Паводле папярэдніх лічбаў, апублікаваных фэдэральным швайцарскім урадам, супраць прапановы выказаліся 53% удзельнікаў галасаваньня, паведамляе Associated Press. Аднак зь некаторых кантонаў яшчэ няма афіцыйных вынікаў. Яўка на рэфэрэндуме перавысіла 57%.
Ініцыятыву вылучыла найбуйнейшая ў краіне кансэрватыўная Швайцарская народная партыя. Яна прапаноўвала не дапусьціць перавышэньня колькасьці насельніцтва 10 мільёнаў чалавек да 2050 году. Паводле прапановы, калі б гэты парог быў перавышаны на працягу двух гадоў, улады павінны былі б скасаваць пагадненьне аб свабодзе перамяшчэньня з Эўразьвязам.
Прыхільнікі ініцыятывы казалі, што рост насельніцтва ўзмацняе нагрузку на інфраструктуру і рынак жыльля. Праціўнікі папярэджвалі, што абмежаваньні могуць нашкодзіць эканоміцы і ўскладніць адносіны Швайцарыі з ЭЗ.
Урад і парлямэнт краіны выступалі супраць прапановы, але рэфэрэндум быў прызначаны пасьля таго, як адпаведную пэтыцыю падпісалі больш за 100 тысяч грамадзян.
Швайцарыя і Беларусь цяпер прыкладна роўныя па насельніцтве. Але зьмены ідуць у розныя бакі
На канец 2025 году насельніцтва Швайцарыі складала крыху больш за дзевяць мільёнаў чалавек. Згодна з прагнозам Фэдэральнага статыстычнага ўпраўленьня, да 2055 году яно можа вырасьці да 10,5 мільёнаў галоўным чынам за кошт міграцыі.
Для параўнаньня, у 1995 годзе насельніцтва Швайцарыі было крыху большае за 7 мільёнаў чалавек.
Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 году склала 9 мільёнаў 56 тысяч. На аналягічную дату 1995 году гэтая лічба была 10 мільёнаў 210 тысяч. Калі давяраць зьвесткам Нацыянальнага статыстычнага камітэту, дык падзеньне склала 11,3%.
Пры гэтым варта заўважыць, што зьвесткі Белстату могуць ня ўлічваць масавай эміграцыі людзей зь Беларусі з палітычных і эканамічных матываў. Такі адток працягваецца з 2020 году.