Маск стаў першым у сьвеце трыльянэрам

Заснавальнік, генэральны дырэктар, старшыня рады дырэктараў і галоўны інжынэр SpaceX Ілан Маск выступае празь відэасувязь у дзень першаснага публічнага разьмяшчэньня акцыяў SpaceX на пляцоўцы Nasdaq MarketSite ў Нью-Ёрку, ЗША, 12 чэрвеня 2026 году

SpaceX разьмясьціла сёньня на біржы 555 мільёнаў акцыяў па 135 даляраў. За дзень цана акцыі вырасла да 175 даляраў, а рынкавы кошт SpaceX стаў большым за 2 трыльёны даляраў, перадае AFP.

Уладальнік жа кампаніі Ілан Маск стаў першым у сьвеце трыльянэрам.

Паводле Bloomberg, попыт на акцыі больш як у чатыры разы перавысіў прапанову.

Чакаецца, што таргі акцыямі SpaceX зробяць тысячы людзей мільянэрамі, а некаторых нават мільярдэрамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа рымскі папярэдзіў аб вялікіх праблемах з-за імклівага росту багацьця бізнэс-эліты

Летась у верасьні Папа Леў XIV асудзіў рост эканамічнай няроўнасьці і рэкордныя даходы бізнэс-эліты, прывёўшы Ілана Маска як трывожны прыклад.

«Учора зьявілася навіна, што Ілан Маск стане першым трыльянэрам у сьвеце. Што гэта значыць і пра што ідзе гаворка? Калі гэта адзінае, што яшчэ мае каштоўнасьць, то ў нас вялікія праблемы», — сказаў пантыфік.

Папа адзначыў, што калі раней кіраўнікі кампаніяў зараблялі ў 4-6 разоў больш за шэраговых супрацоўнікаў, то сёньня — у сотні разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галава МЗС Польшчы Сікорскі паслаў Ілана Маска «на Марс»

Ілан Маск — сузаснавальнік або інвэстар кампаніяў SpaceX, Tesla, Neuralink, X.com і іншых. Ён ураджэнец Паўднёвай Афрыкі, жыве і працуе ў Злучаных Штатах (мае паўднёваафрыканскае, канадзкае і амэрыканскае грамадзянствы). У студзені 2021 году яго назваў найбагацейшым чалавекам у сьвеце часопіс Forbes.

  • У кастрычніку 2022 году Маск набыў плятформу мікраблогаў Twitter за 44 мільярды даляраў. Камэнтуючы куплю, бізнэсовец заявіў, што мае намер перабудаваць стратную кампанію. Пазьней Маск абвясьціў аб стварэньні супэраплікацыі X. У красавіку 2023 году Twitter быў паглынуты кампаніяй X Corp., сацыяльная сетка афіцыйна зьмяніла назву на X.
  • На выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2024 годзе Маск падтрымаў Дональда Трампа, у тым ліку грашыма. Пазьней Трамп прызначыў яго кіраўніком новастворанага Дэпартамэнту дзяржаўнай эфэктыўнасьці (DOGE). DOGE правёў значныя скарачэньні ў фэдэральных ведамствах ЗША, але гэтыя рашэньні сталі прадметам спрэчак у судах. У траўні 2025 году Маск пакінуў адміністрацыю Трампа. А ў чэрвені публічна раскрытыкаваў падатковы закон Трампа і атрымаў порцыю крытыкі ў адказ. У верасьні Маск і Трамп прымірыліся. У лістападзе DOGE спыніў існаваньне.
  • Цяпер кампаніі Маска займаюцца інавацыямі ў аўтамабільнай прамысловасьці, касьмічных тэхналёгіях, штучным інтэлекце і нэўратэхналёгіях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Катастрофа на франтах». Праз страту доступу да Starlink зьменшылася колькасьць расейскіх штурмаў