адной зь беларускіх акцыяў у Польшчы. Фота з прыватнага архіву

У першы дзень пасьля здарэньня шэраг мэдыя паведамілі пра беларуса, якога польскія сілавікі затрымалі пры спробе схавацца на тэрыторыі беларускага консульства ў Белай Падляскай.

Аб забойстве ў Белай Падляскай расейскага мастака-пэрформэра Сямёна Скрапецкага стала вядома ў панядзелак 15 чэрвеня. Здарэньне адбылося раніцай на адным з скрыжаваньняў гораду, дзе Скрапецкі жыў пасьля ад’езду з Расеі ў 2021 годзе.

У той жа дзень зьявілася інфармацыя аб магчымай датычнасьці да забойства грамадзян Беларусі. У аўторак 16 чэрвеня польскія ўлады пацьвердзілі, што ў выніку сьледчых дзеяньняў па гарачых сьлядах затрымалі траіх чалавек, двое зь якіх — грамадзяне Беларусі.

Скрэпецкі праводзіць пэрформанс у Бэрліне за некалькі дзён да забойства

Раніцай 17 чэрвеня каардынатар польскіх спэцслужбаў Томаш Семоняк у размове з парталам Interia расказаў, што на гэты момант асноўная вэрсія расьсьледаваньня забойства Скрапецкага — дзеяньні расейскіх спэцслужбаў.

«Расея зьдзяйсьняла дывэрсійныя акты ў Польшчы, у тым ліку падрывала чыгуначныя шляхі, — сказаў міністар Семоняк у размове з Interia. — Расейскія спэцслужбы замаўлялі забойствы. Таму мы павінны дапускаць, што забойства крытыка Пуціна — гэта дзеяньне, зьвязанае з расейскімі спэцслужбамі».

«Польскае радыё» паведаміла, што затрыманых раней грамадзян Беларусі адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.

Улады не выключаюць, што забойства — палітычнае

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 17 чэрвеня заявіў, што забойства расейскага мастака, вядомага сваімі карыкатурамі на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, імаверна зьяўляецца «палітычным забойствам».

«Усё сьведчыць аб тым, што гэта палітычнае забойства. [...] Калі гэта было замоўлена Расеяй, то гэта таксама вельмі сурʼёзная справа зь міжнародным вымярэньнем», — працытавала Туска агенцтва AFP.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Забітаму ў Польшчы Сямёну Скрапецкаму пагражалі за некалькі дзён да забойства

Сямён Скрапецкі (сапраўднае імя Роберт Кузаўкоў) нарадзіўся і жыў у Алтайскім краі. У 2021 годзе зьехаў у Польшчу ад магчымага палітычнага перасьледу. Жыў зь сям’ёй у Белай Падляскай.

За тры дні да забойства, 12 чэрвеня, Сямён правёў пэрформанс каля расейскага пасольства ў цэнтры Бэрліну. Ён падышоў да чаргі на ўрачысты прыём у пасольстве, у руках трымаючы карціну, дзе Сталін трымае на руках Пуціна. Сямён зрабіў у сваіх штанах ззаду дзірку, куды ўваткнуў расейскі сьцяг. Таксама надзеў пінжак з «георгіеўскай стужкай», спрэс увешаны ўзнагародамі і ордэнамі сьпераду і на сьпіне, таксама лапці і шапку-вушанку. У канцы пэрформансу мастак выкінуў расейскі трыкалёр у сьметніцу.