На новым заводзе хочуць выпускаць камунальную, сельскагаспадарчую і будаўнічую тэхніку, паведаміла прэс-служба кампаніі «Амкадор».
Новае прадпрыемства ў Стаўрапольскім краі стала цэнтральным пунктам абмеркаваньня на сустрэчы мясцовых уладаў зь беларускай дэлегацыяй.
Беларускаму боку ўжо прапанавалі пад праект некалькі варыянтаў зямельных участкаў у Стаўрапалі і Шпакаўскай акрузе. Падпісаць канчатковае пагадненьне аб будаўніцтве вытворчасьці плянуюць у жніўні 2026 году, а пачаць рэалізацыю праекту — з 2027 году.
Летась СМІ ўжо пісалі, што «Амкадор» плянуе запусьціць у Стаўрапольскім краі вытворчасьць камплектацыі для спэцыялістычнай тэхнікі.
Нядаўна беларускія актывы кампаніі перайшлі пад кантроль дзяржавы. Раней кантрольны пакет акцыяў належаў структурам Аляксандра Шакуціна. Затым ва ўладальніка зьявіліся праблемы зь дзяржавай, хоць раней Шакуцін уваходзіў у пералік найбольш блізкіх да Лукашэнкі прадпрымальнікаў.
У ліку прычынаў зьмены ўласнасьніка — буйны інвэстыцыйны крэдыт, які ўладальнікі аб’яднаньня бралі на разьвіцьцё прадпрыемстваў і не змаглі вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны. У канцы чэрвеня 2025 году Аляксандар Лукашэнка пасадзіў міністра прамысловасьці Аляксандра Яфімава ў крэсла гендырэктара холдынгу. Яфімаў раней ужо працаваў на гэтым прадпрыемстве.
Сёньня ў структуру холдынгу ўваходзяць 29 юрыдычных асобаў у Беларусі, Расеі, Казахстане. У Расеі рэалізоўвалі буйныя праекты аб’яднаньня, напрыклад, у 2023 годзе «Амкадор» адкрыў свой завод ва Ўфе. Пасьля таго ў «Амкадору» меў ужо пяць вытворчых пляцовак у Расеі: акрамя Уфы, яны разьмешчаныя ў Ліпецку, Бранску, Петразаводску і Гатчыне.
Пазьней зьявілася інфармацыя, што аб’яднаньне разглядае інвэстыцыйны праект выпуску сваёй тэхнікі ў Омскай вобласьці.
Якія могуць быць засьцярогі?
Ва ўмовах санкцый, уведзеных Эўразьвязам, Злучанымі Штатамі, Канадай, Новай Зэляндыяй, Ліхтэнштайнам, Швайцарыяй і іншымі краінамі Расея ня мае вялікага выбару сярод ахвотных будаваць заводы, у тым ліку спэцтэхнікі, на яе тэрыторыі. «Амкадор» — кампанія, якая даўно на расейскім рынку і зарэкамэндавала сябе як партнэра.
Праблемы могуць паўстаць у выпадку новых зьменаў на групе прадпрыемстваў, у кіраўніцтве і ягоных зносінах з уладамі Беларусі.
Пры гэтым ня ўсе папярэднія праекты «Амкадору» былі пасьпяховымі, і нават ня ўсе былі скончанымі. Напрыклад, холдынг будаваў завод зборкі тэхнікі ў Вэнэсуэле, зь якой свайго часу шчыльна кантактаваў Лукашэнка. Аднак тое прадпрыемства ўвайшло ў доўгі сьпіс праектаў у гэтай лацінаамэрыканскай краіне, якія або засталіся на паперы, або скончыліся правалам. Вэнэсуэльскі завод «Амкадор» ператварыўся ў даўгабуд: з 30 пастаўленых машынакамплектаў сабралі толькі 24 адзінкі тэхнікі, а прадалі ўсяго тры.
Акрамя таго, не ўсяляе даверу й фінансавае становішча гіганта прамысловасьці. У 2025 годзе Міністэрства прамысловасьці прызнала, што «Амкадор» ёсьць у немалым пераліку беларускіх прадпрыемстваў, якія дапусьцілі чыстыя страты.
Стратныя прадпрыемствы, як вядома, пры рэжыме Лукашэнкі актыўна субсыдуюцца ўладамі. Але датацыі дзяржавы з кішэні падаткаплатнікаў дазваляюць утрымаць штат на прадпрыемстве і цыкль ягонай працы, але мала стымулююць зьмяняць падыходы ў працы і пашыраць дыяпазон дзейнасьці, як прадукцыйны, так і геаграфічны.