Вось што пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» сказаў праваслаўны сьвятар Канстантынопальскага патрыярхату Аляксандар Кухта.
«Я ня думаю, што менавіта гэты сёньняшні ўдар быў учынены наўмысна, Але гэта ня так важна, бо тут трэба разумець, што Расея на працягу ўсёй гэтай вайны спрабуе выкарыстоўваць царкоўную тэму, каб апраўдаць сваё ўварваньне. І амаль штодзённа мы чуем ад Z-сьвятароў у Расеі, ад патрыярха Кірыла, ад розных расейскіх сьпікераў, афіцыйных ці ня вельмі, што адна з тэмаў уварваньня — гэта абарона. І якая гэта абарона, мы пабачылі менавіта сёньня».
Аляксандар Кухта падкрэсьлівае, што ўжо ня першы раз снарады, «Шахеды» ці ракеты трапляюць у цэрквы ва Ўкраіне. Ён кажа, што паводле падлікаў праекту «Христиане против войны», які робяць беларусы, за час вайны было забіта амаль 90 украінскіх сьвятароў.
«Ня ўсе зь іх загінулі толькі праз тое, што недзе прыляцеў „Шахед“ ці ракета. Некаторыя загінулі ў расейскім палоне. Бо расейскія войскі, калі заходзяць на новую тэрыторыю і калі там ёсьць сьвятар, яму ставяць умову — ці ты падпарадкоўваесься патрыярху Кірылу і пачынаеш яго любіць, памінаць і ўсё такое, ці мы цябе саджаем „на падвал“.
З апошняга — сьвятар атрымаў каля 14 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што адмовіўся памінаць патрыярха Кірыла. Вось такая ў іх абарона рэлігіі. Гэта рэлігія імені Пуціна, імені бога вайны, якога яны самі сабе прыдумалі і рэлігія імені гвалту і забойстваў.
Сёньняшні ўдар — гэта проста яшчэ адна ахвяра, якая была прынесена ў гонар гэтай новай сучаснай рэлігіі, якая пануе на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі».