Завочныя прысуды беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне
У канцы студзеня ў Менскім гарадзкім судзе ў парадку спэцыяльнага вядзеньня пачалі разгляд крымінальнай справы супраць пяці беларускіх добраахвотнікаў палку Кастуся Каліноўскага: былога намесьніка камандзіра палку, а цяпер прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вадзіма Кабанчука, былога камандзіра Паўла Шурмея, ваяра Аляксея Кавальчука, інструктара Аляксея Назарава і былога камандзіра Дзяніса Прохарава.
5 сакавіка іх прызналі вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі». Фігурантам справы прызначылі пазбаўленьне волі тэрмінам ад 12 да 20 гадоў, а таксама буйныя штрафы, даведалася «Вясна».
У Беларусі полк Каліноўскага прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй». «Тэрарыстычнымі» або «экстрэмісцкімі» арганізацыямі рэжым Лукашэнкі называе ўжо сотні розных людзей і арганізацыяў, якія крытыкуюць яго, выступаюць супраць ягонай палітыкі і вядуць незалежную ад дзяржавы дзейнасьць. Асобнае змаганьне — супраць любой падтрымкі Ўкраіны.
Фігурантам справы прызначылі:
- Дзянісу Прохараву — 25 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых пяці гадоў у турме і штраф 700 базавых велічыняў (31 500 рублёў) паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або рыхтаваньне асобаў да такога ўдзелу»), ч. 1 і ч. 2 арт. 285 («стварэньне і ўдзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 1 і ч. 2 арт. 290-4 («стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 («рыхтаваньне да акту тэрарызму»), ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 («рыхтаваньне да наўмыснага прывядзеньня ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), ч. 3 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 4 арт. 309 («наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), ч. 2 арт. 290-5 («удзел у тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 357 («змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады»), ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцыяў або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бясьпекі»);
- Паўлу Шурмею — 25 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых пяці гадоў у турме і штраф 2000 базавых велічыняў (90 000 рублёў) паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 285, ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3, ч. 1 арт. 290-5, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, арт. 369-1 КК («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
- Вадзіму Кабанчуку — 25 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых пяці гадоў у турме і штраф 700 базавых велічыняў (31 500 руб.) паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3, ч. 1 арт. 285, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4, ч. 1 арт. 290-4, ч. 2 арт. 290-2 («вэрбаваньне і іншае ўцягваньне асобы ў тэрарыстычную дзейнасьць»), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 , ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309, ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 290-5 КК. Таксама Кабанчука пазбавілі вайсковага званьня «старшы лейтэнант запасу»;
- Аляксею Назараву — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 700 базавых велічыняў паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3, ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4, ч. 1 арт. 357, арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), ч. 2 арт. 290-5 КК;
- Аляксею Кавальчуку — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў паводле ч. 2 арт. 285, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4, ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі»), арт. 361-5 («праходжаньне навучаньня або іншага рыхтаваньня для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 2 арт. 290-5, ч. 1 арт. 357 КК.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году, сёньня чацьвёртыя ўгодкі яго стварэньня. «Каліноўцы» ваююць пад нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сьцягам і ставяць мэтаю вызваленьне Ўкраіны ад расейскіх захопнікаў.
Міліцыянты прыйшлі да маці выдваранага журналіста
У Віцебск увечары 8 сакавіка двое супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі дадому да маці былога палітвязьня і відэаапэратара Вячаслава Лазарава. Яны распытвалі жанчыну пра тое, дзе знаходзіцца яе сын. Пра гэта паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Паводле інфармацыі БАЖ, маці журналіста зьдзівілася пытаньням міліцыянтаў, бо Лазараў яшчэ ў верасьні 2025 года быў датэрмінова вызвалены з калёніі і гвалтоўна вывезены ў Літву.
«Казалі, што „усё зьмянілася“, што я магу вярнуцца ў Беларусь і „не баяцца“. Маўляў, неабходна проста прыехаць, уладкавацца на працу і стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю. Выглядала, нібыта я знарок ухіляюся ад таго, каб прыехаць дадому, дзе мяне ўсе чакаюць», — распавёў са словаў маці Вячаслаў Лазараў.
Лазараў адзначыў, што гэтае «запрашэньне» выглядала даволі выпадковым, бо міліцыянты, імаверна, ня ведалі, што ён знаходзіцца за межамі краіны не па ўласнай волі.
Форум