У Магілёўскай вобласьці правераць гатоўнасьць дзяржаўных органаў рэагаваць на тэрарызм

На аналягічных вучэньнях 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведамілі аб правядзеньні трохдзённых вучэньняў у Магілёўскай вобласьці для праверцы гатоўнасьці дзяржаўных органаў да ўзаемадзеяньняў і рэагаваньня на акты тэрарызму.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, вучэньні адбудуцца 16–18 чэрвеня.

У іх возьмуць удзел падразьдзелы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Сьледчага камітэту, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, іншых дзяржаўных органаў.

«Сцэнар вучэньняў прадугледжвае залучэньне вайсковай і іншай спэцыяльнай тэхнікі, узмоцнены кантроль і абмежаваньне дарожнага руху ў зоне правядзеньня вучэньняў», — адзначаецца ў паведамленьні.

КДБ заклікала грамадзян выконваць патрабаваньні сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады рыхтуюцца да новых пратэстаў? Што стаіць за вучэньнямі міліцыі па ўсёй Беларусі

Чаму гэта важна

У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году паняцьці «тэрарызму» і «экстрэмізму» сталі істотна адрозьнівацца ад агульнасусьветнай іх трактоўкі. У афіцыйны пералік фізычных асобаў і арганізацый, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці (сьпісы «тэрарыстаў») КДБ Беларусі ўключае на розных падставах, у тым ліку пры асуджэньні паводле 28 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Пры палітычных рэпрэсіях рэжым нярэдка ўжывае «зваротную сілу закону». Гэта значыць, грамадзян караюць за «правапарушэньні» і «злачынствы», якія такімі не зьяўляліся згодна з нормамі заканадаўства, якія дзейнічалі на момант зьдзяйсьненьня інкрымінаваных ім дзеяньняў (напрыклад, за падпіскі на інтэрнэт-СМІ або ахвяраваньні арганізацыям, якія на той момант не былі прызнаныя «экстрэмісцкімі»).

9 чэрвеня кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Васіль Герасімаў заявіў, што летась ведамства перадухіліла 100 злачынстваў, зьвязаных зь фінансаваньнем «тэрарызму і экстрэмізму».

«У працэсе супрацьпраўнай дзейнасьці зламысьнікі выкарыстоўвалі спэцыялізаванае праграмнае забесьпячэньне, тэхнічныя сродкі, рэсурсы сеткі інтэрнэт, а таксама тэхналёгію блокчэйн», — адзначыў Васіль Герасімаў, але ніякіх дэталяў аб фігурантах гэтых справаў прэсавая служба ведамства не паведаміла.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна без перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых ваенізаваных падразьдзелаў.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозе з боку Ўкраіны й іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычнай. Гэта ніводнага разу не было пацьверджана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім і прызнаў «уразьлівасьць» Беларусі перад Украінай. У Кіеве адрэагавалі