Беларуская кампазытарка і арганістка Вольга Падгайская, якая цяпер жыве і працуе ў Варшаве, выдала новы студыйны альбом «Organ Works».
Кружэлка выйшла ў Польшчы на студыі Opus-series.com.
Паводле аўтаркі, гэты альбом — глыбока асабістая і інтымная гісторыя пра жыцьцё ў часы татальнай нявызначанасьці, трывогі і грамадзкага напружаньня.
Кожны твор на кружэлцы ствараўся як рэакцыя на сучасныя выклікі — унутраны страх, гнятлівую цішыню, вострую патрэбу ў чалавечай блізкасьці і, нягледзячы ні на што, пошук сьвятла, расказаў музычны выдаўца Лукаш Паўлак. Гэта спроба зафіксаваць унікальныя чалавечыя эмоцыі і калектыўны досьвед апошніх гадоў, перакладзеныя на мову музычных гукаў.
Цэнтральную ролю ў альбоме арганісткі грае ейны інструмэнт. У альбом увайшлі дзевяць твораў. Яго ўжо можна слухаць і ў сеціве.
Хто такая Вольга Падгайская?
Беларуская кампазытарска і арганістка Вольга Падгайская нарадзілася ў Казахстане, у падлеткавым узросьце пераехала ў Беларусь, у Ліду. Скончыла Лідзкую музычную вучэльню і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, засталася працаваць у Менску.
Яшчэ ў 2016-м годзе стала ляўрэаткай прэміі «GaudePolonia» польскага Міністэрства культуры, а празь некалькі гадоў выехала ў гэтую краіну, дзе працягнула дзейнасьць выкладчыцы і арганісткі.
Увосень 2023 году ў Лёндане ў будынку Барбікан-тэатру адбылася ўсясьветная прэм’ера опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча. Опэру Вольга Падгайская напісала для беларускага Свабоднага тэтру.
У 2024 годзе кампазытарка атрымала Беларускую прэмію кінакрытыкаў «Чырвоны верас» у намінацыі «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазытара (кі) і/ці гукарэжысэра (кі)» за фільм «Галасы. Дзе мой край».
У траўні 2026 году Падгайская была ўдзельніцай беларускага праекту Official. Unofficial. Belarus на Вэнэцыянскім біенале.
Прыклад Вольгі Падгайскай — адзін з тых, які сьведчыць пра тое, што шэраг беларускіх творцаў не разгубіўся, ня страціў сябе і знайшоў шляхі разьвіцьця нават пасьля вымушанай эміграцыі.