Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні на паплечніка Навальнага Леаніда Волкава напалі з малатком. Ён абвінаваціў Пуціна ў арганізацыі нападу


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Леанід Волкаў падчас выступу ў Эўрапарлямэнце ў Страсбургу, 14 сьнежня 2021 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Леанід Волкаў падчас выступу ў Эўрапарлямэнце ў Страсбургу, 14 сьнежня 2021 году

Увечары 12 сакавіка ў Вільні невядомыя напалі з малатком на найбліжэйшага паплечніка Аляксея Навальнага, былога дырэктара Фонду барацьбы з карупцыяй Леаніда Волкава. Напад адбыўся каля яго дому, паведамляе «Настоящее время».

Паводле прэс-сакратаркі ФБК Кіры Ярмыш, невядомы разьбіў акно ў машыне Волкава і распыліў яму ў вочы сьлезацечны газ. Пасьля гэтага нападнік ударыў паплечніка Навальнага малатком. У камэнтары «Агенцтву» Ярмыш удакладніла, што Волкаў адбіваўся ад нападнікаў «дзьвярыма машыны і нагамі». «Таму білі, куды трапілі, — па нагах», — адзначыла яна.

У тэлеграм-канале каманды Навальнага зьявіліся фота пацярпелага Леаніда Волкава. На здымках бачныя траўмы галавы і нага ў крыві.

Пазьней Леанід Волкаў паведаміў, што вярнуўся з шпіталя дадому. У яго пералом рукі.

«Зь мяне хацелі зрабіць адбіўную. Натуральна. Малатком для адбіўных. Чалавек проста ля дому ў двары напаў на мяне, — кажа Волкаў у відэапаведамленьні. — Разоў пятнаццаць ударыў па назе. Нага пры гэтым чамусьці засталася цэлая. Хадзіць балюча, але кажуць, што пералому няма. Зламаў затое руку».

Напад адбыўся каля дому, у якім жыве Волкаў. Паліцыя гораду пацьвердзіла факт нападу, у паведамленьні прозьвішча Волкава не названае, але пазначана, што напалі на грамадзяніна Расеі. Пакуль паліцыя пра вэрсіі здарэньня не паведамляе.

Волкаў абвінаваціў Пуціна у арганізацыі нападу. Такую ж думку выказаў прэзыдэнт Літвы

«Гэта было такое відавочнае, тыповае, характэрнае бандыцкае прывітаньне ад Пуціна, з бандыцкага Пецярбургу», — заявіў Леанід Волкаў і дадаў, што каманда Навальнага «будзе працаваць далей і ня здасца».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што напад у Літве на Леаніда Волкава «відавочна быў загадзя сплянаваным і зьвязаны зь іншымі правакацыямі супраць балтыйскай нацыі», піша Reuters. Зьвяртаючыся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, Наўседа сказаў:

«Я магу сказаць Пуціну толькі адно – вас тут ніхто не баіцца».

На напад адрэагаваў і кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс:

«Паведамленьні пра напад на Леаніда шакуюць. Адпаведныя органы прыступілі да працы. Вінаватыя павінны будуць адказаць за сваё злачынства», — напісаў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства.

У Маскве пакуль не камэнтавалі інцыдэнт.

Напярэдадні галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Расеі паплечнікі Аляксея Навальнага, які загінуў у калёніі «Палярны воўк» на Ямале, аб’явілі пра рыхтаваньне акцыі пратэсту «Поўдзень супраць Пуціна». Каманда апазыцыянэра заклікала прыходзіць на выбарчыя ўчасткі апоўдні 17 сакавіка. Леанід Волкаў, расказваючы пра акцыю «Поўдзень супраць Пуціна», назваў удзел у ёй «палітычным тастамэнтам Аляксея Навальнага».

«Вы можаце прагаласаваць за любога кандыдата, акрамя Пуціна. Вы можаце сапсаваць бюлетэнь. Вы можаце напісаць на ім буйнымі літарамі: „Навальны“», — расказвала пра акцыю ўдава Навальнага Юлія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG