У Польшчы забілі вядомага расейскага карыкатурыста. Падазраваны спрабаваў схавацца ў беларускім консульстве

Сямён Скрапецкі

Трагедыя здарылася ў горадзе Белай Падляскай, дзе месьціцца беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва.

У панядзелак раніцай жыхары Белай Падляскай сталі сьведкамі жорсткага злачынства, якое адбылося ў жылым раёне. У сьветлую пару дня зламысьнік некалькі разоў стрэліў у іншага мужчыну. Неўзабаве мясцовыя мэдыя паведамілі, што забітаму было 44 гады і ён быў грамадзянінам Расеі. Крыху пазьней стала вядома, што ахвярай стаў Сямён Скрапецкі, расейскі мастак і праціўнік палітыкі Крамля, які даўно жыў за мяжой.

Здарэньне адбылося каля 10-й раніцы каля вуліцы Каралевы Ядвігі. Паводле відавочцаў, злачынца падышоў да мужчыны і адкрыў агонь зь невялікай адлегласьці. Нягледзячы на хуткую рэакцыю тэрміновых службаў, 44-гадовага мужчыну ўратаваць не ўдалося, піша bialanews.pl.

Пасьля забойства ўлады неадкладна пачалі інтэнсіўную пошукавую апэрацыю. Ува ўсім горадзе прывялі ў стан гатоўнасьці дадатковыя патрулі, а на асноўных выязных шляхах паставілі кантрольна-прапускныя пункты. Паліцыя таксама ахоўвала месцы, дзе маглі знаходзіцца блізкія да ахвяры людзі, у тым ліку навучальныя ўстановы, зьвязаныя зь сям’ёй ахвяры.

Сьледчыя не выключаюць, што да злачынства могуць мець дачыненьне некалькі чалавек. Аднаго з падазраваных у датычнасьці да злачынства затрымалі каля дыпляматычнай місіі Беларусі ў Белай Падляскай. Таксама ёсьць вэрсія, што затрыманы можа быць грамадзянінам Беларусі. Абставіны арышту выклікалі дадатковую цікавасьць у сьледчых, а ў інтэрнэце зьявіліся відэа, якія паказваюць момант яго арышту ўзброенымі супрацоўнікамі паліцыі.

Цяпер дапытваюць сьведак, зьбіраюць патрэбны для падрабязнага расьсьледаваньня матэрыял.

Кім быў Сямён Скрапецкі?

Мастак атрымаў славу як жывапісец, скульптар і аўтар інтэрнэт-публікацыяў, у якіх рэзка крытыкаваў сучасную Расею і яе палітычныя эліты. У сваіх працах ён дасьледаваў тэмы, зьвязаныя з аўтарытарызмам, хабарніцтвам і сацыяльным становішчам у краіне. З часам, як сьцьвярджалі ягоныя калегі, гэтая дзейнасьць прывяла да сур’ёзных праблемаў і прымусіла яго жыць за межамі Расеі.

Пасьля пачатку паўнамаўштабнай вайны ён публікаваў карыкатуру зь Сьцяпанам Бандэрам, які топча расейскіх вайскоўцаў-марадэраў. У 2023 годзе карыкатурыст удзельнічаў у мітынгах у Францыі.

Апошнія гады Сямён Скрапецкі жыў у выгнаньні, удзельнічаў у ініцыятывах падтрымкі расейскай апазыцыі. За некалькі дзён да гібелі ён, як паведамляюць, прысутнічаў на акцыях у Бэрліне, удзельнічаў у шэсьцях, прыцягваючы ўвагу да сытуацыі ва Ўкраіне і дзейнасьці расейскіх уладаў. Ён выступаў супраць падзяленьня Пуціна і расейцаў, паказваючы, што расейская апазыцыя не змагаецца супраць імпэрскіх амбіцыяў Расеі.

У сваім тэлеграм-канале Скрапецкі назваў акцыю расейскай апазыцыі «парадам цемрашальства» з прычыны суседзтва на бэрлінскім шэсьці расейскіх і ўкраінскіх сьцягоў.

Скрапецкаму ня раз пагражалі расправай пасьля ягоных малюнкаў і крытыкі ў бок Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Ён публікаваў гэтыя абразы ў свой бок ў тэлеграм-канале.

Роля Белай Падляскай

Гадамі Белая Падляская была адным зь месцаў прызначэньня для людзей, якія ўцякалі з краінаў былога Савецкага Саюзу ў пошуках бясьпекі. Вось чаму абставіны злачынства выклікалі такі ажыятаж як у Польшчы, так і сярод эмігрантаў.

Расьсьледаваньне праводзіць акруговая пракуратура ў Любліне ў супрацы зь іншымі дзяржаўнымі органамі. Паліцыя зьвяртаецца да ўсіх, хто знаходзіўся ў раёне вуліц Тэрэбельская і Каралевы Ядвігі раніцай 15 чэрвеня і мае запісы або іншую інфармацыю, якая магла б дапамагчы расьсьледаваньню, з просьбай зьвязацца з паліцыяй.

Ранейшыя напады на праціўнікаў Пуціна і Кадырава

Гэта ня першая ў краінах Эўразьвязу атака на тых, хто крытыкуе расейскія эліты. Напрыклад, у 2024 годзе напалі на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава, паплечніка памерлага ў расейскай калёніі Аляксея Навальнага.

У сакавіку 2024 году яго атакавалі каля дому ў Вільні: нападнік разьбіў шыбу ягонага аўтамабіля, распыліў газ і біў яго малатком. Волкаў атрымаў пералом рукі і іншыя траўмы. Літоўскія спэцслужбы тады заявілі, што напад, імаверна, зарганізавалі расейскія спэцслужбы. Пазьней у Польшчы затрымалі падазраваных у датычнасьці да нападу. Адным зь іх быў беларускі крымінальнік Віктар Павелка, якога да таго судзілі за махлярства.

Яшчэ адным замахам на жыцьцё праціўніка расейскіх уладаў быў напад на блогера Тумсо Абдурахманава. Чачэнец шмат гадоў вядзе відэаблог на Ютубе, дзе крытыкуе ў першую чаргу Рамзана Кадырава, якога называе «ганьбаю чачэнскага народу». У ягоную кватэру ў швэдзкім Еўле ў сьнежні 2020 году ўварваўся незнаёмец і спрабаваў забіць Абдурахманава. Нападніка затрымалі і пазьней асудзілі на 10 гадоў турмы.

Затым Тумсо зьнікаў на нейкі час з інфармацыйнай прасторы. Пазьней высьветлілася, што гэта частка апэрацыі, каб дапамагчы злавіць іншых нападнікаў, у 2022 годзе. І гэта ўдалося. Пазьней суд у Мюнхэне асудзіў на 10 гадоў грамадзяніна Расеі, які адправіўся на забойства Абдурахманава на асабісты загад Кадырава.

Дзейнасьць беларускіх спэцслужбаў

Пакуль няма пацьверджаных зьвестак пра тое, што забойства Сямёна Скрапецкага 15 чэрвеня 2026 году ў Белай Падляскай рэжысавалі расейскія спэцслужбы. Ніякай дакладнай інфармацыі няма й пра магчымую ролю ў справе беларускіх спэцслужбаў. Супрацоўнікі консульства маглі й не падазраваць, што адзін з магчымых удзельнікаў расправы над карыкатурыстам паспрабуе схавацца на яго тэрыторыі. Гэтыя абставіны будзе высьвятляць польская пракуратура.

Аднак спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі таксама дзейнічаюць за мяжою актыўна. Вялікі розгалас набыла, напрыклад, справа Васіля Верамейчыка — былога добраахвотніка ва Ўкраіне затрымалі ў Віетнаме на патрабаваньне беларускіх сілавікоў і пераправілі на радзіму. Усе абставіны той апэрацыі дагэтуль няясныя.

Акрамя таго, спэцслужбы Беларусі актыўна фіксуюць удзельнікаў пратэстаў супраць Лукашэнкі і за вольную Беларусь за мяжою, пагражаючы ўсім крымінальным перасьледам і запалохваючы іхных сваякоў.

Напрыклад, Свабода знайшла і паказала маладзёнаў, якіх за грошы нанялі для відэа- і фотафіксацыі ўдзельнікаў беларускага мітынгу на Дзень Волі ў Вільні. Тыя за невялікую суму выканалі заказ і затым у размовах з журналістамі спрабавалі адмаўляць, што ведалі, для каго працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новыя мэтады КДБ. Як спэцслужбы зараз вэрбуюць беларусаў і якім чынам гэтаму можна супрацьстаяць