Расея можа адносна хутка зрабіць ваенныя «крокі» супраць краін NATO, калі Крэмль палічыць момант спрыяльным, папярэдзіў у пятніцу абаронны камітэт парлямэнту Швэцыі, перадае AFP.
«Нельга выключаць узброенага нападу на Швэцыю або нашых саюзьнікаў», — гаворыцца ў справаздачы камітэту.
«Расейскія ваенныя дзеяньні — напрыклад, для праверкі згуртаванасьці NATO і надзейнасьці 5-га артыкулу, могуць адбыцца ў адносна блізкай будучыні, калі Крэмль палічыць палітычную сытуацыю спрыяльнай», — гаворыцца ў справаздачы камітэту.
Прычым Расея можа напасьці нават ня маючы для гэтага дастатковай ваеннай сілы, адзначаецца ў справаздачы.
«Мы можам канстатаваць, што сытуацыя ў сфэры палітыкі бясьпекі застаецца сур’ёзнай і характарызуецца значнай нявызначанасьцю. Існуе рызыка хуткага пагаршэньня з сур’ёзнымі наступствамі для бясьпекі Швэцыі і Эўропы», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камітэту Ёргэн Бэрглунд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея стварае пляцоўкі для запуску баявых бесьпілётнікаў каля межаў Беларусі. Паказваем, дзеУ траўні галоўны вайсковы камандзір Швэцыі Мікаэль Кляэсан таксама папярэджваў, што Расея можа праверыць рашучасьць NATO.
«Яны ведаюць, што ўвесь заходні сьвет узбройваецца. Таму я пытаюся ў сябе: навошта ім чакаць, калі яны бачаць слабыя месцы, якімі можна скарыстацца?» — сказаў ён грамадзкаму вяшчальніку SVT.
У справаздачы таксама гаворыцца, што Злучаныя Штаты маюць «вырашальнае значэньне для бясьпекі і дабрабыту Швэцыі і Эўропы». Аднак у ёй жа і падкрэсьліваецца, што «адносіны Эўропы са Злучанымі Штатамі зьмяняюцца», бо пры прэзыдэнту Дональду Трампу амэрыканская «замежная палітыка і палітыка бясьпекі істотна трансфармаваліся».
Швэцыя два стагодзьдзі трымалася вайсковага нэўтралітэту, але ў 2024 годзе далучылася да NATO, прычынай чаго стала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022-м.