Кніга «Каляністы» завершаная, паінфармаваў у сваім фэйсбуку Максім Знак.
«Яна ці то адноўленая, ці то напісаная нанова — напэўна, і тое, і другое. Гэта нібы працяг „Зэкамэрону“… калі ў зборніка кароткіх гісторый пра розных людзей без адзінага сюжэту наогул можа быць працяг. Толькі цяпер падзеі адбываюцца не ў СІЗА, а ў Выпраўленчай калёніі — бо дзе ж яшчэ быць каляністам?» — піша аўтар.
У кнізе будзе роўна 72 гісторыі.
«Цікава, колькі людзей здагадаюцца, чаму менавіта 72, а ня 100, як у „Зэкамэроне“», — піша Знак.
Папярэдняя кніга
Раней шырока вядомай стала кніга Максіма Знака «Зэкамэрон». Кніга «Зэкамэрон» — гэта сто навэляў пра турэмны побыт, напісаных Знакам у зьняволеньні як сродак захаваньня годнасьці і розуму.
Пакуль аўтар быў у ізаляцыі, гэтыя тэксты сталі асновай для пастаноўкі «Вольных Купалаўцаў». У сьнежні 2025 году Максім упершыню змог убачыць сваіх герояў з залі як вольны чалавек. У спэктаклі паводле кнігі гралі акторы Алег Гарбуз, Уладзімер Пугач, Сяргей Чуб. Рэжысэр пастаноўкі — Войцэх Урбаньскі.
Хто такі Максім Знак
Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.