Хроніка перасьледу 16 чэрвеня: СК уклаўся ў тры тыдні ў справе пяці «каліноўцаў»

Натальля Нікіціна, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Сьледчы камітэт Беларусі скончыў расьсьледаваньне крымінальнай справы пяці ўдзельнікаў «Палку Каліноўскага» — Мікалая Бойкі, Юрыя Макітава, Натальлі Нікіцінай, Крысьціны Станкевіч і Міхаіла Чупрынскага. Расьсьледаваньне праводзілася ў парадку спэцыяльнага вядзеньня — гэта значыць завочна.

Паводле ранейшых зьвестак «Вясны», сьледчыя дзеяньні пачаліся 25 траўня 2026 году, а цяпер справу ўжо перадалі Генэральнаму пракурору для накіраваньня ў суд.

«Расьсьледаваньне скончанае за тры тыдні», — падсумавалі праваабаронцы.

Паводле «Вясны», у абвінавачаньнях, выстаўленых «каліноўцам», фігуруюць 7 артыкулаў Крымінальнага Кодэксу. Гэта арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады), арт.361–1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні), арт. 361–3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу), арт. 361–4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), арт. 361–5 (праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці), арт. 290–5 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі).

Сярод асобаў, якіх вінаваціць СК, толькі Натальля Нікіціна знаходзіцца ў сьпісе былых палітвязьняў. Жанчыне 55 гадоў, яна працавала лекаркай-псыхатэрапэўткай. У 2022 годзе яе асудзілі на 1 год і 10 месяцаў паводле шэрагу артыкулаў, уключна з абразай Лукашэнкі. Адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4, выйшла на волю ў студзені 2023 году.

Дзеяньні, прадугледжаныя артыкулам 357 КК, які інкрымінаваны «каліноўцам», максымальна караюцца пажыцьцёвым зьняволеньнем або сьмяротнай карай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Клянуся вызваляць і бараніць». Заснавальнікі палку Каліноўскага ўпершыню расказалі, як ствараўся падразьдзел


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 9 сакавіка: вынесьлі завочныя прысуды 5 беларускім добраахвотнікам; міліцыянты прыйшлі да маці выдваранага журналіста