У Вільні зноў абвяшчалі паветраную трывогу і спынялі дзейнасьць аэрапорту. Што вядома

Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 13 чэрвеня жыхары Вільні атрымалі «жоўтае» папярэджаньн аб паветранай небясьпецы і заклікалі перайсьці ў бясьпечныя месцы.

Згодна з паведамленьнем Узброеных сіл Літвы, прычынай трывогі стаў радыёлякацыйны сыгналу з прыкметамі, характэрнымі для бесьпілётных лятальных апаратаў.

У паветра падымалі зьнішчальнікі місіі NATO.

Віленскі аэрапорт паведаміў аб спыненьні сваёй працы, хоць у момант абвяшчэньня трывогі сама меней адзін пасажырскі самалёт заходзіў на пасадку.

Трывога доўжылася прыблізна паўгадзіны.

Як пазьней паведаміла выданьне LRT, трывогу скасавалі неўзабаве пасьля таго, як высьветлілася, што на тэрыторыю Літвы з боку Беларусі заляцеў чарговы кантрабандны балён.

«Аб’ект быў ідэнтыфікаваны як, хутчэй за ўсё, паветраны балён, не бесьпілётнік, таму жыхарам адправілі паведамленьне, што папярэджаньне аб небясьпецы скасавана. Аднак рэкамэндуецца захоўваць пільнасьць, бо могуць зьявіцца іншыя падобныя абʼекты», — працытавала выданьне Вільмантаса Віткаўскаса, кіраўніка Нацыянальнага цэнтра кіраваньня крызісамі.

Паводле яго, назіраўся толькі адзін абʼект, і яго пачатковыя парамэтры адпавядалі характарыстыкам бесьпілётніка, таму і задзейнічалі адпаведныя сілы, якія пры неабходнасьці маглі б нэўтралізаваць абʼект.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі і Літве абвяшчалі паветраную трывогу праз пагрозу дронаў. У Брусэлі заявілі, што Расея і Беларусь «нясуць адказнасьць»

Чаму гэта важна

З пачатку актыўнага выкарыстаньня дронаў абодвума бакамі вайны пабольшала інцыдэнтаў, зьвязаных з прылётам бесьпілётнікаў — расейскіх і ўкраінскіх — у суседнія эўрапейскія краіны.

За апошнія два гады такія выпадкі фіксавалі ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Фінляндыі, Румыніі й Малдове.

Пэрыядычна зьяўляюцца зьвесткі аб парушэньні дронамі паветранай прасторы Беларусі, але ўлады прыхоўваюць інфармацыю аб такіх інцыдэнтах. За ўвесь час вайны прадстаўнікі сілавых органаў усяго некалькі разоў паведамлялі аб агульнай колькасьці бесьпілётнікаў, якія трапілі на беларускую тэрыторыю. Аляксандар Лукашэнка ў пачатку 2026 году прызнаў, што сыстэма абароны Беларусі прапускае чужыя бесьпілётнікі, і выказаў сумнеў, ці здольныя такія сыстэмы зьліквідаваць пагрозу ў 100% выпадкаў. Тады ж стала вядома, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод атачылі сыстэмамі проціпаветранай абароны.

Сёлета ў красавіку начальнік управы камунікацыяў камандаваньня Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат заявіў, што расейскія войскі для забесьпячэньня пралёту сваіх ударных бесьпілётнікаў выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі, а таксама тэрыторыю Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя і Румыніі.

2 траўня адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў паведамляў аб запуску зь Беларусі дронаў. Тады ж у Беларусі нібыта паднялі ў паветра некалькі верталётаў, якія пэўны час ляталі прыблізна за 5 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

Трэцяга траўня расейскі дрон пасьля ўзьдзеяньня сродкаў супрацьпаветранай абароны Ўкраіны заляцеў у Беларусь з боку Чарнігаўскай вобласьці.

Згодна з інфармацыяй яшчэ аднаго ўкраінскага каналу, 2 траўня з тэрыторыі Беларусі запусьцілі паветраны балён у кірунку Жытомірскай вобласьці, а ў чарнобыльскую зону з тэрыторыі Беларусі заляцеў адзін расейскі дрон.

Некалькі такіх інцыдэнтаў адбылося і ў красавіку.

Раней стала вядома, што Расея ў другой палове 2025 году разьмясьціла на тэрыторыі Беларусі сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі бесьпілётнікамі, якімі расейскія войскі атакуюць Украіну.

У пачатку чэвреня зьнішчальнікі NATO упершыню зьбілі бесьпілётнік у паветранай прасторы Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьнішчальнікі NATO упершыню зьбілі бесьпілётнік у паветранай прасторы Латвіі. Што вядома