Апошнімі днямі тысячы людзей у сацыяльных сетках дзякавалі Максу Каржу за шчодры данат для ўкраінскай арміі. Нібыта ён перавёў ёй грошы, заробленыя на канцэрце ў Стамбуле. Але гэта толькі жарт.
Некаторыя допісы на гэтую тэму гучаць надзвычай сур’ёзна і пераканаўча, а часам нават суправаджаюцца згенэраванымі фатаздымкамі. Усё гэта ператварылася ў масавы флэшмоб. Да яго падключыліся ўжо і беларусы, якія пішуць, што Корж падтрымаў розныя замежныя ініцыятывы беларусаў за мяжой. Гэты саркастычны флэшмоб узьнік не на пустым месцы. Пачынаючы з масавых пратэстаў 2020 году, у Беларусі Макса Каржа часта крытыкуюць за недастаткова выразную пазыцыю наконт як беларускіх падзеяў, так і вайны ва Ўкраіне.
У эфіры праграмы «ПіК Свабоды. Вынікі тыдня» мы спыталіся ў музычнага журналіста і аўтара «Міністэрства сэпультуры» Аляксандра Чарнуху, ці павесяліў яго гэты флэшмоб?
Чарнуха: Я не лічу гэты флэшмоб забаўным, ён проста ёсьць. Нейкага жарту ў гэтым не адчуваецца, а вось злосьці там шмат. І злосьць там для мяне не заўсёды вытлумачальная. Корж быў і застаецца незалежным артыстам, якога хочуць перацягнуць на свой бок, каб ён крэсьліў сваю пазыцыю так, як яны гэтага хочуць. Ня ўсе людзі гатовыя гэта рабіць, тым больш, што Корж займае антываенную пазыцыю і на кожным канцэрце пра гэта кажа. Калі камусьці недастаткова фразы «Спыні вайну», то гэта іх праблема.
Яшчэ 24 лютага 2022 году сьпявак адназначна асудзіў поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. І ўкраінцы, якія наведваюць яго канцэрты, ведаюць гэта, памятаюць і ўдзячныя за гэта музыку. Тады чаму гэта задавальняе ня ўсіх?
Чарнуха: Не хапае акурат акрэсьленай пазыцыі. Маўляў, Пуцін злачынец. То бок трэба называць імёны, прозьвішчы, асуджаць Расею і гэтак далей. Ён гэтага не робіць. Я не магу залезьці яму ў галаву і прачытаць, чаму ён гэтага не робіць. Нехта ў фразе «Спыні вайну» бачыць акурат расейскія наратывы. Тут я не настолькі моцны культуроляг, каб разгледзець за гэтым акурат расейскія наратывы. Для мяне гэта проста агульначалавечы наратыў, агульначалавечая фраза: «Спыні вайну». Яна можа быць адрасавана як і кожнаму з наведвальнікаў канцэрта Каржа, каб проста яны зразумелі, што ваяваць гэта дрэнна, не бралі ў рукі зброю, каб сябравалі паміж сабой. Гэта мне падаецца ўжо шмат у гэтых абставінах, калі мы проста патанаем у нянавісьці і натуральна гэта проста мэсэдж у нейкія будучыя пакаленьні. Наколькі гэта эфэктыўна, я таксама судзіць не бяруся, таму што гэта не мая справа.
Каржа папракаюць таксама ў тым, што ён на сваіх канцэртах адраджае новы савецкі саюз, калі людзі пад сьцягамі былых рэспублік супольна бавяцца і размаўляюць на адной мове. Гучаць нават абвінавачаньне, што ён такім чынам размывае ідэнтычнасьці. Чарнуха з гэтым ня згодны.
Чарнуха: Мне падаецца гэта вельмі сьмешным, таму што, калі б ён хацеў размыць гэтую ідэнтычнасьць, ён бы, напэўна, для сваіх фанатаў распрацаваў нейкі агульны сьцяг, пад якім яны б усе разам там скакалі на яго канцэртах, а не прыносілі сьцягі сваіх краін. Гаворка пра акурат нейкае сяброўства паміж дзяржавамі. Ці магчымае яно цяпер? Я ўпэўнены. Але ён прыкладае нейкія намаганьні, каб гэта здарылася ў будучыні. Ці ёсьць у гэтым нешта дрэннае? На мой погляд, не. Натуральна, зараз мы ў вельмі складанай сытуацыі, калі гэтае сяброўства проста выглядае нейкім утапічным. Але, калі ён нешта зробіць для таго, каб у будучыні гэта адбылося і каб людзі проста зразумелі: «Ты такі ж, як я. Я не вышэй за цябе, таму што я вось пад гэтым сьцягам. А ты не вышэй за мяне, таму што вось ты пад гэтым сьцягам». Гэта будзе ўжо супэрклясная гісторыя.