Сямён Скрапецкі атрымліваў у інтэрнэце шмат гнеўных камэнтароў, звычайна ад прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна і Рамзана Кадырава, ад «троляў» расейскіх спэцслужбаў і іншых расейскіх шавіністаў і праўладных актывістаў. Але выкладаў здымкі свайго экрану з гэтымі пагрозамі і не складаў заяваў у паліцыю, піша польскае выданьне RMF FM.
Вядома, што ў справе забойства Скрапецкага ў Белай Падляскай затрымалі двух беларусаў. Але да афіцыйных абвінавачваньняў пакуль не дайшло, іх яшчэ толькі зьбіраюцца выставіць. Мужчынам ад 30 да 40 гадоў.
Як піша крыніца, польская паліцыя бачыла пагрозы расправай яшчэ тады, калі Сямён Скрапецкі жыў. Паліцыянты зьвярталіся да мастака, але той не ўважаў іх за важныя і сапраўдныя, а таму адмовіўся пісаць заяву ў сілавыя структуры. Празь некалькі дзён Скрапецкага забілі на вуліцы.
Сямён Скрапецкі жыў у Польшчы з 2022 году, тады ён атрымаў ад польскіх уладаў статус уцекача.
Цяпер паліцыя Белай Падляскай просіць кіроўцаў пашукаць запісы зь відэарэгістратараў на сваіх аўтамабілях, асабліва з раёну вакол месца злачынства і шашы нацыянальнага значэньня № 2.
Што яшчэ вядома
Мастак-карыкатурыст Сямён Скрапецкі ў сваіх карцінах і пэрформансах крытыкаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а таксама Аляксандра Лукашэнку. Ён падтрымаў беларускія пратэсты, далучаўся да беларускіх акцыяў салідарнасьці ў Польшчы.
Беларускі мастак Уладзіслаў Бохан, які ведаў Сямёна Скрапецкага расказаў Свабодзе, што Сямёну рэгулярна дасылалі пагрозы.
«Ён быў ня тым чалавекам, які будзе скардзіцца на што-небудзь. У апошнія паўгоду, калі ён пачаў жорстка троліць і высьцёбваць кадыраўцаў, мне падаецца, яму былі штодзённа (пагрозы). Як правіла, гэта былі камэнтары ў інстаграме або на ютубе. Ён рабіў падборкі скрыншотаў. Гэта было ўжо нешта звыклае для яго. Ня ведаю, ці былі ў яго нейкія страхі на гэты конт. Мне падаецца, ён быў з тых людзей, якія мала чаго баяцца. Яго адрас неаднаразова зьлівалі ў сеткі. Хіба, трэба было падумаць пра тое, каб зьмяніць месца жыхарства», — расказаў Уладзіслаў Бохан.